Вы тут

У НАН Беларусі прайшла выстаўка дасягненняў айчынных навукоўцаў


Перш чым правесці нараду аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай, якая размясцілася ў будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ёй прадстаўлена больш за паўтары сотні экспанатаў, якія адлюстроўваюць дасягненні ў сферы навукі і тэхналогій за апошнія гады. Асабліва Аляксандра Лукашэнку зацікавілі касмічныя, біятэхналагічныя, прамысловыя і медыцынскія распрацоўкі.


У прынцыпе, калі падысці да любога са стэндаў выстаўкі, кожная ўстанова зможа пахваліцца свежымі, практычнымі вынаходніцтвамі. «Цяпер мы дабіваемся, каб не было навукі дзеля навукі, каб яна не мела працяглага перыяду засваення, не было года ці двух з моманту з'яўлення ідэі да яе распрацоўкі. Яны павінны ісці паралельна, — расказвае старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Цяпер няма распрацовак, якія кладуцца на паліцу, усё ўкараняецца». Напрыклад, у Інстытуце машынабудавання НАН па заказе Мінгарвыканкама вырабілі малагабарытную камунальную машыну. Гэта шматфункцыянальная, кампактная, эфектыўная машына для ўборкі ўнутрыдваровых тэрыторый з шчоткамі, пыласосамі, солераскідальнікам. Інавацыя ў тым, што гэта машына вельмі эфектыўная менавіта для вузкіх дваровых тэрыторый.

Алег Івашкевіч, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар хімічных навук, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь частуе гасцей выстаўкі незвычайнымі цукеркамі. Яны загорнутыя ў харчовую плёнку, вырабленую з вытворных крухмалу. Яе можна не баючыся есці, бо плёнка цалкам раствараецца. Па смаку крыху салодкая, амаль не адчувальная. Зараз яна актыўна выкарыстоўваецца ва ўсім свеце для ўпакоўкі харчовых матэрыялаў у выпадках, калі плёнку нязручна здымаць. Гэтай айчыннай распрацоўкай ужо зацікавіліся ў Кітаі.

Увогуле навукоўцы БДУ праводзяць рознабаковыя даследаванні: нядаўна была распрацавана гіпертэрмічная камп'ютарызаваная ўстаноўка «Пціч-М», якая выкарыстоўваецца для лячэння злаякасных пухлін. Цела пацыента паступова награваюць да крытычных тэмператур, працэдура працягваецца 2—3 гадзіны пад агульным наркозам і пры адначасовым уздзеянні комплексам хіміятэрапіі. Устаноўка ўжо выкарыстоўваецца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, а была выканана на яго сродкі і па заказе цэнтра.

З іншага боку падышлі да лячэння пухлін у Інстытуце біяарганічнай хіміі НАН. Прэпарат «Азацыцідзін» зарэгістраваны ў сакавіку гэтага года. Ён прызначаны для лячэння некаторых формаў раку крыві. Да гэтага моманту такога прэпарату на беларускім рынку не было, як і на расійскім. Акрамя таго, Інстытут ужо распрацаваў прэпараты для спартыўнага харчавання, рознага плана вітаміны, біялагічна актыўныя дабаўкі, процівірусныя лекі, а таксама сродкі для лячэння пякоткі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вынаходніцтвы для жыцця

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.