Вы тут

Як былая спартсменка Асоль Слівец стала трэнерам для асаблівых дзяцей


Асоль Слівец — прызёр чэмпіянату свету па фрыстайле, спартсменка, за плячыма якой чатыры Алімпіяды. На іх яна станавілася то 4-й, то 5-й,  і кожны раз да п'едэстала не хапала нейкай дробязі. Пасля Алімпійскіх гульняў — 2014 у Сочы Асоль вырашыла завяршыць спартыўную кар'еру, а праз год ужо стала трэнерам, ды не простым, а для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.


«Упасці з гары ў 20 і 30 гадоў — гэта вялікая розніца»

— Шчыра кажучы, наогул не ўспамінаю сваю кар'еру. А што яе ўспамінаць? — пачынае нашу размову Асоль. — Бывае, вядома, скачкі сняцца, але я абсалютна не шкадую, што вырашыла «завязаць» з вялікім спортам, лічу, што важна своечасова сказаць стоп. Фрыстайл — гэта кураж, ты можаш зрабіць круты скачок у 18, 20 гадоў, на вопыце можаш бліскуча выканаць яго ў 30, але далей гэта ўжо абавязалаўка, ты не можаш хадзіць у залу, як на работу. Калі няма драйву, то не будзе і выніку. Ды і ўпасці з гары ў 20 і 30 гадоў — гэта вялікая розніца.

Сёння ад Асоль адчуваецца неверагодны спакой і ўпэўненасць, таму і пра свае страчаныя алімпійскія шанцы яна разважае па-філасофску.

— То тут, то там пастаянна чагосьці не хапала. Так склалася, што шкадаваць... Вярнуць нічога ўжо нельга, ды і жыццё на гэтым не заканчваецца. Гэта тая прыступка, якая дае магчымасць рухацца далей. Цяпер разумею, што медаль не з'яўляецца гарантыяй поспеху ў далейшым жыцці, ён дае нейкі шанц, трамплін, але скарыстацца ім могуць не ўсе.

Нягледзячы на тое, што выступаць Асоль скончыла тры гады таму, спартсменка кажа, што і сёння сочыць за любімым відам спорту, якому аддала не адзін дзясятак гадоў, але звязваць сваё жыццё з ім далей пакуль не збіраецца.

— Не магу прысвяціць сябе трэнерскай дзейнасці або судзейству, таму што ў мяне ёсць дзеці, якім таксама патрэбен мой час, а фрыстайл адбірае ўсё, пакуль я на гэта не гатова.

«Перажываю, калі бачу, што не магу дапамагчы»

Пасля завяршэння кар'еры Асоль нарадзіла трэцяга сына, а праз год прыступіла да новай работы. У інтэрнэце яна ўбачыла аб'яву пра пошук трэнера, які гатовы працаваць з дзецьмі з інваліднасцю і вырашыла адгукнуцца.

— Усім дзецям хочацца скакаць на батуце, куляцца, але ёсць такія, у якіх гэта не атрымліваецца, я дапамагаю. Праект MоvеTеаm, якім я займаюся, працуе з дзеткамі, што маюць дыягназ ДЦП і аўтызм. Гэта не рэабілітацыя, а адаптаваная фізкультура, якая дапамагае ім не толькі развівацца фізічна, але і разумова, бо ў чалавека ўсё ўзаемазвязана. Каб рухаць рукой, напрыклад, неабходна атрымаць імпульс ад мозга. Таму часта бывае, што дзіця робіць кулёк, а потым пачынае пісаць ці чытаць, у яго з'яўляюцца поспехі ў рабоце з лагапедам і дэфектолагам. Акрамя таго, мае вучні атрымліваюць новыя навыкі для жыцця.

Такую практыку беларусы «падгледзелі» ў італьянцаў, там нават цяжка хворых дзяцей катаюць на горных лыжах, пасля чаго іх развіццё і выздараўленне пачынае прагрэсаваць. Напрыклад, дзяўчынка, якая толькі мінімальна рухалася, праз год ужо самастойна змагла паўзці.

