Вы тут

Які зрок у вясковых школьнікаў?


Дабрачынны праект «Я бачу!» па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскай мясцовасці стартаваў у Гомельскай вобласці.

Па ініцыятыве Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom да канца года мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў павінны агледзець каля 14 тысяч дзяцей з 14 раёнаў. Для абследавання сельскіх дзяцей былі выдзелены спецыяльныя аўтамабілі, закуплена неабходнае абсталяванне.


Паводле слоў намесніка дырэктара БДФ Ірыны ЧАРНЯКОВАЙ, адзін з медыцынскіх праектаў арганізацыі ўжо даказаў сваю сацыяльную значнасць вынікамі, атрыманымі падчас работы ўрачоў на Магілёўшчыне. Таму і працягваецца ў Гомельскай вобласці. Праект стаў яркім прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства, калі грамадская арганізацыя, камерцыйнае прадпрыемства і дзяржава аб'ядналі намаганні для дасягнення выніку ў канкрэтнай справе аказання дапамогі дзецям з парушэннямі зроку.

Сёлета праект рэалізаваны на новым узроўні. У школах вобласці адначасова працуюць дзве брыгады афтальмолагаў, сфарміраваныя ў Гомелі і Мазыры. Агляды праведзены ўжо ў Буда-Кашалёўскім і Жыткавіцкім раёнах. У першым выпадку агляд прайшло больш 680 дзяцей, і паталогія выяўлена ў кожнага другога, прычым у абсалютнай большасці парушэнне зроку выяўлена ўпершыню! У Жыткавіцкім раёне агледжана звыш 720 дзяцей, паталогіі ёсць у кожнага чацвёртага.

Школьнікаў аглядаюць на некалькіх апаратах, пасля чаго кожнаму даюцца рэкамендацыі, а пры неабходнасці выпісваюцца рэцэпты і акуляры. У складаных сітуацыях дзеці накіроўваюцца на кансультацыі і паглыбленую дыягностыку ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры. Таксама ўся інфармацыя аб стане здароўя дзяцей перадаецца ў раённыя паліклінікі і класным кіраўнікам, якія павінны правесці адпаведную работу з бацькамі.

Усе расходы аплачаны за кошт сродкаў, сабраных кампаніяй velcom падчас традыцыйнай дабрачыннай ініцыятывы «Рабіць дабро так проста». Са свайго прыбытку з кожнага прададзенага смартфона або планшэта напрыканцы мінулага года кампанія пералічвала 5 рублёў на спецыяльны рахунак. У выніку сума склала 158 140 рублёў, з якіх і фінансуецца праект «Я бачу!» у Гомельскай вобласці.

Да канца года ініцыятыва ахопіць Веткаўскі, Добрушскі, Кармянскі, Лоеўскі, Чачэрскі, Брагінскі, Ельскі, Лельчыцкі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Акцябрскі, Хойніцкі раёны.

«Захворванні органаў зроку займаюць другое месца ў агульнай структуры дзіцячай захваральнасці, таму вельмі неабходна займацца прафілактыкай і ранняй дыягностыкай, — адзначае начальнік аддзела медыцынскай дапамогі дзецям і маці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людміла ЛЁГКАЯ. — Праект «Я бачу!» дапамагае дзецям з аддаленых сельскіх рэгіёнаў, у якіх няма дзіцячых і дарослых афтальмолагаў, атрымаць своечасовую медыцынскую кансультацыю».

Летась на Магілёўшчыне было агледжана амаль 13 тысяч пацыентаў. Ледзь не ў кожнага трэцяга былі выяўлены праблемы са зрокам, у паловы ўпершыню. Самыя частыя паталогіі — гэта парушэнне рэфракцыі (міяпія, гіперметрапія, астыгматызм).
1 723 дзіцяці атрымалі рэцэпты на акуляры,17 накіраваны на аператыўнае лячэнне, 44 запісаны на кансерватыўнае лячэнне, 9-ці неабходна паглыбленае абследаванне.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.