Вы тут

У Лёзненскім раёне паспяхова дзейнічаюць прыватныя прадпрыемствы


У Лёзненскім раёне дзякуючы падтрымцы мясцовай улады паспяхова дзейнічаюць прыватныя прадпрыемствы, запускаюцца новыя вытворчасці.


— Робіцца ўсё магчымае, каб прыцягнуць інвестараў на самых прывабных для іх умовах. У нас больш станоўчых прыкладаў у гэтым кірунку, — расказвае Тамара Дрылёнак, старшыня Лёзненскага райсавета дэпутатаў.

Сярод новых — прадпрыемства па вытворчасці сінтэтычных мыйных сродкаў. Для рэалізацыі праекта ўкраінскім бізнесменам бязвыплатна перадалі плошчы былога кансервава-сушыльнага завода. Цяпер тут ужо асвоілі выраб бальзамаў і шампуняў. Прадукцыю можна бачыць у крамах пад брэндам «Конская сіла». Другі этап — закупка абсталявання і ўстаноўка лініі для вытворчасці мыла.

У 2017 і 2018 гадах плануецца вытворчасць альтэрнатыўных відаў энергіі — напрыклад, энергіі ветру. Інвестарам «экалагічная энергія» выгадная тым, што за кілаваты, якія трапяць у цэнтралізаваную сістэму, плацяць больш. 6 мегават электраэнергіі хопіць, напрыклад, каб забяспечыць на працягу года работу самага буйнога віцебскага прадпрыемства.

— Сярод ужо вядомых прадпрыемстваў — чэшскае па вырабе пелет. Каля 30 чалавек атрымалі работу. Амаль 95% прадукцыі экспартуецца.

Эфектыўна працуе і цэх — у складзе знакамітага абутковага прадпрыемства «Марко». 15 чалавек (мясцовыя жыхары) робяць дэталі абутку. Плануецца пашырыць аб'ёмы вытворчасці. Тым больш, што вытворчыя плошчы дазваляюць. Раней жа тут знаходзіліся атэлье і цэхі камбіната бытавога абслугоўвання, — расказвае намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Вячаслаў Чарнавусаў.

Таксама вялікі ўклад у эканоміку раёна ўносіць прадпрыемства, якое вырабляе драўляныя «кабельныя» барабаны для буйной кампаніі-вытворцы.

— Яна экспартуе прадукцыю ў краіны ЕАЭС і ЕС. Ёсць і камерцыйнае прадпрыемства, якое паспяхова працуе на рынку змазачных матэрыялаў. Вырабляецца шырокі спектр раздзяляльных і іншых змазак, змазачна-ахаладжальных вадкасцяў і гэтак далей. Вядзецца распрацоўка новых відаў прадукцыі, — дадае Тамара Дрылёнак.

Безумоўна, наяўнасць работы, якая своечасова і параўнальна нядрэнна аплачваецца, стабільнае папаўненне бюджэту падаткамі — добрыя паказчыкі эканомікі. І сярод іншага гэта гарантыя таго, што насельніцтва не будзе шукаць «доўгі рубель» у суседнім Віцебску ці ў Расіі, да якой, як кажуць, рукой падаць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Лёзненскі раён

Загаловак у газеце: І нават энергія ветру...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.