Вы тут

Працаўладкаваць усіх ахвотных


Такую мэту ставяць перад сабой улады Мастоўскага раёна

У райвыканкаме адзначылі, што работа па Дэкрэце №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» актывізавалася.


— Літаральна за некалькі дзён праведзена пяць прыёмаў грамадзян, на якіх старшыня райвыканкама і яго намеснікі растлумачылі актуальныя пытанні па рэалізацыі дэкрэта, каб людзі ведалі, куды можна звярнуцца па той ці іншай праблеме. Падчас прыёму прадстаўнікі ўлады выслухалі і далі парады жыхарам раёна, якія звярнуліся з просьбай аб вызваленні ад уплаты збору па фінансаванні дзяржаўных расходаў, — паведаміла намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік.

Як яна паведаміла, днямі з работнікамі фанернага цэха ААТ «Мастоўдрэў» сустрэўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Саўко. Кіраўнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны Тамара Ісачанка расказала аб зваротным боку «зарплаты ў канвертах».

Спецыяльныя камісіі займаюцца пераглядам спісаў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Некаторыя жыхары раёна апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы і не могуць заплаціць збор у памеры 360 рублёў. Частка такіх праблемных пытанняў вырашалася на працягу двух месяцаў. Большасці тых, хто звярнуўся з
заявай аб вызваленні ад збору, пры наяўнасці неабходных дакументаў просьбу задаволілі.

— Перагляд спісаў патрэбны для таго, каб дасягнуць аб'ектыўнай ацэнкі становішча кожнага жыхара раёна, — растлумачыла Марына Давыдзік. — Магчыма, з гэтага спіса знікнуць тыя імёны, чые справы ўжо разгледжаны. Пасля дэтальнага аналізу спецыяльнай камісіяй спісы будуць скарэктаваны. Гэту работу трэба правесці да 1 красавіка.

Намаганні раённай вертыкалі ўлады накіраваныя на тое, каб уладкаваць беспрацоўных, колькасць якіх з пачатку года крыху ўзрасла. Зараз ахвотных знайсці працу каля 200 чалавек. Гэта амаль на 70 чалавек больш, чым на пачатак года. А вось працоўных месцаў 119. Амаль палова вакансій — рабочыя прафесіі.

За мінулы год праз раённую службу занятасці знайшлі працу каля тысячы чалавек, у тым ліку амаль 120 беспрацоўных. Поўнасцю ўладкаваны асобы (а гэта 20 чалавек), якія абавязаны кампенсаваць дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей. На перападрыхтоўку накіравана 50 беспрацоўных.

— Мы ставім сваёй галоўнай задачай працаўладкаваць усіх, хто жадае працаваць, — канстатуе Марына Давыдзік. — Вакансіі ў раёне ёсць, і яны не павінны пуставаць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.