Вы тут

Навум Гальпяровіч: «Кодэкс аб культуры — маштабны дакумент»


Кодэкс аб культуры — вельмі маштабны і грунтоўны дакумент, і аналізаваць яго ў цэлым — таксама досыць важкая і маштабная праца. Таму спынюся на асобных раздзелах, якія з першага прачытання выклікалі пэўныя думкі і асацыяцыі.


На хвалях нашага радыё, якое працуе ў міжнародным эфіры на васьмі мовах, нямала ўвагі ўдзяляецца суайчыннікам за мяжой. Мы шмат гаворым пра беларускія культурна-асветніцкія суполкі, частыя госці нашага эфіру Ян Сычэўскі з Беластока, Валянціна Піскунова з Рыгі, Ніна Савінава з Таліна, Валерый Казакоў з Масквы, Мікола Нікалаеў і Ірына Рогава з Санкт-Пецярбурга, Аляксандр Сапега з Цюрыха, Мікалай Логвін з Клайпеды, Таццяна Пумпулева з Неапаля. У нашым эфіры таксама выступалі ўдзельнікі аб'яднанняў беларусаў свету «Бацькаўшчына» і «Радзіма». Яны шмат гаварылі пра патрэбы ў большай увазе з боку беларускай дзяржавы да сваіх суполак, і тое, што ў кодэксе прапісана неабходнасць падтрымкі беларусаў замежжа, іх, безумоўна, парадавала. Гэта яны засведчылі падчас прамых выхадаў у наш эфір, а таксама ў сваіх інтэрв'ю на нашым радыё.

Важна толькі, каб гэтыя палажэнні кодэкса не засталіся проста дэкларацыяй, а ўвасобіліся ў канкрэтныя справы.

Як не засталося б дэкларацыяй тое, што сказана ў кодэксе пра беларускую мову. Пакуль што нават не ў кожнай установе культуры ставяцца да яе як да важнай нематэрыяльнай каштоўнасці, нават асобныя кіраўнікі ўстаноў культуры не ў поўнай меры ёю валодаюць, беларускую мову як адну з дзвюх дзяржаўных хто-хто, а работнік, звязаны з культурай, павінен ведаць.

Тое, што дзяржава клапоціцца пра захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў было прапісана ў многіх нарматыўных актах. На жаль, не ўсюды і не заўсёды мясцовыя ўлады гэта выконвалі.

Спадзяюся, што кодэкс аб культуры паслужыць дзейсным рычагом у гэтай справе. Мяне гэта цікавіць яшчэ і як ураджэнца і ганаровага грамадзяніна самага старажытнага горада краіны — Полацка. Яшчэ нямала трэба зрабіць, каб у Полацку пашырыць захады па захаванні, рэстаўрацыі значных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, каб больш увагі ўдзялялася культурна-асветніцкай рабоце з моладдзю. Пра гэта, дарэчы, нядаўна ішла размова ў Міністэрстве культуры з удзелам навукоўцаў, прадстаўнікоў грамадскасці, вядомых землякоў-палачан

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, пісьменнік, ганаровы грамадзянін Полацка, галоўны дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь»

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Нематэрыяльная каштоўнасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.