Вы тут

Надзейная апора дзяржавы


Воіны-інтэрнацыяналісты па-ранейшаму будуць адстойваць нацыянальныя інтарэсы.

Больш як 300 дэлегатаў з усёй краіны сабралася днямі падчас ІX з'езда Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Падвёўшы вынікі сваёй дзейнасці за папярэдні перыяд, воіны-інтэрнацыяналісты абмеркавалі надзённыя праблемы і вызначыліся з планамі на наступную пяцігодку.


— Наша арганізацыя запатрабавана часам і грамадствам, — перакананы старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане генерал-маёр запасу Валерый ГАЙДУКЕВІЧ. — Мэты і задачы Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане супадаюць з праграмай «За моцную і квітнеючую Беларусь». Мы за такую дзяржаву, у якой сацыяльна абаронены ўсе грамадзяне, дзе павагай карыстаюцца ветэраны. Мы, воіны-інтэрнацыяналісты, былі і будзем надзейнай апорай дзяржавы, адстойваючы нацыянальныя інтарэсы краіны, захоўваючы яе цэласнасць і незалежнасць.

Адной з прыярытэтных задач грамадскага аб'яднання па-ранейшаму застаецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. «Хто, калі не мы, не толькі асабістымі прыкладамі, а і справамі будзе вучыць моладзь адносінам да жыцця, свайму месцу ў грамадстве, вучыць дабрыні і любові да сваёй Радзімы, гатоўнасці адстойваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны?» — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

Не новая для грамадскага аб'яднання і такая задача, як дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Як адзначылі на з'ездзе, большасць воінаў-афганцаў — самадастатковыя людзі, але ёсць тыя, каму трэба дапамагчы. У першую чаргу гэта датычацца пытанняў пенсійнага забеспячэння ветэранаў баявых дзеянняў з ліку салдат і сяржантаў тэрміновай службы, асабліва інвалідаў, якія не мелі працоўнага стажу да прызыву. Закраналіся падчас з'езда і пытанні медыцынскага абслугоўвання інвалідаў, клопату аб бацьках і ўдовах загінулых у Афганістане.

Па словах старшыні савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Уладзіміра ШОКАВА, сёння ідзе работа над удасканаленнем закона «Аб ветэранах», які будзе прыняты ў новай рэдакцыі. «Прайшло 25 гадоў з моманту прыняцця закона, многія яго артыкулы ўжо неактуальныя, — гаворыць старшыня гарадской арганізацыі. — Напрыклад, прадугледжана павышэнне статусу ўдзельнікаў баявых дзеянняў, у тым ліку інвалідаў».

— Акрамя таго, што з'езд дае магчымасць падвесці вынікі работы афганскіх арганізацый, абмеркаваць актуальныя пытанні, гэта яшчэ і радасная сустрэча сяброў, — лічыць дырэктар дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Памяць Афгана» Аляксандр МЯТЛА. — У той жа час нельга сказаць, што мы не маем зносін на працягу пяці гадоў. Ёсць пытанні — мы збіраемся і вырашаем іх. Наш фонд увогуле працуе з людзьмі індывідуальна.

Дарэчы, упершыню на з'ездзе ветэранаў вайны ў Афганістане прысутнічалі дзеці тых, хто дамоў з той вайны не вярнуўся. Бацька Андрэя Млявага загінуў у Афганістане ў 1985 годзе. Амаль за тры месяцы лётчык-верталётчык здзейсніў 117 баявых вылетаў, быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга. Пасмяротна. Сын воіна-інтэрнацыяналіста, які ў 12 гадоў застаўся без бацькі, як ніхто ведае цану міру, таму на канкрэтным прыкладзе вучыць сваіх дачок любіць Радзіму.

У канцы з'езда дэлегаты выбралі новы савет Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Па выніках галасавання, старшынёй грамадскага аб'яднання застаўся Валерый Гайдукевіч. Для яго, воіна-інтэрнацыяналіста, не чужыя праблемы ветэранаў вайны ў Афганістане, і як вопытны кіраўнік, ён ведае, як іх вырашаць.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.