Маштабны саміт «Адзін пояс і адзін шлях», які ўрачыста стартаваў у мінулую нядзелю ў Кітайскім дзяржаўным канферэнц-цэнтры, ужо сёння палітычныя аналітыкі называюць падзеяй планетарнага маштабу, якая будзе ўпісана ў сусветную найноўшую гісторыю. На форум прыбылі лідары 29 краін, а ўсяго яго ўдзельнікамі сталі дэлегацыі з амаль 130 дзяржаў.
Беларусь на знакавым саміце была прадстаўлена на самым высокім узроўні — у форуме прыняў удзел кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. І гэта цалкам лагічна: наша краіна адной з першых у свеце і першай у Еўропе падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі праекта «Адзін пояс і адзін шлях».
Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутаў новага сухапутнага Шаўковага шляху, і менавіта яна з'яўляецца сувязным звяном паміж Усходам і Захадам.
Аляксандр Лукашэнка 14 мая прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця форуму «Адзін пояс і адзін шлях» у Пекіне. У гэты ж дзень беларускі Прэзідэнт разам з іншымі лідарамі дзяржаў, якія прыбылі на саміт, пабываў на прыёме ад імя Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Затым беларускі лідар наведаў святочны гала-канцэрт у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў.
Мерапрыемствы форуму «Адзін пояс і адзін шлях» працягнуліся ўчора. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел
у пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц саміту.
Выступаючы на гэтым мерапрыемстве, беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змены спалучаныя з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі. «Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змены мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне росквіту рэальнае толькі ў сумесным мірным ўзаемавыгадным развіцці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што глабальныя ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» і «Супольнасць адзінага лёсу», вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, — гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб'яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва. «Пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязвання інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў дзяржавы. Кітай прыходзіць — і ў гэтым унікальная асаблівасць — як дружалюбная краіна, прапаноўваючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця», — сказаў беларускі лідар.
Праект «Адзін пояс і адзін шлях» не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя пункты росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя па-над блокамі, закліканая гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і прыбраць бар'еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей. «Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху па цэлым шэрагу кірункаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Так, рэалізуючы прынцыпы пабудовы «Супольнасці адзінага лёсу», Беларусь і Кітай разам прасоўваюць праект індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Ён будуецца як горад будучыні — экалагічны, інавацыйны і камфортны для працы і для жыцця. Глыбіня праекта ў тым, што дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру, але і законы, па якіх развіваецца гэтая вузлавая пляцоўка эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
«Яшчэ раз падкрэслю, што Беларусь з'яўляецца надзейным, адказным партнёрам Кітая. Пра гэта сведчыць устанаўленне асаблівага ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі — усебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Мы адкрытая краіна. Жыццёвы прынцып беларусаў — добрасуседства. Беларусь гатова да ўзаемадзеяння ў мэтах міжнароднага развіцця. Тут і цяпер мы павінны думаць аб сучасным пакаленні і несці адказнасць за нашых дзяцей і ўнукаў», — заклікаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» — гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый. «Мы цалкам падтрымліваем думку, выказаную паважаным Старшынёй Сі Цзіньпінам, аб неабходнасці стварэння ўласных тэхналогій на аснове нацыянальных распрацовак і кіруемся заяўленым ім прынцыпам — «Нельга будаваць сваю будучыню на аснове мінулых чужых дасягненняў», — звярнуў увагу ён.
На палях форуму Аляксандр Лукашэнка меў шэраг міжнародных сустрэч, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. У першы дзень работы саміту кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам. Учора беларускі лідар сустрэўся з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцяў, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах. У гэты ж дзень Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з кіраўніцтвам шэрагу краін Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама са старшынёй праўлення кампаніі «СІЦІК Груп» Чан Чжэньмінам. На сустрэчу таксама прыбылі кіраўнікі важнейшых падраздзяленняў карпарацыі. У 2007—2013 гадах кампанія рэалізавала ў Беларусі праект па будаўніцтве трох цэментных заводаў. Праз пару гадоў яна прыступіла да ўзвядзення аўтамабільнага завода «БелДжы» і шматфункцыянальнага комплексу па праспекце Пераможцаў у Мінску. Акрамя таго, у 2016 годзе прынята рашэнне стварыць у Беларусі новае прадпрыемства па вытворчасці спецыялізаваных робатаў, якія прымяняюцца для тушэння пажараў, правядзення падводных і горназдабыўных работ.
Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву карпарацыі разгледзець розныя варыянты вядзення бізнесу ў Беларусі, разгарнуць які можна ў найбліжэйшы час. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо абмеркаваў гэтую сустрэчу са Старшынёй КНР і разлічвае на дасягненне канкрэтных дамоўленасцяў.
Фота БЕЛТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.