Далейшае развіццё эканомік дзяржаў СНД і павышэнне дабрабыту народаў шмат у чым залежаць ад глыбіні інтэграцыі ў сферы мытнай дзейнасці. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з удзельнікамі 64-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
За чвэрць стагоддзя існавання СНД была сфарміравана значная нарматыўная база мытнай справы, у чым асноўная роля належыць Савету кіраўнікоў мытных службаў, а таксама адпаведным нацыянальным органам, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Дастаткова назваць пагадненні аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў мытных справах, мадэльны мытны кодэкс і шэраг іншых дакументаў. Яны будуюцца на базавых прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якія ўключаюць у тым ліку і свабоду транзіту на тэрыторыі дзяржаў», — нагадаў Прэзідэнт.
У рамках Савета кіраўнікоў мытных службаў сфарміраваны Камітэт кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў. Прэзідэнт назваў гэтую ініцыятыву своечасовай, паколькі менавіта мытная служба заклікана ў першую чаргу абараняць краіну ад кантрабандных тавараў, увозу наркотыкаў, а гэтае зло штогод адчуваецца ўсё ў большай ступені.
«Тэрытарыяльнае становішча Беларусі такое, што ў рамках Садружнасці значная частка нашай мяжы праходзіць з краінамі Еўрапейскага саюза. Сумесна з імі мы рэалізуем шэраг праграм па развіцці інфраструктуры на мяжы, забеспячэнні бяспекі, бесперашкодным перамяшчэнні тавараў. Скажу шчыра: хацелася б большага ўдзелу ЕС у мытных справах. Таму што як Расіі, так і Еўрасаюзу вельмі важная Беларусь, дзе тавары праходзілі б перш за ўсё транзітам, і па часе гэта было б мінімальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў вялікую зацікаўленасць у перамяшчэнні праз Беларусь тавараў у напрамку Еўропы з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. «У гэтым плане мы цалкам падтрымалі ініцыятыву старшыні КНР аб стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Фарміруем у сябе буйныя лагістычныя цэнтры, у стварэнні якіх зацікаўлены не толькі КНР, Беларусь, нашы блізкія суседзі, але і аддаленыя краіны, якія знаходзяцца на гэтым транспартным шляху».
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».