Вы тут

На сесіі ПА АБСЕ разгледжаны пытанні дэмакратыі і правоў чалавека


Учора падчас работы 26-й летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ўдзельнікі разглядалі пытанні, прысвечаныя дэмакратыі і правам чалавека, эканоміцы, навуцы, тэхналогіям, а таксама аспектам бяспекі і стану навакольнага асяроддзя.


Міграцыя па-ранейшаму актуальная

На пленарным пасяджэнні была выказана думка пра тое, што ПА АБСЕ павінна палепшыць работу па пытанні міграцыі. Яе агучыў кіраўнік швейцарскай дэлегацыі, намеснік старшыні Камісіі па палітычных пытаннях парламента Швейцарыі Філіпа ЛАМБАРДЗІ:

— Нашы папярэднія высновы заключаюцца ў тым, што міграцыя і патокі бежанцаў не спыняцца. Гэта, магчыма, ілюзія СМІ або частка грамадскай думкі — быццам цяпер ёсць іншыя праблемы, і нам не прыйдзецца больш займацца пытаннямі міграцыі. Мы павінны ўзмацніць работу ў рамках Парламенцкай асамблеі, каб забяспечваць маніторынг таго, што адбываецца, і прапанаваць нешта нашым урадам.

Для вырашэння праблемы міграцыі неабходны сур'ёзны падыход і комплекс мер, пагадзіліся ўдзельнікі пленарнага пасяджэння. Першым этапам вырашэння гэтага пытання абавязана стаць паўсядзённая праца. Вастрыня сітуацыі заключаецца ў тым, што падчас пераходу ў тую ці іншую краіну мігранты знаходзяцца ва ўмовах, якія пагражаюць стану іх здароўя. Акрамя таго, многія людзі сутыкаюцца са злачыннымі групоўкамі, якія ў сваіх мэтах выкарыстоўваюць мігрантаў. Падобных злачынцаў неабходна нейтралізаваць, што магчыма толькі пры сумеснай працы ўсіх краін — удзельніц АБСЕ — менавіта да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння. Таксама дзяржавы абавязаны працаваць разам, каб вырашыць такую праблему, як тэрарызм, паколькі гэта з'яўляецца адным з фактараў масавых уцёкаў людзей са сваіх краін.

Праблемы, ад якіх не ўцячы

Аспектам клімату і экалогіі павінна быць удзелена асаблівая ўвага, заявіў член дэлегацыі Расійскай Федэрацыі Аляксандр ФОКІН на пасяджэнні Агульнага камітэта па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі.

— Сёння пытанні экалогіі і клімату — адны з прыярытэтных кірункаў работы нашай арганізацыі. Мы прыйшлі да тэмы, якую неабходна не толькі рэгулярна абмяркоўваць, але і казаць пра тое, што мы маглі б сумесна зрабіць, — адзначыў Аляксандр Фокін. — Таму я хацеў бы звярнуцца да кіраўніцтва і прапанаваць прысвяціць будучую восеньскую сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ праблемам клімату.

Па словах парламентарыя, увагу варта ўдзяліць газам, у прыватнасці — метану. «Ён вылучаецца пры здабычы нафты, пры здабычы вугалю, пры вядзенні геаразведкі з мэтай здабычы выкапняў. Таксама нас хвалюе сітуацыя ў атамнай галіне», — дадаў Аляксандр Фокін.

Пытанне правоў чалавека — комплекснае

Падчас пасяджэння Агульнага камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях ад беларускага боку выступаў Сяргей РАХМАНАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. У сваёй прамове ён адзначыў, што наша краіна выказваецца супраць палітызацыі праблемы правоў чалавека, і што пытанне гэта комплекснае.

«Што датычыцца Беларусі, гэты комплексны падыход звязаны з забеспячэннем дабрабыту грамадзян і спрыяльных умоў пражывання. Вы можаце пераканацца ў тым, што ў Беларусі вельмі бяспечна, цудоўныя ўмовы для жыцця, высокі экалагічны патэнцыял. Увесь гэты комплекс дазваляе Беларусі адчуваць сябе ўпэўнена ва ўсіх сферах, у тым ліку пры захаванні правоў чалавека. Пры гэтым мы згодны з тым, што трэба пастаянна ўдасканальвацца ў гэтым кірунку», — лічыць сенатар.

Вяртанне да мірнага працэсу

Кіраўнік Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне Эртурул АПАКАН на пасяджэнні Агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы заявіў, што ўдзельнікі Мінскіх пагадненняў не выконваюць сваіх абавязацельстваў.

— Агульнае паразуменне ў нас ёсць — аб тым, што настаў час спыніць напружанасць, якая там існуе. На жаль, гэтага не адбываецца, — адзначыў кіраўнік маніторынгавай місіі. — Мы лічым, што эскалацыя канфлікту існуе, прысутнічае гвалт, адбываецца і стральба. Хоць гаворка ішла аб вывадзе рознага ўзбраення, але яго выкарыстанне сведчыць аб тым, што тыя, хто падпісаў пагадненне, не выконваюць сваіх абавязацельстваў.

Член дэлегацыі Расійскай Федэрацыі, кіраўнік камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід СЛУЦКІ ў адказ адзначыў, што ацэнкі і даклады павінны грунтавацца на высокай адказнасці за лёс людзей. «Расія не з'яўляецца бокам Мінскіх пагадненняў, бакамі з'яўляюцца Кіеў і паўднёва-ўсходнія рэгіёны Украіны. Расія з'яўляецца ініцыятарам і актыўным удзельнікам Мінскага працэсу, будзе і надалей садзейнічаць нармалізацыі сітуацыі ў гэтым рэгіёне», — дадаў Слуцкі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Абараніць людзей, спыніць канфлікты

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.