Вы тут

Спецыялісты абмеркавалі, як рыхтаваць міліцэйскія кадры


На базе Акадэміі МУС прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да 100-годдзя беларускай міліцыі і прысвечаная Году навукі ў Беларусі. На парадку дня — барацьба са злачыннасцю і падрыхтоўка прафесіяналаў для службы ў праваахоўных органах. Абменьваліся вопытам напрамую і завочна прадстаўнікі больш як 80 арганізацый і 20 ведамстваў не толькі з Беларусі, але і з Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Расіі, Сербіі, Харватыі, Узбекістана і Украіны. У ліку ўдзельнікаў канферэнцыі 28 дактароў і 218 кандыдатаў навук.


Як адзначыў начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Уладзімір БАЧЫЛА,  зараз, як ніколі, актуальная тэма выканання правоў чалавека: “Гэта не значыць, што ў нас ёсць праблемы. Гэта значыць, што сусветная тэндэнцыя ўсё больш узмацняе гэты аспект у дзейнасці паліцэйскіх структур розных дзяржаў”.  У беларускіх праваахоўнікаў ўжо ёсць выпрацаваная стратэгія ў гэтай сферы, якой яны нават гатовы падзяліцца з замежнымі калегамі.

Па словах Уладзіміра Бачылы, у падрыхтоўцы міліцэйскіх кадраў у першую чаргу варта звяртаць увагу на прафесіяналізм з пункту гледжання аперыравання рознымі інстытутамі права. Па-ранейшаму важныя пытанні, звязаныя з фізічнай і агнявой падрыхтоўкай, развіццём пачуцця абавязку, адказнасці і гатоўнасці заўсёды прыйсці на дапамогу, а таксама падтрыманнем высокага ўзроўню агульнай культуры.

Што датычыцца навучальнага працэсу, то, па прызнанні гасцей форуму, у беларусаў сапраўды ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, тры гады таму ў Акадэміі МУС распачалі эксперымент. Узялі за аснову еўрапейскую мадэль навучання, калі перад пачаткам семестра курсантам раздаецца матэрыял па дысцыпліне і да заняткаў яны рыхтуюцца самастойна. Аднак з цягам часу выкладчыкі прыйшлі да высновы, што больш эфектыўна перад тым, як правяраць веды, усё ж правесці лекцыю-дыскусію.

Акрамя тэарэтычных заняткаў у праграме шмат практычных. Прычым адпрацоўваюцца менавіта рэальныя сітуацыі, якія адбываліся з супрацоўнікамі міліцыі на працягу года. Прававая ацэнка даецца не толькі дзеянням затрыманых, але і дзеянням прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Дoбра, што падзяліцца практычным і жыццёвым вопытам ёсць каму: у Акадэміі выкладаюць самыя лепшыя спецыялісты галіны, у тым ліку і былыя міністры ўнутраных спраў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца як укараненню сучасных тэхналогій у працэс навучання, так і супрацьдзеянню выкарыстання іх у крымінальных мэтах у першую чаргу ў сферы абароту наркотыкаў і эканамічных злачынстваў.

— Напрыклад, у Францыі ўвесь бізнес "у лічбе", акрамя таго, і дзяржаўную эканоміку там плануюць цалкам перавесці ў інфармацыйную прастору. А гэта новыя праблемы, новыя методыкі ўдасканалення злачынстваў, і мы павінны ўжо цяпер вучыцца іх прадухіляць, — расказаў начальнік Акадэміі.

На базе Акадэміі МУС дзейнічае міжнародны навучальны цэнтр, праз які штогод праходзіць каля 800 чалавек, а ў якасці лектараў выступаюць не толькі беларускія спецыялісты, але і эксперты з усяго свету.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.