Вы тут

Сяргей Алейнік: "Самы кароткі шлях да новых партнёраў — праз выстаўкі"


Сёння эканоміка Вялікабрытаніі — дзясятая па аб'ёме ВУП у свеце. Краіна ажыццяўляе каля 10% сусветнага экспарту паслуг. Менавіта ў Злучаным Каралеўстве знаходзіцца шэраг самых вялікіх транснацыянальных кампаній. Прытым гэтая краіна традыцыйна з'яўляецца адным з галоўных спажыўцоў беларускай прадукцыі. Што з айчынных тавараў карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў жыхароў туманнага Альбіёна і чым яшчэ Беларусь можа зацікавіць замежных партнёраў? Пра гэта расказвае Пасол Беларусі Сяргей АЛЕЙНІК.


— Вялікабрытанія — адна з краін-лідараў па імпарце беларускай прадукцыі ў Еўрапейскім саюзе. Чым Беларусь прываблівае замежных пакупнікоў?

— Вялікабрытанія сапраўды ў 2015 годзе заняла другое месца ў аб'ёме беларускага экспарту і трэцяе ў тавараабароце сярод усіх краін — гандлёвых партнёраў Беларусі з Еўрасаюза. Нягледзячы на тое, што беларускі экспарт у значнай меры складаўся за кошт нафты і нафтапрадуктаў, шэраг беларускіх тавараў даволі значны. Беларусь пастаўляе ў Вялікабрытанію шырокі спектр як спажывецкіх тавараў (прадукты харчавання, тэкстыльныя вырабы, аптычныя прылады, мэбля, шыны), так і тавараў прамысловага прызначэння (трактары і дарожная тэхніка, рухавікі, трансфарматары, шкловалакно і інш.).

Гандлюем мы і прадукцыяй нашых «прамысловых гігантаў». Напрыклад, наладжаны рэгулярныя пастаўкі беларускай арматуры на аб'екты, якія будуюцца ў Вялікабрытаніі. Дзякуючы сваім высокім спажывецкім якасцям наша металапрадукцыя выкарыстана пры будаўніцтве такіх знакавых інфраструктурных аб'ектаў, як стадыён «Уэмблі», новы пяты тэрмінал аэрапорта «Хітроў», Алімпійская вёска ў Лондане і іншых сусветна вядомых архітэктурных збудаванняў.

— Адна з галоўных задач нядаўна прынятай Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту на 2016—2020 гады — дыверсіфікацыя экспарту. Згодна з ёй, траціна экспартных паставак павінна даводзіцца на рынак ЕС. Што тычыцца Вялікабрытаніі, якія гэтыя паказчыкі цяпер і за кошт чаго іх можна павялічыць?

— Летась беларускі экспарт у Вялікабрытанію дасягнуў амаль трох мільярдаў долараў, што складае трэцюю частку агульнага экспарту Беларусі ў краіны ЕС. У першай палове 2016 года аб'ём нашага экспарту ў Злучанае Каралеўства, на жаль, часова зменшыўся і склаў каля 600 мільёнаў долараў. Але ж зноў за кошт аб'ёмаў паставак нафты і нафтапрадуктаў на еўрапейскія рынкі пастаўкі па асноўных іншых накірунках захоўваюцца на папярэднім узроўні.

Мы бачым сур'ёзны патэнцыял для нарошчвання паставак беларускай металапрадукцыі, тэкстылю, прадукцыі дрэваапрацоўкі. Напрыклад, у маі гэтага года Лондан наведала дэлегацыя Беларускага металургічнага завода, падчас візіту якой дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні паставак прадукцыі ў Вялікабрытанію ў 2017 годзе.

Цяпер таксама працуем над маштабным праектам па абсталяванні курортнай зоны ў Карнуоле драўлянымі дамкамі з мэбляй, вырабленымі на прадпрыемстве «Гомельдрэў». Мы працягваем перамовы аб пастаўках беларускага адзення з буйнымі гандлёвымі прадпрыемствамі Брытаніі, нават са славутым «Маркс энд Спэнсар», адзін з заснавальнікаў якога, дарэчы, паходзіў з Беларусі.

