Вы тут

Любоў да арміі — праз фотаздымкі


У Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Беларусі экспануецца выстаўка, якая расказвае пра Скобелеўскі лагер.

Пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, невялікае поле пад Баранавічамі становіцца эпіцэнтрам баявой падрыхтоўкі. На манеўры ў Скобелеўскі лагер, названы ў гонар "белага генерала", прыбываюць вайскоўцы Рускай імператарскай арміі. У асноўным — ураджэнцы Беларусі.


Дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі Сяргей АЗАРОНАК, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, святар Гардзей ШЧАГЛОЎ і калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ падчас адкрыцця выставы.

За 125 гадоў існавання прызначэнне гэтага месца не змянілася. Сёння, ужо на Абуз-Лясноўскім палігоне, або 230-м агульнавайсковым палігоне Узброеных Сіл, удасканальваюць сваё майстэрства ваеннаслужачыя сучаснай беларускай арміі.

— Гісторыя Скобелеўскага лагера ўнікальная, — лічыць вядомы калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ. — Заснаваны ў 1892 годзе, палігон ні разу не зачыняўся, ніколі не пуставаў. З моманту яго ўтварэння ён належаў войскам царскай арміі. У гады Першай сусветнай тут размяшчаўся палігон і лагер для немцаў. У міжваенны перыяд, калі гэтая тэрыторыя знаходзілася пад Польшчай, тут быў польскі вайсковы палігон, які падчас Другой сусветнай вайны пераўтварыўся ў канцэнтрацыйна-працоўны лагер для савецкіх грамадзян. Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэта быў палігон агульнасаюзнага значэння. Цяпер ён належыць нашай арміі.

Ідэя расказаць пра гісторыю Скобелеўскага лагера ўзнікла не выпадкова. Збіраючы старыя фотаздымкі і паштоўкі, Уладзімір Ліхадзедаў натрапіў на даволі рэдкія і малавядомыя выявы. Пры далейшым вывучэнні ён даведаўся, што на іх адлюстраваны Скобелеўскі лагер, які дагэтуль мала даследаваны гісторыкамі.

Цяпер у калекцыі Ліхадзедава — больш як 100 фотаздымкаў з выглядам палігона. На фатаграфіях пачатку мінулага стагоддзя — шыкоўныя будынкі афіцэрскіх сходаў, манеўры, стрэльбы. Тут можна ўбачыць не толькі баявую падрыхтоўку войск рускай арміі, а і тое, як узнагароджвалі лепшых вайскоўцаў, як быў наладжаны іх побыт, якім чынам афіцэры і салдаты бавілі вольны час...

Гэтыя эксклюзіўныя кадры, а таксама не менш цікавыя архіўныя матэрыялы, знойдзеныя калекцыянерам Уладзімірам Пефціевым і доктарам царкоўнай гісторыі Гардзеем Шчагловым, увойдуць у кнігу, прысвечаную гісторыі Скобелеўскага лагера.

Дарэчы, чаму ён так называецца? Быў час, калі Мінскім гарнізонам, на балансе якога і знаходзіўся лагер, камандаваў генерал Міхаіл Скобелеў. Выдатны рускі военачальнік ХІХ стагоддзя праславіўся падчас Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. За любоў да белых кіцеляў і коней увайшоў у гісторыю як "белы генерал". У Скобелеўскім лагеры павінен быў з'явіцца помнік генералу, але планы перарвала Руска-японская вайна. Як лічаць эксперты, хутчэй за ўсё гэтыя грошы пайшлі на знакаміты помнік Скобелеву ў Маскве.

— У дарэвалюцыйны час Скобелеўскі лагер уяўляў сабой не проста палігон для манеўраў і вучэнняў, гэта быў жылы лагер са складанай інфраструктурай, — гаворыць прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, святар Гардзей ШЧАГЛОЎ. — На яго тэрыторыі знаходзіліся цэлыя вуліцы, вельмі прыгожыя асабнякі афіцэрскіх сходаў, стаяла царква, у якой у тым ліку маліліся жыхары навакольных вёсак. Таму нельга сказаць, што гэта было замкнёнае жыццё ваеннага гарнізона.

Як расказаў дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі Сяргей АЗАРОНАК, за апошняе дзесяцігоддзе, а можа і больш, падобнай выстаўкі, якая расказвала б наведвальнікам аб арганізацыі баявой падрыхтоўкі ў сучаснай арміі, а тым больш аб тым, што ёй папярэднічала, не было. "Тут жа служылі беларусы, якія паказвалі добрыя вынікі сваёй баявой падрыхтоўкі, — кажа дырэктар музея. — Сёння створана сучасная вучэбна-матэрыяльная база забеспячэння баявой падрыхтоўкі войскаў, але ўмовы, у якіх удасканальвалі сваё баявое майстэрства нашы продкі, мала чым саступаюць. На манеўры ў Скобелеўскі лагер прыязджала знаць. Гэта былі цэлыя святы! Калі глядзім на тыя падзеі праз фотаздымкі, адчуваецца любоў народа да сваёй арміі".

Кніга аб Скобелеўскім лагеры, падрыхтаваная Уладзімірам Ліхадзедавым, Уладзімірам Пефціевым і Гардзеем Шчагловым, стане добрым падарункам да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.

Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ і Гардзей ШЧАГЛОЎ (на фота) разам з Уладзімірам ПЯФЦІЕВЫМ выдадуць кнігу, прысвечаную гісторыі Скобелеўскага лагера.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Канстанціна ДРОБАВА і з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.