Вы тут

Гарантыйны фонд для бізнесу


ХVІІІ Асамблея дзелавых колаў «Ад узаемаразумення да ўзаемадзеяння» стала цэнтральным мерапрыемствам ІІ Тыдня беларускага прадпрымальніцтва, які праходзіў у Мінску з 24 лютага па 3 сакавіка. Удзельнікі асамблеі разгледзілі праект Нацыянальнай платформы бізнесу — 2017 і абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі ўдасканальвання дзелавога клімату нашай краіны. Якія з агучаных ініцыятыў прадпрымальнікаў дзяржава будзе разглядаць у першую чаргу? Аб гэтым вялася размова на ўчарашнім брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.


Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва (РКП) Віктар Маргелаў паведаміў, што сёння з боку дзелавой супольнасці і органаў дзяржкіравання ёсць разуменне таго, што ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях закладзены нормы, якія прадугледжваюць празмерную адказнасць за эканамічныя правапарушэнні. Паводле яго ацэнкі, памеры штрафаў за некаторыя віды парушэнняў не адпавядаюць аб'ёму нанесенай дзяржаве шкоды, а таксама фінансавым магчымасцям тых, хто павінен іх заплаціць.

Знізіць штрафы ўдвая

Віктар Маргелаў адзначыў, што міжведамасная рабочая група ўжо займаецца падрыхтоўкай прапаноў па скарачэнні памераў штрафаў, якія прапісаны ў кодэксе. «Гэта пытанне неабходна вырашыць ужо сёлета. Як экстраннае рашэнне для пачатку мы прапанавалі ва ўказе панізіць для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ніжнюю і верхнія планкі штрафаў яшчэ да паправак у КоАП у два разы. Гэта будзе цалкам справядліва і будзе больш адпавядаць сённяшнім рэаліям», — лічыць сустаршыня РКП.

У сваю чаргу, дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Пётр Арушаньянц паведаміў, што ў наступным годзе ў Беларусі будзе створаны гарантыйны фонд для малога і сярэдняга бізнесу. «У нас мэта не проста стварыць гарантыйны фонд для моцных высокадаходных прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра тое, што ён будзе з'яўляцца не столькі фінансавым інстытутам, колькі інстытутам развіцця. Гэта будзе фонд, разлічаны на падтрымку стартапаў, прадпрыемстваў, якія пачынаюць бізнес, маюць ідэі, але не маюць капіталу», — расказаў Пётр Арушаньянц. Паводле яго слоў, цяпер ідзе работа над выбарам мадэлі гарантыйнага фонду, у тым ліку з міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу ў стварэнні такога механізма.

Развіваць прадпрымальніцтва на вёсцы

Міністэрства эканомікі адзначае, што сёння ў Беларусі сур'ёзна не хапае прадпрымальніцкіх структур у сельскай мясцовасці. «Адным з сур'ёзных напрамкаў нашай работы з'яўляецца развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. Зараз у нашай краіне налічваецца больш за 110 цэнтраў падтрымкі прадпрымальнікаў і бізнес-інкубатараў. Мы хочам пастаянна павялічваць іх колькасць, і спадзяюся, што да 2020 года яна ўзрасце ўдвая», — адзначыў Пётр Арушаньянц. Прычым асноўны акцэнт будзе зроблены не на сталіцы і абласных цэнтрах, а на малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Што датычыцца фінансавай падтрымкі бізнесу, то яна ўжо аказваецца — Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў выдае крэдытныя сродкі пад 10% гадавых у нацыянальнай валюце. Менавіта 80% кліентаў гэтай структуры — бізнес з раённых цэнтраў і малых гарадоў. «Але што датычыцца не фінансавай, а арганізацыйнай падтрымкі, то ў дадзеным выпадку неабходна зрабіць упор на развіцці сістэмы інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. У гэтым кірунку цяпер вядзецца работа з бюджэтнымі сродкамі і сродкамі міжнароднай дапамогі», — праінфармаваў дырэктар дэпартамента.

Наконт гэтага Віктар Маргелаў адзначыў, што, каб зацікавіць прадпрымальнікаў развіваць бізнес у малых гарадах, неабходныя комплексныя рашэнні. «Па сутнасці справы ім трэба дапамагаць у рэжыме супербізнес-інкубатараў. Другое — неабходна ствараць умовы для развіцця сацыяльнага прадпрымальніцтва не дзеля прыбытку, а для забеспячэння людзей рабочымі месцамі і заробкам», — падкрэсліў ён.

Стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх

Цяпер у Беларусі няма гарантыйных фондаў у чыстым выглядзе, аднак дзейнічае Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, куды могуць звярнуцца суб'екты малога і сярэдняга бізнесу, адзначыў намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Сяргей Навіцкі. Тут прадпрымальнікі і прадпрыемствы могуць атрымаць грошы пад працэнты, удвая меншыя па звычайных крэдытах. Пэўныя сродкі закладзены ў абласных бюджэтах. Буйную праграму фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу рэалізуе Банк развіцця Беларусі. А яшчэ Сяргей Навіцкі лічыць, што ўмовы вядзення бізнесу павінны быць аднолькавымі і для дзяржаўных і для прыватных прадпрыемстваў.

«Сёння трэба выраўнаваць умовы гаспадарання як для дзяржпрадпрыемстваў, так і для прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Усё роўна, дзе будуць занятыя людзі — на прыватным прадпрыемстве або дзяржаўным, таму ўмовы вядзення бізнесу для іх павінны быць аднолькавымі, як і ўмовы канкурэнцыі. Гэта адна з самых галоўных задач, якую мы павінны вырашыць сёння», — лічыць Сяргей Навіцкі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.