Вы тут

Як матываваць вяскоўцаў падпісваць дагаворы на вываз смецця


Вываз адходаў на вёсцы — праблема не столькі тэхнічная, колькі... светапоглядная. Не ўсе гаспадары спяшаюцца заключыць адпаведныя дагаворы з камунальнымі службамі. І многія па-ранейшаму выкідваюць адходы ў неналежных месцах. Як пераканаць людзей змяніць стэрэатыпы паводзін? Адказ на пытанне мы пашукалі разам з работнікамі ЖКГ Докшыцкага раёна.


Праблема смецця — пытанне не толькі камунальна-эканамічнае, але і сацыяльна-палітычнае. Гадоў дзесяць таму ў італьянскім Неапалі здарыліся масавыя выступленні абураных грамадзян. Прычынай таму сталі горы бытавых адходаў, што грувасціліся проста на вуліцах гарадоў. Праблема ў тым, што яго вываз, як і многія іншыя сферы, кантралюецца мафіяй. Час ад часу яна «прыбірала» кіраўнікоў фірмаў, якія гэта смецце перапрацоўваюць. І дапрыбіралася да таго, што ў пэўны момант вывозіць адходы ўжо не было каму. Хоць улада прыняла пэўныя захады, смеццевы крызіс дагэтуль не пераадолены цалкам.

У беларускай глыбінцы смеццевае пытанне таксама паўстае даволі востра, толькі з дакладнасцю наадварот.

У канцы лютага на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў было агучана, што толькі 43% уладальнікаў аднапавярховых дамоў у сельскай мясцовасці заключылі дагаворы на вываз. Інакш кажучы, камунальныя службы гатовыя вывозіць цвёрдыя бытавыя адходы (ТБА), але далёка не ўсе вясковыя жыхары бачаць у гэтым сэнс.

Вывозіць смецце з асобна ўзятай вёскі мэтазгодна тады, калі дагаворы падпішуць не менш за 60—70% хатніх гаспадарак. Інакш ганяць туды вялікі смеццявоз будзе эканамічна нявыгадна. Ці дорага каштуе вываз ТБА? Магчыма, людзі проста берагуць капейку? Бо эканомія ва ўсім — аб'ектыўная патрэба вясковага жыцця. «З аднаго чалавека мы бяром за гэту паслугу 1 рубель 26 капеек у месяц, — тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства «Докшыцы-камунальнік» Генадзь Кальчынскі. — Калі ў доме жыве сям'я, то гэтая сума памнажаецца на колькасць яе членаў». Нават для вёскі лічба не выглядае непад'ёмнай. У чым жа тады прычына «байкатавання» дагавораў?

На думку кіраўніцтва прадпрыемства «Докшыцы-камунальнік», праблема ў асноўным светапоглядная. Вяскоўцы прывыклі проста спальваць смецце, закапваць або выкідваць куды-небудзь у яр або ў кусты. І мяняць звыклыя шаблоны паводзін не спяшаюцца.

«Ды якое ж у нас смецце? — шчыра дзівяцца многія пажылыя вяскоўцы. — Няма чаго вывозіць!» І гэта даволі распаўсюджаны пункт гледжання. Аднак на дварэ не дзевятнаццатае стагоддзе і не пачатак дваццатага, калі адходы ад хатняй гаспадаркі былі пераважна арганічнымі. Таму вываз смецця — надзённая патрэба, хоць і не ўсімі ўсвядомленая.

Праўда, людзям ва ўзросце здароўе часта не дазваляе ехаць у райцэнтр, каб заключыць дагавор. Але Генадзь Кальчынскі запэўнівае, што праблем ніякіх няма: камунальнікі самі гатовы выехаць да спажыўца паслугі. «Вядома, гэта лішнія выдаткі, але мы ідзём на іх. Садзім некалькіх нашых супрацоўнікаў у «Газель», і яны едуць па вёсках з гатовымі бланкамі. Абы толькі людзі пагадзіліся падпісаць. І мы дасягнулі значнага прагрэсу. На дадзены момант ужо 88,3% гаспадарак дагаворы з намі заключылі. У гэтым сэнсе «ўзорна-паказальныя» — аграгарадок Параф'янава, Крыпульскі і Докшыцкі сельсаветы». Працуюць з гаспадарамі дамоў і на адлегласці: шлюць лісты з прапановай карыстацца паслугай цэнтралізаванага вывазу ТБА.

Як адбываецца збор смецця? Там, дзе ёсць магчымасць, прадпрыемства ўсталёўвае кантэйнерныя пляцоўкі. У іншых выпадках машына ў вызначаны час праязджае па вёсцы, і людзі выходзяць да яе з пакетамі і закідваюць смецце ў кантэйнер. Пажылым і нямоглым зрабіць гэта дапамагае кіроўца. Адначасова прадпрыемства займаецца ліквідацыяй стыхійных сметнікаў. Па словах кіраўніцтва, іх ужо бадай не засталося. Дарэчы, за выкідванне смецця ў неналежным месцы ўпаўнаважаныя спецыялісты маюць права скласці пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. А гэта пагражае штрафамі. Але страх пакарання не павінен з'яўляцца галоўным матыватарам да заключэння дагавора на вываз ТБА. «Мы жывём у XXI стагоддзі, і парадак на зямлі, чысціня на вуліцах павінны быць эстэтычнай патрэбай кожнага чалавека, — кажа Генадзь Кальчынскі. — Гэта мы і тлумачым людзям. Зрэшты, жыхары раёна і самі паспелі ацаніць перавагі цэнтралізаванага вывазу смецця. Заплаціў невялікія грошы — і галава не баліць. Не трэба нічога спальваць і ні ад кога хавацца».

Валянцін БОЙКА

boіka@yahoo.com

Загаловак у газеце: Заплаціў — і галава не баліць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.