Вы тут

На Віцебшчыне неабходна развіваць прадпрымальніцтва


На Віцебшчыне кіраўнікі на месцах павінны дасягнуць канкрэтных паказчыкаў па развіцці прадпрымальніцтва. Аблвыканкам давёў адпаведнае заданне. У прыватнасці, па аб'ёме выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг. Напрыклад, у Талачынскім раёне ён павінен перавышаць 84%, у Аршанскім — каля 46%, у Віцебскім раёне — больш за 38%. Для параўнання, у абласным цэнтры — 23%. Даведзены і планавыя заданні па колькасці суб'ектаў прадпрымальніцтва на 1 тысячу занятых у эканоміцы.


Разуменне ёсць

Што тычыцца падаткаў, дзякуючы суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, бюджэт вобласці напаўняецца на чвэрць. У Віцебску — на ўзроўні 17—18%.

Развіццё малога і сярэдняга бізнесу на чарговым Усебеларускім народным сходзе вызначана адным з прыярытэтаў.

— Гэта паспрыяе рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні падкрэсліваў, што органы ўлады ўсіх узроўняў абавязаны спрыяць падтрымцы дзелавой ініцыятывы, — нагадвае выканаўчы дырэктар грамадскай арганізацыі «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў» Ніна Лук'янава.

Яна падкрэсліла, што мясцовая ўлада канструктыўна супрацоўнічае са структурамі, якія садзейнічаюць прадпрымальнікам. Хай пакуль не так плённа, як магло б быць у ідэале, але разуменне ёсць. Менавіта недзяржаўны сектар эканомікі — гэта важнейшы інструмент і для самазанятасці, і для творчай рэалізацыі людзей.

Дарэчы, згаданая вышэй асацыяцыя выйграла конкурс малых грантаў амерыканскага міжнароднага прыватнага цэнтра прадпрымальніцтва. У верасні-лістападзе запланаваны «круглыя сталы» для бізнесменаў, па іх выніках вызначаць блокі праблем, рашэнне якіх у кампетэнцыі мясцовай улады і рэспубліканскіх органаў кіравання. Члены экспертнага савета асацыяцыі — паспяховыя бізнесмены — будуць бясплатна кансультаваць прадпрымальнікаў і пачаткоўцаў.

...І стартап-школы

А Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і трансферу тэхналогій таварыства с дадатковай адказнасцю «Віцебскі бізнес-цэнтр» у ліку іншага спецыялізуецца на арганізацыі стартап-школ.

— Гэта новы некамерцыйны праект, які спрыяе запуску і развіццю бізнесу. Большасць бізнесаў ва ўсім свеце «пачынаюцца з нуля» — гэта значыць стартуюць уверх. Стартап-школа спрыяе рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, дзе асаблівая ўвага — папулярызацыі навукова-тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва, інавацыйнага прадпрымальніцтва, — расказвае дырэктар цэнтра Леанід Шур.

Базавы прынцып такіх школ агульны: бізнесу можа навучыць толькі прадпрымальнік. Таму эксперты — людзі, якія на ўласных поспехах і памылках «раскруцілі» бізнес і кіруюць ім. Да канца года ў стартап-школах апрабуюць 60 дзелавых ідэй. І кожная можа стаць паспяховым бізнесам.

Адзін з яскравых прыкладаў рэалізацыі ўдалай ідэі — праект маладога гараджаніна, якога падтрымаў вядомы бізнесмен.

— Дапамагаю вельмі ініцыятыўнаму хлопцу, які захацеў займацца прадпрымальніцтвам. Ён прапанаваў ідэю ў галіне перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Афішаваць падрабязнасці пакуль што не буду. Я ўжо ўзяўся за фінансаванне і суправаджэнне праекта, — удакладняе першы намеснік старшыні савета «Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў», намеснік старшыні гарадскога савета па прадпрымальніцтве Васіль Ламакін. Ён — заснавальнік некалькіх прадпрыемстваў, займаецца інвеставаннем.

Са школьнай парты

Сёлета ў Віцебску адбыўся тэматычны форум «Першы крок у бізнесе». Удзельнікі падзяліліся вопытам і праблемамі.

— Мы вучым школьных педагогаў, у тым ліку і будучых, а яны — дзяцей. Але на такія «кампаніі» няма сродкаў у бюджэце. Як і схемы работы... Наогул, нашы вопыт і кваліфікацыя ў якасці трэнераў, кансультантаў, маркетолагаў мала запатрабаваныя на Віцебшчыне. Таму працуем у іншых рэгіёнах, — сказаў Леанід Шур.

Паводле яго слоў, добрая перспектыва ў школьных бізнес-кампаній экалагічнага кірунку. На Віцебшчыне іх ужо больш за 20. Экалагічны праект рэалізуецца на базе ўстаноў адукацыі Віцебскага раёна.

Развіццё эколагаарыентаванага бізнесу можа істотна змяніць экалагічную сітуацыю ў Беларусі. Гэта магчымасць вырашыць праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У свеце назапашаны найбагацейшы вопыт экалагічнага прадпрымальніцтва. І ён даказвае не толькі яго жыццёвую неабходнасць, але і эканамічную выгаду.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Стартуй уверх!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.