— Так, гэта не маленькі тэрмін, але паверце, для яе самой, для бацькоў гэта неверагодны прагрэс. У Беларусі надвор'е дазваляе катацца на лыжах максімум тры месяцы, таму мы пачалі пашыраць гэты вопыт: займацца ў зале, басейне, вучыцца катацца на роліках. Тут у дзяцей трэніруюцца баланс, каардынацыя, яны вучацца рабіць скачкі. Бо такіх дзяцей ніхто не вучыць хадзіць бокам, скрыжаваным крокам, скакаць наперад. Са сваімі дыягназамі ім не дазваляюць нават уваходзіць у агульную групу фізкультуры ў садку. Яны заўсёды абмежаваныя, таму вельмі баяцца спрабаваць новае, а тым больш падаць.

Нягледзячы на тое, што сама Асоль ніколі не сутыкалася з праблемай дзіцячай інваліднасці, гэтая праца даецца ёй лёгка, яна прызнаецца, што праз некаторы час ужо зусім не заўважае, што дзеці, з якімі займаецца, маюць нейкія фізічныя хваробы.

— Перажываю, калі бачу, што не магу дапамагчы. Пасля аднаго-двух заняткаў звычайна не раблю высноў, бо спачатку дзеці вельмі скаваныя, яны прывыклі, што іх увесь час ацэньваюць. У мяне была дзяўчынка, якая выдатна прыкідвалася трупам, каб яе не прасілі спрабаваць рабіць практыкаванні. А цяпер яна з радасцю бяжыць на трэніроўку. Як ні дзіўна, самае складанае — гэта бацькі. Дзеці ўсё хутка схопліваюць, з імі лёгка знайсці агульную мову, а вось калі ўмешваюцца бацькі, спрабуюць ціснуць на дзіця, каб ён рабіў больш, ці, наадварот, залішне шкадаваць яго, то ўзнікаюць праблемы.

Хоць я спрабую зразумець і іх, гэта вялікая праца і смеласць: аддаць сваё хворае дзіця трэнеру, каб той спусціў яго з гары, — на гэта гатовы не кожны. Але самае галоўнае, што мы ўсе разам атрымліваем вынік, вось гэта і прыцягвае мяне ў рабоце больш за ўсё. Ты бачыш плён сваёй працы не праз 10 гадоў, а проста на вачах.

«На жаль, тут не месца для цуду»

У марах Асоль падняць на ногі зусім цяжка хворых дзяцей.

— Так, там вельмі шмат адказнасці, для гэтага трэба маса ведаў, але я хацела б паспрабаваць. Пакуль у нас няма фінансавай і тэхнічнай магчымасцяў, няма такіх схілаў, няма спецыяльных прыстасаванняў, але мы ў працэсе куплі ўсяго гэтага, бо ведаем, што гэта рэальна.

Сёння праектам займаюцца ўсяго тры трэнеры, яны працуюць з 35 дзецьмі ва ўзросце ад 3 да 12 гадоў.

— На гэтую работу не падыдзе валанцёр, які па дабрыні душэўнай хоча дапамагчы, патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, каб дапамагчы дзіцяці, а не нашкодзіць. У мяне ў самой было шмат трэнераў, у фрыстайлістаў заўсёды асаблівая ўвага ўдзялялася каардынацыйнай падрыхтоўцы, бо незразумела, што там спартсмен у паветры на такой вышыні можа зрабіць. Таму нас максімальна «прапампоўвалі», каб у экстрэмальны момант чалавек зрэагаваў як трэба. Зыходзячы з гэтых і іншых ведаў, я і займаюся з дзецьмі.

На жаль, тут не месца для цуду, мы можам займацца толькі з такой колькасцю дзяцей, бо не хапае трэнераў, мы не можам арандаваць больш залаў, вядома, усё гэта не бясплатна. Але перспектывы развіцця ёсць, займаемся пошукамі спонсараў, спрабуем атрымаць гранды.

