Вы тут

Ураджай клубніц чакаецца добры


Сёлетнiя ўмовы надвор'я ссунулi пачатак клубнiчнага сезона прыкладна на два тыднi. У сталiцы першыя ягады толькi-толькi пачалi з'яўляцца. Напрыклад, каля станцыi метро «Каменная Горка» iх прадавалi па 7 рублёў за кiлаграм. I людзi бяруць, бо ўжо пайшла пагалоска, што сёлета клубнiцамi можна будзе i не паласавацца.


— Сапраўды, быў такi момант, калi вяскоўцы пачалi хвалявацца: з-за працяглай засухi раслiны пачалi падсыхаць. Але цяпер усё добра, пайшлi дажджы, пайшла i ягада, — расказала карэспандэнту «Звязды» эканамiст Лунiнецкага раённага спажывецкага таварыства Аксана Сайко. — Сёлета чакаем вельмi добры ўраджай, прынамсi, прагнозы менавiта такiя. Канешне, калi зноў не ўмяшаецца надвор'е.

Як паведамiла далей Аксана Пятроўна, на сённяшнi дзень закупачныя цэны вызначаны толькi на таварныя ягады. Буйныя клубнiцы, як той казаў, адна ў адну, прымаюць па 1,8—2 рублi, дробныя таварныя — па 1,2 рубля за кiлаграм. Закупачныя цэны на ягады для вiнаробства i кансервавання яшчэ не вядомыя. Як мяркуецца, яны складуць 30 i 50 капеек адпаведна i ўвядуць iх праз некалькi дзён.

Нагадаем, што мiнулы год выдаўся неўраджайны — ад насельнiцтва было нарыхтавана ўсяго 123 тоны клубнiц. Таму сёлета пра магчымыя аб'ёмы закупак у Лунiнецкiм раённым спажывецкiм таварыстве лiчаць за лепшае не гаварыць услых. Але прагнозы добрыя.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.