Вы тут

Жыхары Бялыніцкага раёна займаюцца рамонтам і ачысткай калодзежаў


Па ініцыятыве Лебядзянкаўскага сельскага Савета Бялыніцкага раёна жыхары вёсак, якія ўваходзяць у склад гэтай тэрытарыяльнай адзінкі, актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем сваіх паселішчаў.


Зі­на­і­да Які­мен­ка: «Мой зяць Аляк­сандр і ка­ло­дзеж ад­ра­ман­та­ваў, і ся­дзі­бу да ла­ду да­вёў!»

— Сельскія Саветы з'яўляюцца не толькі выканаўчым і распарадчым органамі ўлады, але і адказваюць за падтрыманне ў належным стане асноўных вясковых аб'ектаў, — гаворыць Леанід Коршунаў, старшыня Лебядзянкаўскага сельскага Савета. — Асаблівая ўвага надаецца рамонту і чыстцы калодзежаў. Справа гэтая клопатная і нятанная, таму выйшаў да людзей з прапановай самім займацца добраўпарадкаваннем прылеглых да іх сядзіб крыніц пітной вады.

Ініцыятыву старшыні падтрымалі ў Рудні, Гуце, Барсуках і Лебядзянцы. Зразумела, што ніхто лепш за саміх людзей не паклапоціцца аб іх жыццёвых выгодах. Адзінае, што папрасілі вяскоўцы ў старшыні — дапамагчы з набыццём патрэбных будаўнічых матэрыялаў. А мясцовы фермер Аляксандр Клімянкоў выдзеліў бясплатна для патрэб рамонтнікаў слупы і дошкі са сваёй піларамы.

— Мой зяць Аляксандр Крысянкоў і яго знаёмы Анатоль Міхасёў займаліся рамонтам, — паказвае рукой на акуратны «дамок» калодзежа жыхарка вёскі Рудня, 84-гадовая Зінаіда Якіменка. — Мы купілі хату пад лецішча тры гады таму. Дом знаходзіўся ў непрыглядным стане, участак быў запушчаны. Дзякуючы працавітым рукам зяця і маёй дачкі Ліды, сядзіба расквітнела. І пра калодзеж не забыліся. Вадой з яго карыстаемся не толькі мы, але і суседзі, і дачнікі, якія прыязджаюць па выхадных.

Калодзеж каля сядзібы руднянскай пенсіянеркі Кацярыны Леўшуковай таксама прайшоў своеасаблівую мадэрнізацыю.

Гэ­ты ка­ло­дзеж у вёс­цы Гу­та ад­ра­ман­та­ва­лі бра­ты Ана­толь  і Аляк­сандр ЛЕЎ­ШУ­КО­ВЫ.

— Прыемна з вёдрамі сюды прыйсці, — гаворыць пажылая жанчына. — Вада закрытая, смецце не ляціць. Чыстая, як слязінка, смачная! Такой вадзіцай не сорамна і людзей пачаставаць.

У вёсцы Гута мясцовыя жыхары адрамантавалі адзін калодзеж і пачалі работы па аднаўленні другога.

— Тое, што жыхары нашых вёсак самі даглядаюць крыніцы водазабеспячэння, не толькі станоўча ўплывае на эканомію сродкаў мясцовага бюджэту, — гаворыць Леанід Коршунаў. — У першую чаргу людзі стараюцца для сябе, бо яны ж і карыстаюцца вадой. А тое, што зроблена ад душы, як вядома, служыць даўжэй.

Аляксандр АСІПЁНАК, старшыня Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Ініцыятыва па рамонце і ачыстцы калодзежаў знайшла водгук у жыхароў нашага раёна. Сёння сіламі вяскоўцаў у належны стан прыведзена 55 крыніц пітной вады з 1043, у тым ліку за апошнія некалькі тыдняў — 16. Калі раней гэтыя выпадкі былі адзінкавымі, то цяпер добраўпарадкаванне калодзежаў носіць сістэмны характар. Мы тлумачым людзям, што трэба адыходзіць ад сацыяльнага ўтрыманства, калі ты толькі пакажаш пальцам, і ўсё за цябе зробяць. Зараз час іншы, і ён ставіць перад намі іншыя задачы. Чалавек павінен адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі і да ўсяго, чым ён карыстаецца, адносіцца па-гаспадарску.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК

Загаловак у газеце: ...І пачастуем сцюдзёнай вадзіцай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.