Вы тут

Пабачыла свет кніга Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі»


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў айчынных выдавецтвах (а сярод іх — і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», і Выдавецкі дом «Звязда», і «Народная асвета») адна за другой выходзяць яркія, цікавыя кнігі, звязаныя і з гісторыяй беларускага кнігадрукавання, і з імем Францыска Скарыны. У «Мастацкай літаратуры» — яшчэ адна навінка: пабачыла свет кніга Францыска Скарыны «Маем найбольшае самі». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Алесь Разанаў у паэтычнай форме пераказаў прадмовы са скарынаўскіх кніг.


Урыўкі з гэтага выдання ўжо друкаваліся ў часопісе «Полымя» і газеце «Літаратура і мастацтва». Сёння чытач мае магчымасць спрычыніцца да мастацкіх адкрыццяў першадрукара і яго перакладчыка. Дарэчы будзе заўважыць, што беларуская старасветчына, гісторыя культуры Беларусі ў даўнія стагоддзі — заўсёдная хвалюючая тэма для Алеся Разанава. Сёння можна смела і аб'ектыўна павіншаваць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Разанава і выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое пры фінансавай падтрымцы дзяржавы здзейсніла выключна вялікую справу. Прыемна, што кніга выдадзена ў чаканні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вядомы даследчык, кнігазнаўца Алесь Суша з'яўляецца аўтарам прадмовы да кнігі «Маем найбольшае самі». Вось што піша даследчык: «Неўміручасць слоў Францыска Скарыны даўно спрыяе развіццю аргументацыі ў духоўных памкненнях народа Беларусі. І празорлівыя чытачы гэта бачаць і ўсведамляюць...»

У свой час менавіта Алесь Разанаў быў сярод ініцыятараў нараджэння паэтычнай кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Яна, між іншым, двойчы пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Тварэнне мастацкай гісторыі працягваецца. Сёння следам за Скарынам і Алесем Разанавым мы прачытваем, паўтараем, асэнсоўваем, разважаем: «Пісанне, натхнёнае Богам, / карыснае ўсякаму чалавеку: / для навучання / і разважання, / для ачышчэння / і высвядчэння, / для выпраўлення / і для здзяйснення праўды, / каб дасканалы быў чалавек / і здатны / да ўсякае добрае справы, / як піша апостал Павел».

У свой час кнігі Скарыны яго сучаснікі заўважылі яшчэ і таму, што ён быў наватарам у ілюстраваным, мастацкім прачытанні Бібліі. Важную ролю і цяпер адыгрывае ў падобных выданнях мастацкі складнік. Дызайн і афармленне кнігі ажыццявіла вядомы кніжны графік, дызайнер Тамара Мельянец. Менавіта яна калісьці распрацавала серыю філакартычных выданняў — «У пошуках страчанага». Зразумела, грунтам яе творчых пошукаў у кнізе «Маем найбольшае самі» стала ілюстрацыйная спадчына Францыска Скарыны. Тыраж кнігі, якая бачыцца добрым падарункам для ўсіх, хто неабыякавы да беларускай культуры, беларускага асветніцтва, — 500 экзэмпляраў. Мо як для юбілейнага года і не так шмат?.. Але ж час пакажа — і, пэўна, будзе ў кнігі і другі тыраж.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Паэт Веры і Асветніцтва

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.