Вы тут

Уладзімір Панцюхоў: «У грамадзян дробных просьбаў не бывае»


У яго шафе ўсе дакументы скрупулёзна раскладзены па папках: «Еўразійскі эканамічны саюз», «Усебеларускі сход», «Пастаянная камісія» і... «Добрыя справы». У апошняй сабраны звесткі не пра дабрачыннасць, як можа падацца на першы погляд, а пра работу ў рэгіёне. Дакладней, канкрэтныя справы, у якіх атрымалася дапамагчы грамадзянам, што звярнуліся да сенатара. Уладзімір ПАНЦЮХОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ў пятым і шостым скліканнях, член Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па эканамічнай палітыцы, быў вылучаны ад Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці. І за чатыры гады работы ў верхняй палаце папка «Добрыя справы» стала поўная.


«Спектр зваротаў ад людзей не ўкладваецца ні ў адзін рамачны фармат, — дзеліцца сваімі думкамі Уладзімір Панцюхоў. — Часам яны бываюць папросту нечаканымі. На пытанне, чаму звяртаецеся менавіта да мяне, часцей за ўсё адказваюць: «Нам сказалі, што вы можаце дапамагчы і не адмовіце ў гэтым». Таму зваротаў як у пісьмовай, так і ў вуснай форме хапае. Некаторыя нават праз Vіber лістуюць, я ўжо не кажу пра электронную пошту... Для мяне важна, каб словы падмацоўваліся справамі: сказаў — зрабі, узяўся — даводзь да канца. Тое, што мяне і ў гэтым скліканні вылучылі ў члены Савета Рэспублікі, — праява даверу і доказ таго, што гэты прынцып працуе».

Уладзімір Панцюхоў паставіў сабе мэту: вырашыць як мінімум адно глабальнае пытанне для кожнага з чатырох давераных яму раёнаў. Як прызнаецца сенатар, самы блізкі для яго — Чавускі. «Хоць люблю, безумоўна, і астатнія не менш», — усміхаецца ён. Але менавіта ў гэтым раёне Уладзімір Іванавіч атрымаў званне «Ганаровага грамадзяніна». «Сёння я працую над тым, каб прыцягнуць сродкі бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі для будаўніцтва Чавускай лыжаролернай трасы. Некалькі гадоў таму яно распачалося, але з прычыны слабага папаўнення раённага і абласнога бюджэтаў і немагчымасці далейшага фінансавання зараз гэты аб'ект замарожаны. Але традыцыі біятлону ў гэтым і Чэрыкаўскім раёнах дужа моцныя. Адтуль пайшлі прызёры чэмпіянатаў свету і алімпіяд у гэтым відзе спорту. У мясцовай школе-інтэрнаце шмат дзяцей, якія займаюцца хакеем, цяжкай атлетыкай і біятлонам, уваходзяць у склад зборных нашай рэспублікі», — кажа сенатар. Будаўніцтва адпаведнага спартыўнага комплексу дазволіла б праводзіць не толькі абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, але і міжнародныя.

У Чэрыкаўскім раёне надзённае, набалелае пытанне — будаўніцтва лазнева-аздараўленчага комплексу. Лазня ўжо ёсць, але за гады існавання яна страціла першапачатковы выгляд і мае вялікую колькасць праблем. У Касцюковіцкім раёне работа вядзецца над тым, каб збудаваць нармальны морг. На жаль, той, што існуе, не адпавядае нормам. «Мы павінны з павагай ставіцца да тых, хто пайшоў з жыцця, — перакананы парламентарый. — І пытанне аб такога кшталту будаўніцтве стаіць нароўні з узвядзеннем спартыўна-забаўляльных устаноў». Як, напрыклад, будаўніцтва другой чаргі аздараўленчага цэнтра з басейнам у Краснаполлі, горадзе, які пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы больш за ўсе навакольныя раённыя гарады. Да гэтага раёна ў сенатара асабліва цёплае стаўленне. «Калі прыязджаю да іх, стараюся падчас асабістых сустрэч прачытаць тое, што б іх кранула, развесяліла, узбадзёрыла. І краснапольцы адказваюць узаемнасцю: заўжды чакаюць у госці», — кажа ён.

Усе чатыры раёны адносяцца да так званых «чарнобыльскіх». Таму ўсе структуры, і асабліва ўлады, працуюць над тым, каб жыццё там было максімальна камфортным. «Але наша задача — не толькі падтрымаць тых, хто жыве ў гэтых раёнах, але і прывабіць у іх новых жыхароў. Няхай гэта будзе малады беларус, які прыедзе і будзе ўпэўнены, што яго чакаюць дастойнае месца працы, магчымасць атрымаць добрае жыллё для сваёй сям'і. Такім чынам мы не толькі падтрымаем існуючае, але і дадзім новае дыханне рэгіёну», — лічыць ён.

У Савеце Рэспублікі за сенатарам замацоўваюць пэўны рэгіён. Для Уладзіміра Панцюхова — гэта Магілёўская і Гродзенская вобласці. Таму звяртаюцца да сенатара і адтуль. Просьбы ў грамадзян самага рознага кшталту: замяніць ацяпляльны комплекс, дапамагчы з размеркаваннем пасля заканчэння ВНУ, дабудаваць культурна-аздараўленчы цэнтр (гэта тычыцца Касцюковіцкага раёна). Апошняе зараз здзяйсняецца, і, магчыма, ужо хутка мы зможам быць на яго адкрыцці. «Неаднаразова да мяне звярталіся Саветы ветэранаў. Гэтым разам ветэраны з Чавус папрасілі дапамагчы набыць стол для настольнага тэніса», — дзеліцца парламентарый.

Але асноўная праца Уладзіміра Панцюхова як сенатара і старшыні камісіі — заканатворчая. «Людзям не вельмі цікава тое, чым мы займаемся ў асноўным, — законы.

Для выбаршчыка сапраўды важнае пытанне — тое, што адбываецца побач з ім: чысціня на вуліцы, гарачая вада, своечасова выплачаная зарплата.

І калі ў параўнанні з глабальным гэта падаецца дробяззю, то для чалавека — якраз наадварот. Яго пытанне — самае актуальнае. Задача сенатара не ў тым, каб разважаць наконт гэтага, ён павінен перш за ўсё дапамагчы чалавеку вырашыць яго праблему як мага хутчэй».

Уладзіміра Панцюхова ў найбліжэйшы час чакае праца не толькі з грамадзянамі, але і ў пастаянных камісіях Савета Рэспублікі, краін СНД і Саюзнай дзяржавы: «З мінулым складам камісіі Савета Рэспублікі развітваўся са слязьмі на вачах. За чатыры гады работы мы сталі адно аднаму амаль як родныя. Што тычыцца новых членаў нашай камісіі, то гэта прафесіяналы сваёй справы, выдатныя кіраўнікі, якія, перакананы, змогуць зрабіць свой унёсак у заканатворчы працэс».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.