Вы тут

Як будуць вырашацца задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам падчас Паслання


Народныя абраннікі дзеляцца меркаваннямі аб тым, як будуць вырашацца задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы падчас звароту да беларускага народу і Парламента.


Фота: istochnik.info

Вольга ПАЛІЦІКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:

— Для сябе я акрэсліла асноўнай тэмай Паслання Прэзідэнта нацыянальную бяспеку. Кожны з пунктаў, на якіх спыняўся Аляксандр Рыгоравіч, быў прысвечаны аднаму з яе аспектаў. Гэта эканамічная бяспека, сацыяльная, ваенная, навукова-тэхналагічная... Галоўны вынік, які неаднаразова паўтараў Прэзідэнт, — усё залежыць ад нас і ўсё ў нашых сілах. Калі мы прыкладзём сваю працу — і зробім гэта мэтанакіравана — у нас усё атрымаецца.

Працэс рэалізацыі Дэкрэта №3 — адзін з самых свежых і наглядных прыкладаў, які паказвае, як прыняцце нейкага рашэння, для якога не прадуманы эфектыўны механізм рэалізацыі, потым на месцах выліваецца ў канкрэтныя праблемы. Тут я б хацела сказаць — можа, гэта камень і ў наш агарод — роля дэпутатаў у тым і заключаецца, каб, працуючы над заканадаўчымі актамі, бачыць, як у тваёй акрузе будзе прыменены той ці іншы закон. І калі ты бачыш, што пры рэалізацыі нейкіх нарматыўных актаў ёсць праблемы на месцах, трэба сігналізаваць.

Для гэтага ў нас і праводзяцца ўрадавыя гадзіны, для гэтага мы надзелены паўнамоцтвамі, што называецца, без чэргаў заходзіць у любыя кабінеты і ставіць любыя пытанні. І, безумоўна, калі мы вернемся да папярэдняга працэсу аптымізацыі дзяржаўнага апарату, то трэба шчыра прызнаць, што атрымалася, на маю думку, некалькі перавернутая піраміда.

Больш скарацілася менавіта пярвічнае звяно, а не верхняе. Атрымалася, што міністэрстваў у нас шмат, а аддзелы ў выканкамах — аб'яднаны.

Сяргей БОБРЫКАЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы:

— Стабільнасць, суверэнітэт, незалежнасць — вельмі каштоўныя рэчы для дзяржавы, якія павінны быць забяспечаны. У нас добрыя напрацоўкі ёсць у гэтым кірунку. Наш спакой каштуе вельмі дорага, гэта трэба падтрымліваць і цаніць. Усе чамусьці лічаць, што ў нас дрэнная моладзь. Яна не дрэнная, яна некалькі іншая, проста мы сталі больш сталымі, і мы пачынаем не да канца іх разумець. Добрыя ў нас хлопцы. Яны ёсць і будуць — годныя абаронцы нашай Радзімы.

У нас дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб захаваць свой суверэнітэт. Мы ўважліва адсочваем усе ваенныя новаўвядзенні, якія адбываюцца ў свеце і з улікам гэтага развіваем і свае Узброеныя Сілы. У галіне ваеннай сферы ў нас ёсць дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй і ў маштабе АДКБ. Мы штогод праводзім сумесныя мерапрыемствы, сёлета таксама будуць вучэнні, пра якія сказаў кіраўнік дзяржавы падчас Паслання.

У гэтым няма нічога незвычайнага, гэта ўсё на планавай аснове развіваецца паступова з улікам новых рызык і пагроз, якія існуюць у свеце.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мэтанакіраваная праца дае належныя вынікі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.