Вы тут

Зоркі эстрады спявалі дзеля хворай дзяўчынкі з вёскі


Начны клуб, позні час, утульныя столікі, моцны гук, бляск сафітаў і поўная зала гасцей, сярод якіх шмат дзетак. Дабрачынны вечар для збору сродкаў на лячэнне 8-гадовай Ульяны Юзько прайшоў у сталічным клубе “Мулен Руж”. Падтрымаць дзяўчынку прыйшлі Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Іскуі Абалян, волат Кірыл Шымко, клоун Вадзік Ракета і іншыя.


Ульяна нарадзілася ў 2008 годзе і першыя чатыры гады нічым не адрознівалася ад аднагодкаў, хіба што малой вагой. Хваравітасць бацькі спісвалі на сезонныя захворванні, пакуль у 2013-м урачы не паставілі дыягназ: парок сэрца і высокая лёгачная гіпертэнзія. Яна перанесла цяжкую аперацыю, пасля якой вельмі хутка пачала аднаўляцца. Ульяне прызначылі прымаць дарагі сродак (яго кошт – $ 2000 за 2-х-месячны курс) за трое сутак да аперацыі і чатыры месяцы пасля яе. Аднак пасля наступных абследаванняў медыкі прызначылі далейшы прыём прэпарату тэрмінам на год, каб дасягнуць лепшых вынікаў.

Бацькі рабілі перапынак у прыёме лекаў прыкладна на паўгода. За гэты час дзяўчынка падрасла на 6 сантыметраў і паправілася на 5 кілаграмаў. Аднак пазней стала зразумела: каб захаваць жыццё і мгчымасць жыць нармальна, без пастаяннага прыёму лекаў Ульяне не абыйсціся. Зараз дзяўчынцы неабходна адна таблетка ў дзень, а з узростам дазіроўка будзе павялічвацца.

Маленькай гераіні мерапрыемства бацькі патлумачылі, што іх запрасілі на дзіцячае свята. Пра хваробу ў сям’і не гавораць, бо лічаць, што жаль – не лепшае пачуццё. Дзяўчынку вучаць быць цвёрдай.

– Нажаль, яна не памятае сябе без таго, каб не прымаць таблеткі. Але мы робім гэта як бы мімаходам. Кажам: Ульяна, давай таблетачку выпьем, не акцэнтуем увагу на яе хваробе і не размаўляем пра гэта, – расказала мама Ульяны Любоў.

Змяніць свядомасць

Ульяна саромелася, аднак мужна трымалася ўвесь вечар, які скончыўся задоўга пасля 10 вечара. Кожны раз выходзячы на сцэну, каб павітацца з чарговай зоркай, яна трымала ў руках белага плюшавага мядзведзіка, з якім дзяўчынка ніколі не растаецца.

Спевакі падзялілся сваімі ўражаннямі ад дабрачыннага мерапрыемства, у якім арганічна спалучыліся весялосць і сур’ёзнасць, стрыманасць і захапленне.

– Я вельмі рада, што ў свеце ёсць людзі, якім неабыякава гора іншага чалавека. Я рада, што сёння поўная зала. Цудоўна, калі наша свядомасць мяняецца, і мы маем магчымасць дапамагчы не толькі сабе, а і яшчэ камусьці, – адзначыла спявачка Іна АФАНАСЬЕВА.

– Мы падтрымліваем любое мерапрыемства такога кшталту, калі можам. І я быў вельмі здзіўлены і рады, што сабралася столькі людзей, каб дапамагчы добраму чалавеку, – падзяліўся Віталь КАРПАНАЎ, саліст групы “Дразды”.

– Я прыйшоў падтрымаць прыгожую дзяўчынку, і веру, што ў яе ўсё атрымаецца, – сказаў перад сваім выступленнем спявак Аляксандр САЛАДУХА. Як заўжды адметны, ён спяваў, стоячы на крэсле пасярод публікі.

Металічнае сэрца, ракетка і мячык

Сапраўднае свята для дзетак стварыў самы эпатажны і вясёлы клоун Беларусі Вадзік РАКЕТА. Ён “завёў” маленькіх гледачоў і выклікаў гульнямі ўсмешкі ва ўсіх без выключэння.

– Хочацца хоць крышку змяніць погляд дарослых ды і дзяцей таксама на тое, што ў свеце ёсць карапузы, якія маюць, не па сваёй волі, некаторыя недахопы са здароўем. Я не лічу гэтых дзетак хворымі. Аднак бываюць моманты, калі ім неабходна дапамога. Здаралася, што і мне патрабавалася дапамога, і я адчуваў сябе бездапаможным, і людзі дапамаглі мне. Дык чаму б і мне не дапамагчы, асабліва калі гэта весела і прыносіць радасць. Гэта можа працягнуць мяняць адносіны да такіх дзяцей, і мы павінны гэта рабіць. Няма нічога ганебнага ў тым, што мы выступаем для такіх дзетак, – выказаўся ён.

Айчынны асілак Кірыл ШЫМКО прадэманстраваў сваю моц вельмі арыгінальна і пяшчотна. Ён скруціў з двух металічных цвікоў, якія даўжынёй і таўшчынёй нагадвалі хутчэй пруты арматурын, металічнае сэрца. Незвычайны выраб тут жа стаў лотам, які купіў адзін з гасцей, а сабраныя сродкі сталі дадатковым укладам на набыццё лекаў.

Ракетка з аўтографам сусветна вядомага тэнесіста Максіма Мірнага і футбольны мяч, на якім распісалася ўся каманда "Дынама-Мінск", сталі лотамі вечара, якія прынеслі ў скарбонку сям’і Юзько не адну сотню рублёў.

У звычайным рэжыме

Калі не звяртаць увагі на акалічнасці, сям’я Юзько жыве ў звычайным рэжыме. Ульяна наведвала звычайны дзіцячы садок, праўда, не вельмі доўга праз хваробу. Зараз яна ходзіць у другі клас сярэдняй школы №6 у Кобрыне. Там у яе вясёлыя сябры, якія не застаюцца ў баку ад яе свавольстваў. Маці і бацька працуюць, і Ульяна ведае, што трэба вучыцца быць і самастойнай, калі неабходна. Старэйшая сястра – гэта другая мама для Ульяны, яна стараецца, дапамагае ва ўсім.

– Сёння слоў не хапае. Я хачу падзякаваць арганізатарам, удзельнікам, гасцям, і пажадаць, каб іх дзеці ніколі не хварэлі, – са слязьмі ў вачах падзялілася эмоцыямі Любоў. – Асобная ўдзячнасць і паклон хірургу, што аперыраваў Ульяну, – Канстанціну Драздоўскаму і кардыёлагу, якая вядзе нас увесь гэты час, – Алене Каральковай. Мы змагаемся ўжо чатыры гады і трымаліся, колькі маглі. Нам дапамагалі сябры, знаёмыя, якія і зараз поруч з намі. Доўгі час нам дапамагаў фонд “Шанс”. А дзякуючы сёняшняму мерапрыемсту, усім неабыякавым людзям, якія прыйшлі сёння, мы можам пратрымацца ў такім стане яшчэ прыкладна год.

Ульяна жвавае, заўзятае дзіця, амаль ніколі не сядзіць на месцы, і “закруціць” любога дарослага. Вельмі любіць увагу. Сям’і проста няма калі думаць пра кепскае.

Ірына СІДАРОК.

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.