У Мінску ўрачыстая цырымонія, прысвечаная даце, прайшла ў Доме дружбы. Тут сабраліся актывісты таварыства Беларусь—В'етнам, прадстаўнікі беларускага ўрада, члены парламента, дыпламаты.
Пасол В'етнама ў Беларусі Ле Ань зачытаў прысутным віншаванне кіраўніка яго дзяржавы з нагоды юбілейнай даты ў двухбаковых дыпламатычных адносінах. У сваю чаргу, міністр прамысловасці Віталь Воўк зачытаў віншаванне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Абодва прэзідэнты выказвалі ўпэўненасць у тым, што нашы краіны будуць і надалей развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, бо В'етнам і Беларусь звязаны паміж сабой моцным сяброўствам двух народаў, краіны каардынуюць і падтрымліваюць адна адну на міжнароднай арэне.
Спадар Ле Ань, іншыя выступоўцы падкрэслівалі, што паступова гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і В'етнамам набываюць устойлівую тэндэнцыю росту. Сёлета пастаўлена амбіцыйная задача — давесці тавараабарот паміж дзвюма краінамі да 500 млн долараў ЗША. Эканамічны патэнцыял краін, пакупніцкая здольнасць В'етнама (за апошнія 10 гадоў краіна ў пяць разоў павялічыла імпарт (з 3 да 14 млрд долараў ЗША) дазваляе яе вырашыць. І, трэба думаць, што 500 мільёнаў — не мяжа ва ўзаемным гандлі.
Новыя магчымасці адкрыла падпісанне пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж В'етнамам і краінамі ЕАЭС. Дакумент прадугледжвае зніжэнне або адмену мытных пошлін на шэраг тавараў, паляпшэнне ўмоў для інвестыцый, трансгранічнага гандлю таварамі і паслугамі. І не толькі з В'етнамам. Але і з краінамі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), членам якой з'яўляецца В'етнам. У Асацыяцыю ўваходзяць краіны з насельніцтвам амаль 500 мільёнаў чалавек. Пагадненне дазваляе праз В'етнам бяспошлінна выходзіць на іх велізарны рынак.
Падчас урачыстага мерапрыемства пасол Ле Ань уручыў в'етнамскі ордэн Дружбы экс-паслу Беларусі ў В'етнаме Валерыю Садоху — пяць апошніх гадоў менавіта Валерый Яўгенавіч узначальваў наша дыппрадстаўніцтва ў В'етнаме. У многім дзякуючы яго намаганням беларуска-в'етнамскія адносіны ў розных сферах выйшлі на якасна новы ўзровень. Плённая праца дыпламата не засталася незаўважанай кіраўніцтвам В'етнама. Яго Прэзідэнт Чан Дай Куанг прыняў рашэнне ўзнагародзіць пасла ордэнам Дружбы.
Леанід Тугарын
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?