Вы тут

Варкаўт: новы від спорту ці карыснае баўленне часу?


Здаровы лад жыцця — гэта модна! Такі лозунг надзейна замацаваўся ў нашым грамадстве. З велізарнай хуткасцю сёння расце колькасць трэнажорных залаў, фітнес-цэнтраў і кірункаў заняткаў з рознай інтэнсіўнасцю нагрузак, для розных узроставых груп і густаў. На вуліцах гарадоў усё часцей можна бачыць не толькі бегуноў, аматараў скандынаўскай хады, але і спецыяльныя спартыўныя пляцоўкі, якія прыйшлі на змену савецкім турнікам, што самотна стаялі амаль на кожным двары. Такія пляцоўкі аблюбавалі цэлыя групы людзей, яны называюць сябе «турнікменамі» і прадстаўляюць спартыўны рух — варкаўт.


Што гэта такое?

Wоrkout перакладаецца з англійскай, як вулічная трэніроўка, нельга назваць гэта афіцыйным відам спорту, таму што ён не прызнаны такім ні ў адной краіне свету, хутчэй гэта від фізкультурных заняткаў. Яго спецыфіка заключаецца ў тым, што ўсе практыкаванні выконваюцца на вулічных спартыўных пляцоўках або канструкцыях, такіх як турнік, брусы, гарызантальныя і вертыкальныя лесвіцы, укапаныя колы, лаўкі і таму падобнае. Часцей за ўсё ў варкаўт-практыкаваннях выкарыстоўваецца вага свайго цела — гэта адна з асаблівасцяў руху.

Асноўнымі плюсамі варкаўта з'яўляецца тое, што гэтыя заняткі абсалютна не патрабуюць фінансавых укладанняў, спецыяльнага інвентару і праходзяць на свежым паветры. Акрамя таго, так званыя вулічныя спартсмены з часам набываюць рэльефную фігуру (асабліва торс) без празмернай нагрузкі на сэрца, якую атрымліваюць, напрыклад, пачаткоўцы пры сілавых трэніроўках у трэнажорнай зале. Каб скласці комплекс практыкаванняў, неабавязкова звяртацца да спецыяліста, вам дапаможа інтэрнэт. Там, у вольным доступе досыць відэаролікаў на гэтую тэму. Адзіным недахопам такога віду фізкультуры, мабыць, можна назваць дрэннае надвор'е, якое можа ўскладніць або зусім адмяніць трэніроўку.

Варкаўт атрымлівае ўсё большую масавасць і папулярнасць, нягледзячы на тое, што пакуль не прызнаны відам спорту, па ім праводзяцца рэгіянальныя і міжнародныя спаборніцтвы.

Адкуль прыйшоў?

Шмат хто памятае, што ў Савецкім Саюзе каля кожнага шматкватэрнага дома, акрамя дзіцячай пляцоўкі, размяшчаліся турнікі, але радзімай варкаўта ўсё ж прынята лічыць ЗША, а прарокам гэтага спартыўнага руху — Ганібала Кінга. Большасць трэніровачных элементаў створаны менавіта ім. «Здаровае моцнае цела без траты грошай» — так фармуляваў прынцып сваёй філасофіі Кінг. Другі прынцып варкаўта — «ніколі не спыняцца на дасягнутым і пастаянна развіваецца».

«Турнікмены» вылучаюць некалькі напрамкаў варкаўта:

  • Strееt Wоrkоut — разнавіднасць, пры якой у асноўным спартсмены трэніруюцца выконваць разнастайныя элементы, паступова развучваючы новыя, ускладняючы і даводзячы да дасканаласці старыя.
  • Ghеttо Wоrkоut — кірунак, дзе ўпор робіцца на трэніроўку сілавых паказчыкаў, гэта значыць, павелічэння колькасці магчымых паўтораў у асобных практыкаваннях (розныя віды падцягванняў, адцісканняў) або часу выканання статычных практыкаванняў (затрымка цела ў якім-небудзь становішчы, якое патрабуе намаганняў).
  • Hаndstаnd — трэніроўкі прысвячаюцца стойкам і хадзе на руках, адцісканням у такой стойцы, сілавым выхадам у стойку, падскокванням на руках і г. д.

Часцей за ўсё атлеты, якія займаюцца на спартыўных пляцоўках, не адносяць сябе да асобнага стылю вулічных трэніровак. Яны проста развучваюць элементы, якія ім цікавыя, і працуюць над сілавымі паказчыкамі.

Дзе ёсць спецыялізаваныя пляцоўкі?

У Маскве, напрыклад, іх ужо больш за сотню, сталіца нашай краіны таксама імкнецца не адставаць. Самая вялікая варкаўт-пляцоўка ў Мінску знаходзіцца ў Парку Паўлава. На 500 кв. м усталявана каля 20 прыстасаванняў для трэніроўкі розных відаў мышцаў, там адначасова можа займацца каля паўсотні чалавек. Ёсць спецыялізаванае месца і каля самага ажыўленага праспекта сталіцы — у Парку Перамогі знаходзіцца пляцоўка з відам на Камсамольскае возера. Заняцца вулічным фітнесам таксама можна ў парку Марата Казея, Цівалі, каля сталічнага Палаца спорту, на міні-пляцоўках каля навучальных карпусоў БНТУ і на дваровых тэрыторыях сталічных дамоў.

Сяргей Жалейка, член федэрацыі «Стрыт варкаўт Беларусь», шматразовы прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, чэмпіён у намінацыі «Фрыстайл адцісканне».

— Варкаўт у Беларусі развіты дастаткова моцна, пра яго ведаюць і займаюцца не толькі ў буйных гарадах, але і ў аддаленых кутках краіны. Папулярызацыя ідзе вялікімі тэмпамі, усё больш і больш хлопцаў падтрымліваюць гэты рух, што нас вельмі радуе. Сярэдні ўзрост людзей, якія пачынаюць займацца варкаўтам, — 15—17 гадоў.

Калі параўноўваць, што было пяць гадоў таму і што ёсць сёння — адбылося мноства змяненняў і паляпшэнняў. Будуюцца пляцоўкі, праходзяць розныя прэзентацыі, спаборніцтвы і фестывалі. З кожным годам рух расце і развіваецца.

У Мінску ёсць добрыя спецыялізаваныя пляцоўкі. Варкаўт — гэта свабода, займацца можна, дзе заўгодна: у двары, на стадыёне, нават у лесе ці парку. Што да іншых гарадоў краіны, там з гэтым крыху горш.

Сёння ў нас ёсць хлопцы, якія ездзяць на спаборніцтвы і фестывалі ў Расію, Украіну і іншыя замежныя краіны. Але гэтыя выезды ў асноўным можна здзяйсняць толькі за ўласныя сродкі саміх спартсменаў, таму не заўсёды ёсць магчымасць.

У ліпені ў Маскве будзе чэмпіянат свету па варкаўце, прыемна адзначыць, што прадстаўнік Беларусі таксама сярод удзельнікаў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фітнес гарадскіх вуліц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.