Многія дзеці ў нас не з Мінска. Зімой, напрыклад, на начным цягніку з Брэста прыязджала дзяўчынка, каб катацца на лыжах. Ёсць дзеці з Жодзіна, Салігорска, Барысава.

Праекту MоvеTеаm ужо практычна тры гады, Асоль з гонарам адзначае, што за гэты час некаторыя дзеткі з дыягназамі ўжо ўвайшлі ў агульную групу па гімнастыцы, акрабатыцы і іншых відах спорту. Так, хутчэй за ўсё, яны ніколі не стануць алімпійскімі чэмпіёнамі, але гэтыя дзеці ўжо здабылі велізарныя перамогі, пераадолеўшы сябе.

— Вельмі важна, што яны могуць адчуваць сябе паўнавартаснымі людзьмі ў грамадстве. Проста знаходжанне ў спартыўнай зале ўжо дае ім многае, бо яны ўдзельнічаюць у нашым жыцці, трэніруюцца побач са звычайнымі дзецьмі, а не сядзяць у чатырох сценах. Як усе, гэтыя дзеткі горда прыязджаюць катацца на сваіх лыжах, выбіраюць у краме сабе шлем, камбінезон, гэта значыць яны адчуваюць, што такія ж, як і мы.

Асоль з радасцю адзначае, што сёння і наша грамадства пачынае патрохі змяняцца, з'яўляецца ўсё больш інклюзіўных дзіцячых садкоў, школ, што дазваляе дзецям з асаблівасцямі адчуваць сябе свабодна.

— Часам мы проста не ведаем, як падысці да дзіцяці ў інваліднай калясцы на вуліцы, не ведаем, што яму сказаць, і таму адварочваемся.

«Вось няма ў нас добрых трэнераў, а ты вазьмі і стань ім»

Акрамя работы з асаблівымі дзецьмі, у Асоль ёсць група маленькіх снаўбардыстаў, з якімі былая фрыстайлістка працуе таксама з вялікім задавальненнем.

— За некаторы час сціраецца грань правільнага ўспрымання дзіцяці. Працуючы толькі з асаблівымі дзецьмі, ты не бачыш рэальных магчымасцяў гэтага маленькага чалавека. Занадта шмат дазваляеш ім і не дацягваеш да максімуму. А калі я працую адначасова яшчэ і са спартсменамі, то магу параўноўваць і ўвесь час трымаць гэтую грань.

Акрамя вучняў, з якімі яна праводзіць так шмат часу, у Асоль ёсць і свае дзеці — трое сыноў, якія таксама не застаюцца без увагі.

— Старэйшы катаецца на каньках, у яго вельмі добрыя задаткі, сярэдні пайшоў займацца флейтай, пакуль вельмі падабаецца. Вядома, усе на «ты» з лыжамі і снаўбордам. Яны ў мяне прывыклі працаваць. Малодшы яшчэ зусім маленькі — яму два гадкі. Цяпер яшчэ цяжка сказаць, ці будзе хтосьці з іх прафесійным спартсменам, але, калі раптам захочуць, перашкаджаць не буду.

Ну а марыць Асоль, як і належыць мэтанакіраваным, аб вялікім і грандыёзным.

— Хачу стварыць уласны цэнтр, дзе атрымалася б сумясціць трэніроўкі спартсменаў і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзе атрымалі б магчымасць працаваць разумныя таленавітыя трэнеры. Сёння ў нас ёсць праблемы з дзіцячым спортам, і гэта сур'ёзна, бо калі няма базавай падрыхтоўкі, старшым трэнерам няма на што ставіць тэхніку, няма каго рыхтаваць да сур'ёзных спаборніцтваў.

Вядома, такая задумка ўвасабляецца не за год і не за два, але гэта цалкам рэальна. Бо калі нічога не рабіць у сваёй краіне, то нічога і не будзе. Хадзіць і казаць, як усё дрэнна, — гэта наогул проста, а ўзяць і зрабіць хоць нейкі маленькі крок... Вось няма ў нас практычна добрых трэнераў, а ты вазьмі і стань ім.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Скачкі цяпер толькі сняцца»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.