Вы тут

Газавую пліту давядзецца мяняць з-за старасці


Зрабіць гэта можна па цэнах завода-вытворцы і з растэрміноўкай.

Піша вам ветэран працы, пенсіянер па ўзросце, інвалід другой групы, падпісчык вашай газеты з 1968 года. У мяне такі зварот. З сярэдзіны 1988 года карыстаюся газавай плітой Брэсцкага завода газавай апаратуры. Яна і па сённяшні дзень знаходзіцца ў прыдатным для эксплуатацыі стане. 23 лютага Іўеўскі РГЗ прапанаваў гэтую пліту замяніць (гэта значыць, у іх купіць) на новую. У прынцыпе я не супраць гэтай прапановы. Але пры гэтым узнікаюць наступныя пытанні. Чаму прыдатную для эксплуатацыі газавую пліту я павінен мяняць (купляць) на новую? Чаму я павінен аплачваць сто працэнтаў новай пліты? А дзе льготы для пенсіянера, інваліда другой групы, які жыве адзін?

Леанід Уладзіміравіч ТРАФІМЧЫК, г. Іўе.


Падрабязныя адказы на пытанні нашага чытача рэдакцыі аператыўна даў галоўны інжынер Іўеўскага раёна газазабеспячэння (РГЗ) вытворчага ўпраўлення «Смаргоньгаз» Васіль Грынеўскі:

— Тэрмін эксплуатацыі газавай пліты ўстаноўлены не вышэй за 20 гадоў. Па заканчэнні 10—14 гадоў эксплуатацыі (гэта залежыць ад канкрэтнай маркі і прапісана ў пашпарце на канкрэтную пліту) абанент абавязаны пісьмова звярнуцца да нас з заявай аб правядзенні дыягностыкі. Пасля яе заканчэння, калі няма пытанняў да тэхнічнага стану, мы можам прадоўжыць тэрмін эксплуатацыі пліты. Але, як ужо было сказана вышэй, не больш, чым 20 гадоў. Колькі газаваму абсталяванню ў кватэры вашага заяўніка, вы кажаце? Эксплуатуецца з 1988 года? Вось і лічыце. А гэта ж пытанні бяспекі.

Як расказаў далей Васіль Міхайлавіч, незадоўга да таго, як чытач напісаў у газету, на вуліцы, дзе ён жыве, праводзілі тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання. Верагодна, работнікі прадпрыемства і звярнулі ўвагу на пліту Леаніда Уладзіміравіча і прапанавалі яе памяняць.

— У выпадку адмовы мы маем права спыніць газазабеспячэнне канкрэтнага абанента. Разам з тым, уваходзім у становішча чалавека, якому бывае цяжка ў адзін момант узяць і купіць новую пліту. Звычайна на гэта даём адтэрміноўку на месяц-два, а то і тры, — расказаў далей галоўны інжынер прадпрыемства.

А вось льгот на набыццё газавых пліт няма. Іўеўскі раён газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Смаргоньгаз» сапраўды прапануе прадукцыю Брэсцкага завода газавай апаратуры пад гандлёвай маркай «Гефест». Але, па-першае, гэта адпускныя цэны вытворцы. Напрыклад, самую танную чатырохканфорачную пліту можна набыць за 250 рублёў, далей цэннік ідзе да 400—500 рублёў і больш. З іншага боку, паколькі заяўнік жыве адзін, можна выбраць і варыянт з дзвюма канфоркамі за 160 рублёў. Па-другое, прадпрыемства прапануе гэтую прадукцыю завода з растэрміноўкай на шэсць месяцаў. Па словах Васіля Міхайлавіча, у Лідзе, напрыклад, ёсць крама, дзе на пліты таксама даецца растэрміноўка. Але транспартныя выдаткі і страта часу могуць звесці на нуль магчымую выгаду. А ў Іўі ўся лінейка прадукцыі з Брэста выстаўлена ў фае прадпрыемства, ёсць каталог. Напрыканцы галоўны інжынер прапанаваў заяўніку звярнуцца ў выпадку цяжкага матэрыяльнага становішча ў органы сацзабеспячэння па аднаразовую сацыяльную дапамогу. Магчыма, чытач трапіць у лік маючых патрэбу, і гэта стане падтрымкай у набыцці новай пліты.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.