Вы тут

Валанцёры БРСМ дапамагаюць у генеральнай прыборцы жылля пенсіянераў


«Што вам даставіць з кірмаша?»

Валанцёры ГА «БРСМ» «Добрае Сэрца» Мінска да канца месяца будуць дастаўляць сельскагаспадарчую прадукцыю з плодаагароднінных кірмашоў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам першай і другой групы, а таксама ўсім пенсіянерам.

Працоўны дэсант Саюза моладзі ў вопратцы з сімволікай «БРСМ» дзяжурыць на двух найбуйнейшых кірмашах — на пляцоўках каля Палаца спорту і вялікай арэны «Чыжоўка-Арэна». Дапамогу ў дастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі аказваюць прадстаўнікі сталічных вышэйшых навучальных устаноў — БДУ, БДЭУ, БДТУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дастаўка таксама вядзецца на сельскагаспадарчых кірмашах амаль ва ўсіх раёнах Мінска.


Адзначылі юбілей арганізацыі справамі

Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарнікаў адзначыла сваё 15-годдзе. Да гэтай даты ва ўсіх рэгіёнах было прымеркавана шэраг мерапрыемстваў.

Напрыклад, у Мінску ў рамках рэспубліканскай акцыі «Моладзь за бяспеку» актывісты арганізацыі аказвалі дабрачынную дапамогу шматдзетным сем'ям, адзінока пражываючым пенсіянерам, ветэранам і інвалідам па розных бытавых пытаннях (устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, нарыхтоўка дроў, уборка тэрыторыі і г.д.). Разам з работнікамі МНС моладзь наведвала сацыяльныя прытулкі і дамы-інтэрнаты, агульнаадукацыйныя ўстановы. Юныя ратавальнікі-пажарнікі расказвалі аднагодкам аб арганізацыі і яе дзейнасці, мерапрыемствах, якія праводзяцца.

Юныя ратавальнікі з Гомеля сёлета да 15-годдзя арганізацыі прыдумалі акцыю «112 добрых спраў». У кожным раёне вобласці, пачынаючы яшчэ з сакавіка, актывісты рабілі добрыя справы, прысвячаючы іх гэтай даце. У Віцебску да яе прымеркавалі правядзенне першых гарадскіх спаборніцтваў па пажарна-выратавальнаму спорту сярод юнакоў і дзяўчат. У Брэсце прайшло флэшмоб-шэсце ў цэнтры горада, пасля якога былі арганізаваны канцэртная праграма ад самых таленавітых удзельнікаў акцыі і выстава пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання.


Чысціня і ўтульнасць ад «Добрага Сэрца»

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям» сталічныя валанцёры руху «Добрае Сэрца» наведалі адзінокую пенсіянерку Вольгу Данілаўну Леановіч, якая нядаўна адзначыла свой 80-гадовы юбілей.

Вользе Данілаўне, інваліду другой групы, цяжка самастойна падтрымліваць чысціню і ўтульнасць у кватэры. Таму валанцёры Саюза моладзі ўжо не ў першы раз аказваюць дапамогу ў генеральнай прыборцы жылля пенсіянеркі. Удзельнікі валанцёрскага руху «Добрае Сэрца» старанна правялі сухую і вільготную прыборку пакояў, вымылі і падрыхтавалі да зімы вокны. У гэты дзень валанцёры змаглі дапамагчы не толькі Вользе Данілаўне, але і яе суседкам па доме — Марыі Іванаўне Дзяргай, 1933 года нараджэння, і Наталлі Іванаўне Стрэчань, 1923 года нараджэння. Яны даведаліся пра акцыю, а маладым людзям было не цяжка прыбраць у кватэрах гэтых пажылых жанчын.


Пад увагай валанцёраў — культавыя аб'екты

Валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» падвялі вынікі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі», арганізаванай у рамках супрацоўніцтва грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з вядучымі канфесіямі краіны. Нагадаем, што яна рэалізуецца з 2013 года, а пачынаючы з гэтага года акцыя праходзіць пры падтрымцы апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У ходзе рэалізацыі праекта ўдзельнікі валанцёрскага руху «Добрае Сэрца» праводзяць працоўныя акцыі, скіраваныя на добраўпарадкаванне і аднаўленне культавых аб'ектаў — цэркваў, сабораў, касцёлаў, арганізоўваюць выставачныя экспазіцыі, канферэнцыі, чытанні, адкрытыя дыялогі, прэзентуюць відэаролікі, якія расказваюць аб мясцовых святынях і культавых аб'ектах.

Так, з 2013 года актывісты БРСМ прывялі ў парадак каля 780 культавых аб'ектаў па ўсёй Беларусі. Толькі за сёлетні год сіламі 3 600 добраахвотнікаў упарадкавана каля 250 культавых аб'ектаў, з іх — 30 каталіцкай канфесіі.

Напрыклад, валанцёры Смаргонскай раённай арганізацыі БРСМ правялі рэстаўрацыйныя работы па абнаўленні касцёла Яна Паўла ІІ. Моладзь займалася абліцоўваннем і тынкоўкай агароджы, афарбоўкай помніка, добраўпарадкаваннем прылеглай да храма тэрыторыі. Удзельнікі Першамайскай раённай арганізацыі Віцебска аказалі пасільную дапамогу ў будаўніцтве храма Іконы Божай Маці: залівалі фундамент, займаліся афарбоўкай, прыводзілі ў парадак тэрыторыю. Валанцёры Любанскай раённай арганізацыі аказвалі дапамогу ў будаўніцтве прыхода храма Казанскай Божай Маці ў райцэнтры. У Краснапольскім раёне дапамаглі аднавіць святую крыніцу ў вёсцы Міханавічы. На рэканструкцыі Лядзенскага манастыра, добраўпарадкаванні храма і прыхрамавай тэрыторыі працаваў валанцёрскі атрад «Добрае Сэрца» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Добраахвотнікі руху «Добрае Сэрца» Пінскай гарадской арганізацыі займаліся ўпарадкаваннем вайсковых, праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіх яўрэйскіх пахаванняў на гістарычных могілках па вуліцы Спакойная ў горадзе.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.