— Якую долю ў структуры беларускага экспарту ў Вялікабрытанію займаюць інавацыйныя і высокатэхналагічныя тавары, паслугі?

— Доля іх даволі значная. Беларускія вадкакрышталічныя маніторы, апаратура сувязі, геадэзічныя прыборы, оптыка, вылічальныя машыны, нават гадзіннікі — цэлы шэраг іншых высокатэхналагічных і інавацыйных тавараў традыцыйна карыстаецца попытам у Вялікабрытаніі.

Што тычыцца паслуг, то на гэтым кірунку мы таксама маем пэўны поспех. Вялікабрытанія з'яўляецца трэцім па аб'ёме партнёрам беларускага Парка высокіх тэхналогій — каля 30 яго беларускіх кампаній-рэзідэнтаў распрацоўваюць ІТ-прадукты для брытанскіх кампаній. Напрыклад, беларускія фірмы ажыццяўлялі распрацоўку праграмных прадуктаў для такіх буйных кліентаў, як БіПі (Брыціш Петролеум), Брыціш Тэлекам, Баркліз, Лонданскай фондавай біржы і іншых кампаній Злучанага Каралеўства. Па выніках 2015 года экспарт у Вялікабрытанію ІТ-паслуг склаў 74,9 мільёна долараў, а іх доля ў агульным аб'ёме экспарту паслуг — 37,2%. У першым паўгоддзі 2016 года экспарт беларускіх камп'ютарных паслуг у Вялікабрытанію склаў 32,2 мільёна долараў (118,4% да адпаведнага перыяду 2015 года). Гэтыя лічбы толькі пацвярджаюць мае словы.

— Якія крокі плануе здзейсніць пасольства для далейшага развіцця беларускага экспарту?

— Перш за ўсё, мы заўсёды заклікаем нашы прадпрыемствы да больш актыўнага ўдзелу ў выстаўках і кірмашах, якія ў Брытаніі праходзяць амаль кожны дзень. Гэта, на наш погляд, самы кароткі шлях да непасрэдных партнёраў. Прывяду просты прыклад: у чэрвені гэтага года мы арганізавалі візіт дэлегацыі канцэрна «Беллегпрам» у Лондан для ўдзелу ў міжнароднай спецыялізаванай тэкстыльнай выстаўцы «Фэшн ЭсВіПі». У складзе дэлегацыі былі прадстаўлены такія беларускія прадпрыемствы, як «Світанак», «Аршанскі льнокамбінат». Падчас візіту ў Лондан делегацыя не толькі ўсталявала шмат новых і дзейных кантактаў сярод прадстаўнікоў мясцовай тэкстыльнай індустрыі, але і пачала прадметную гутарку з шэрагам гандлёвых кампаній, сярод якіх, напрыклад, «Аркадыя Груп» — самы буйны рытэйлер моднай вопраткі Злучанага Каралеўства, у якога больш за 500 магазінаў у 35 краінах свету.

Па-другое, мы імкнёмся да стварэння сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі, якія здолелі б, абапіраючыся на замежны, у тым ліку брытанскі, капітал і тэхналогіі, выйсці на экспарт тавараў не толькі ў Злучанае Каралеўства, але і ў іншыя краіны. У гэтым сэнсе нам вельмі дапамагае Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. ЕБРР, дарэчы, 7 верасня гэтага года зацвердзіў новую Стратэгію для Беларусі на 2016—2019 гады, якая дазволіць пашырыць дзейнасць банка ў нашай краіне, у тым ліку за кошт садзейнічання прыватызацыі дзяржаўных экспартаарыентаваных прадпрыемстваў у мэтах іх далейшага паспяховага развіцця.

І па-трэцяе, нашай мэтай з'яўляецца далейшае развіццё беларуска-брытанскага ўзаемадзеяння ў галіне высокіх тэхналогій, супрацоўніцтва паміж універсітэтамі і навуковымі ўстановамі Беларусі і Вялікабрытаніі. Гэта, безумоўна, будзе спрыяць пашырэнню нашай пазнавальнасці ў Злучаным Каралеўстве і за яго межамі, росту экспарту паслуг з Беларусі, замацаванню сувязяў паміж беларускімі і брытанскімі кампаніямі і арганізацыямі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.