Вы тут

Уручаны дзяржузнагароды лепшым працаўнікам па выніках пяцігодкі


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер. Цырымонія адбылася ўчора ў Палацы Незалежнасці. Гэта першае з шэрагу мерапрыемстваў па ўшанаванні найлепшых працаўнікоў па выніках пяцігодкі.


Ордэнаў і ганаровых званняў удастоены 36 чалавек за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, сельскай і лясной гаспадарцы, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальных адносін, навуковай дзейнасці, сферы аховы здароўя, мастацтва, культуры і спорту.

Цёплыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў тым, хто звязаў свой прафесійны лёс з вытворчай сферай. Гэта работнікі прадпрыемстваў, якія па праву лічацца беларускімі брэндамі. «Іх прадукцыя запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. На прадпрыемствах актыўна ўкараняюцца перспектыўныя распрацоўкі, новыя тэхнічныя рашэнні, што дазваляе павысіць якасць прадукцыі, знізіць яе сабекошт, энерга- і рэсурсаёмістасць, — адзначыў Прэзідэнт. — На жаль, далёка не на ўсіх прадпрыемствах. Мы нядаўна разглядалі гэтыя праблемы на прыкладзе машынабудаўнічай галіны».

«Вашы дасягненні ў цяперашні няпросты час сведчаць аб тым, што сапраўдным залогам поспеху з'яўляюцца ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Узнагароды ўручаны работнікам аграпрамысловага комплексу, якія, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, годна гарантуюць харчовую бяспеку краіны і важка папаўняюць валютныя рэсурсы. Сярод найлепшых гаспадарак — СВК «Агракамбінат Сноў», які летась быў прызнаны лідарам у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў заслугі ААТ «Лазовічы» Клецкага раёна і СВК «Світанак» Кіраўскага раёна.

На цырымоніі таксама прысутнічала вялікая група прадстаўнікоў сілавых структур, сярод якіх ваеннаслужачыя і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. «Менавіта на вас ускладзена выключна важная місія гарантавання бяспечных умоў жыцця грамадзян, законнасці і правапарадку ў грамадстве, надзейнай абараназдольнасці краіны. Прыміце словы ўдзячнасці за тое, што аберагаеце самае дарагое для чалавека, грамадства, краіны — мір і спакой у нашых дамах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку ўзнагароджаных — урачы, прадстаўнікі калектываў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Мінскага абласнога радзільнага дома, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

Даніну павагі Аляксандр Лукашэнка аддаў і тым, хто праслаўляе Беларусь спартыўнымі дасягненнямі. «Няхай іх апошнім часам стала не так шмат, але яны ёсць», — адзначыў ён. Ганаровых званняў удастоены спартсмены, якія заваявалі медалі на міжнародных спаборніцтвах, група трэнераў, якія выхоўваюць новых чэмпіёнаў і шырока прапагандуюць сярод насельніцтва спорт і здаровы лад жыцця.

Культурную сферу на мерапрыемстве прадстаўлялі артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт падзякаваў ім за тое, што яны нясуць грамадству ідэалы сапраўднай прыгажосці, гармоніі і высокага мастацтва.

«Сёння вы набылі сапраўды ўсенароднае прызнанне за заслугі перад Радзімай. Няхай успаміны пра гэты дзень стануць для вас стымулам да новых дасягненняў», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Загаловак у газеце: Ініцыятыва, прафесіяналізм і адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.