Вы тут

Барацьба з бюракратызмам «буксуе» на бытавым узроўні


Аб дэбюракратызацыі гавораць даўно і многа. І сякія-такія зрухі ў гэтай справе нават ёсць. Але ў паўсядзённым жыцці мы сутыкаемся з неабходнасцю запаўняць ці не стосы папер. Адны з гэтых дакументаў маральна ўстарэлі, а іншыя даўно можна перавесці ў электронны фармат. Тыповая бюракратычная сітуацыя — працаўладкаванне.


Для кадравіка савецкага гарту ідэальны работнік — той, у каго ў працоўнай кніжцы два запісы. Першы — што прыйшоў працаваць у пэўную арганізацыю. Другі — што пайшоў адтуль на пенсію. А з цяперашнімі маладымі адна бяда. Лётаюць, бы дурныя, з месца на месца, усё нейкія выгоды сабе вышукваюць. Але ж такі час: моладзь стала больш мабільнай, прагматычнай і не баіцца перамен у жыцці. І калі праца нечым не задавальняе — бывайце здаровы, жывіце багата! А я пашукаю сабе лепшае долі ў іншай канторы...

Гэтаксама і мне на золку журналісцкай кар'еры давялося папабегаць па розных рэдакцыях. А калі ўзяць да ўвагі непазбежныя ў юнацтве падзаработкі, то можаце сабе ўявіць «эпас», які я маю ў працоўнай кніжцы. Дзякаваць богу, цяперашнія наймальнікі ўсё часцей глядзяць на тое праз пальцы і больш зважаюць на твае навыкі, чым на паперы.

Але паперы свой рэванш усё адно бяруць. Калі прыходзіш афармляцца ў аддзел кадраў, надараецца дэжавю: усё гэта ты ўжо бачыў неаднойчы. А менавіта — стос абавязковых бланкаў. І ладную палову першага працоўнага дня ты крэмзаеш у графах, якія ў жыцці запаўняў ужо сто разоў. Пры гэтым не пакідае ўражанне, што многія з іх перапісаны са старых савецкіх узораў. Напрыклад, нацыянальнасць у наш час не пазначаюць нават у пашпарце. Але ў дакументах, якія запаўняюцца пры ўладкаванні на працу, такая графа дагэтуль сустракаецца. Хаця 50-ы артыкул Канстытуцыі сцвярджае: ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і паказання сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Я магу хоць зулусам назвацца — і паспрабуйце дакажыце адваротнае. Нават на там-таме сыграю. Каму якая справа да майго этнічнага паходжання? Мінулі тыя часы, калі «няправільная» нацыянальнасць была нагодай узяць на заметку яе носьбіта. А графа ўсё вандруе з бланка ў бланк.

Яшчэ адна строгая графа патрабуе шчыра, як на духу, прызнацца, ці маю я сваякоў за мяжой. А таксама пералічыць, хто з іх дзе жыве і чым займаецца. Што гэта? Прывітанне ад пільных чэкістаў 30-х гадоў? Але ж трэба — значыць, трэба. Адказваю: мая бабуля ва ўкраінскім Чарнігаве вяжа шкарпэткі і глядзіць тэлевізар. Але — хоць забіце! — не ведаю, чым займаецца ў Партугаліі бацькаў стрыечны брат. Мяркую, што смакуе віно і купаецца ў моры... Ці падтрымліваю я зносіны з асобамі, якія пастаянна пражываюць за мяжой? Ці бываў я сам за мяжой? Калі? З якімі мэтамі? Гэта таксама рэальныя пытанні з анкеты. Але ж задаваць іх сучаснаму чалавеку — гэта ўсё адно што прасіць прыгадаць, колькі разоў у жыцці ён купляў хлеб, вытворчасці якога завода, па якой цане і ў якой краме. Бо цяпер ці не ў кожнага знойдуцца сваякі, сябры, знаёмыя ў іншых краінах. А многія з беларусаў катаюцца ў замежжа па некалькі разоў на год. А перапіскі з замежнікамі ў Фэйсбуку — гэта таксама лічыцца «падтрыманнем зносін»? Тэарэтычна я магу паспрабаваць падаць усе гэтыя звесткі ў поўным аб'ёме. Калі мне дадуць тыдні два водпуску і яшчэ пару пачкаў паперы...

Чытаў некалі ў мемуарах Васіля Быкава, што той наўмысна «пасяліў» памерлага сваяка ў Заходнюю Германію, каб ухіліцца ад вайсковых збораў і спакойна займацца творчасцю. Дапамагло: у ваенкамаце, прачытаўшы тую анкету, вырашылі не прызываць з запасу «ненадзейнага» афіцэра. «Жалезная заслона» даўно абрынулася, а анкеты па-ранейшаму нясуць подых халоднай вайны. Навошта, скажыце, кадравікам звесткі пра маіх замежных сваякоў? Якой дзяржаўнай таямніцай я валодаю, калі ўладкоўваюся, напрыклад, дворнікам? Планам размяшчэння новых звышсакрэтных кантэйнераў для смецця на тэрыторыі ЖЭУ?

Што ў нас далей у спісе? Звесткі аб папярэдніх месцах работы? Пагаджуся: рэч патрэбная. Але я не ідэальны супрацоўнік з пункту гледжання «олдскульнага» кадравіка. І пакуль перапішаш усе даныя з працоўнай кніжкі, рука дранцвее. І тут лагічна задацца пытаннем: чаму ў эпоху суцэльнай камп'ютарызацыі мы дагэтуль псуём паперу? Няўжо нельга стварыць агульнанацыянальную базу даных усіх работнікаў? Уладкоўваешся, звальняешся, пераводзішся — і кадравік заносіць туды свежыя звесткі. А на новым месцы яго калега бярэ іх з базы. Калі што, можна раздрукаваць. І работадаўцам было б прасцей: ужо не «згубіш» працоўную кніжку, калі з папярэдняга месца звольнілі па «непрыгожым» артыкуле.

Працаўладкаванне — гэта толькі адна з бюракратычных сітуацый. А калі сягнуць глыбей у офісныя працэсы, то высвятляецца, што ў нас дагэтуль «ганяюць» маральна ўстарэлыя факсы, шлюць кур'ераў, пачкамі закупляюць канверты з маркамі для міжведамаснай перапіскі. Хоць даўно існуе сістэма электроннага дакументаабароту, дзе кожная «віртуальная» папера мае лічбавы подпіс, што засведчвае яе сапраўднасць. І тысячы прадпрыемстваў і арганізацый да сістэмы даўно падключыліся. Але па-ранейшаму карыстаюцца старымі, звыклымі папяровымі дакументамі. І, адпаведна, устарэлымі сродкамі сувязі. Класічны выпадак, калі праблема не ў тэхніцы, а ў галовах. І дзе ж тая дэбюракратызацыя, пра якую мы так любім пагаварыць пры нагодзе? Забуксавала ў папяровых завалах?

Папер павінна быць як мага менш. Пра гэта гавораць усе: ад прадпрымальнікаў да міністраў. Але вялікую справу трэба пачынаць з малога — са штодзённага жыцця. Інакш барацьба з лішнімі паперамі будзе як лекцыя аб шкодзе тытуню, пасля якой усе ківаюць у знак згоды і... дружна закурваюць.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Без паперы няма веры?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.