Вы тут

У Літве 23 снежня адзначаецца свята Блукаса



У гэты дзень яго, Блукаса, спаляць — як сімвал недавершаных спраў і няспраўджаных спадзяванняў. Блукас — стары пень, літаральна і метафарычна. Як толькі спаляць яго, закаціўшы папярэдне ў кожны двор, дык і Новы год неўзабаве прыйдзе. Бо толькі пасля спальвання Блукаса дзень пачынае павялічвацца, паварочваць на вясну, а з ёю, вясною, прыходзяць і новыя справы, і новыя спадзяванні. Хочаце трапіць на Свята Блукаса? Вам у літоўскую вёску.


Калядны кірмаш на Елагіным востраве ў Санкт-Пецярбургу адкрыецца заўтра і будзе працаваць да канца студзеня. Па-першае, варта наведаць тамтэйшы палац — ён шэдэўральны, па-другое, набыць сабе і родным рукавіц-шкарпэтак-шапак-шалікаў, звязаных рукамі з любоўю і радасцю, па-трэцяе, пакаштаваць імбірных пернікаў з гарачым глінтвейнам, па-чацвёртае, пакоўзацца на каньках, па-пятае, набыць сувеніраў і ўпрыгажэнняў для ялінкі. Нагодаў, інакш кажучы, хапае.


Тым, каго непакояць лаўры дабрака Санты настолькі, што хочацца яго замяніць, прапануюцца спецыяльныя майстар-класы. У Санту яны не ператвараюць, але вучаць запакоўваць падарункі так, як гэта робіць ён. Каб наведаць такі майстар-клас, трэба трапіць у Капенгаген да 31 снежня. Каго ў нас непакояць лаўры Санты?


Найлепшыя цацкі для ялінак — ручной работы. Найлепшыя ялінкавыя цацкі ручной работы — чэшскія. Найлепшыя з чэшскіх ялінкавых цацак ручной работы — выстаўленыя на калядным кірмашы ў старой Празе, на Старамесцкай плошчы. Вы спытаеце пра тамтэйшыя прысмакі. На Каляды ў Чэхіі выпякаецца шмат што — ад штоленаў-кексаў да пернічкаў і рагалікаў, усё ў навагоднім дызайне і смаку.


Кажуць, у Варшаве падчас навагодніх кірмашоў пах глінтвейну змешваецца з пахам цукру, падсмажанага спецыяльна для булачак, якія пякуцца літаральна на вачах у ласуноў. Кажуць, там яшчэ шмат рознага смачнага, і ад пагляду на гэтае смачнае душа ператвараецца ў суцэльнае карамельна-ванільна-мядовае (ёсць варыянты) шчасце. Можа, паехаць туды хоць на дзень? Булачкі з навагоднім настроем будуць пячыся да 8 студзеня. Месца — Рынкавая плошча.


Калядны кірмаш у Валькенбургу (Нідэрланды) не зусім звычайны. Гэта і кірмаш, і адначасова атракцыён. Ладзіцца не на плошчы, а літаральна ў пячоры, размешчанай пад руінамі замка. Вось чаго, здаецца, яшчэ не хапае душы, стомленай у пошуках прыгод пад Новы, 2017-ы, вельмі шчаслівы год.


 

Загаловак у газеце: Далёка і блізка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.