Вы тут

Прайшоў рабочы ланч, прысвечаны гендарным пытанням


Рабочы ланч, прысвечаны гендарным пытанням, прайшоў падчас трэцяга дня 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Усім прысутным прапанавалі абмеркаваць, якія канкрэтныя крокі могуць быць зроблены ў справе садзейнічання лідарству жанчын у палітычных працэсах і структурах.


Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Беларускага саюза жанчын Мар'яна ШЧОТКІНА адзначыла, што дасягненне гендарнай роўнасці — гэта пятая цэль ААН у галіне ўстойлівага развіцця. І Беларусь разам з АБСЕ зладжана працуе па гэтым напрамку. У краіне дзейнічае план, зацверджаны Саветам Міністраў, па дасягненні гендарнай роўнасці, разлічаны да 2020 года. Летась упершыню быў прыняты план па правах чалавека, дзе таксама ўключаны пэўныя пункты па гэтым пытанні.

"Праблемы, якія існуюць абсалютна ва ўсіх краінах, — гэта прафесійная сегрэгацыя, разрыў у аплаце працы", — падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. У Беларусі разрыў складае каля 23%. Пры гэтым доля жанчын у парламенце звыш 33%, сярод дзяржаўных служачых — да 70%, кіраўнікоў — каля 55%, у судзебнай уладзе — 65%.

У гэтым вялікая роля парламентарыяў, таму што заканадаўства павінна ўлічваць гендарныя аспекты. Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што мэта жаночага руху — гэта заўсёды мір, стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін МУТАНЕН, дарэчы, першая жанчына, якая заняла гэтую пасаду. Яна лічыць, што ў Беларусі жывуць і працуюць вельмі моцныя жанчыны. "Нам усім неабходны баланс паміж мужчынамі і жанчынамі ва ўладзе. І мы сабраліся тут, каб абмеркаваць, як нам прыйсці да яго", — адзначыла Крысцін Мутанен. На яе думку, нягледзячы на розныя сітуацыі ў дзяржавах, жанчыны пакутуюць больш за ўсіх. Існуюць роўныя магчымасці ў адукацыі і працаўладкаванні, але ёсць "шкляная столь", вышэй за якую жанчына падняцца не можа. Менавіта таму неабходна працаваць разам, каб жанчыны знаходзіліся за сталом перагавораў і мелі магчымасць сказаць сваё слова. Крысцін Мутанен сказала, што ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ таксама імкнуцца да гендарнага балансу, але пакуль яго цалкам дасягнуць не атрымалася.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына КАСЦЕВІЧ звярнула ўвагу на тое, што ў рэспубліцы сёння дзейнічае Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы. Дарэчы, у Беларусі 53% насельніцтва — жанчыны.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жанчыны каля стырна палітыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.