Вы тут

«Плугамі вырвала вялікі кавалак кабелю. Сувязь адновяць»


З вёскі Кавальцы Дзяржынскага раёна звярнуліся крыху збянтэжаныя дачнікі: паводле іх слоў, недзе з мінулых серады-чацвярга не працуюць тэлефоны. Кажуць, быццам падчас палявых работ недзе плугамі пашкодзілі тэлефонны кабель.


Як адзначылі самі заяўнікі, часовае знікненне сувязі з вонкавым светам — гэта, можна сказаць, для іх і не праблема. Цяпер жа ў кожнага мабільны тэлефон як мінімум. Іншая справа, што ўжо колькі дзён у мясцовай краме нельга было разлічыцца па банкаўскай картцы: тэрмінал там працуе ад тэлефоннай сувязі.

Намеснік начальніка Дзяржынскага раённага вузла электрасувязі Аляксандр Якаўлеў адразу пацвердзіў: так, згаданая праблема маецца, над яе вырашэннем зараз працуюць спецыялісты. На момант, калі дачнікі і мясцовыя жыхары ў Кавальцах атрымаюць гэты нумар газеты, сувязь у іх ужо павінна быць адноўлена.

— Падчас правядзення сельскагаспадарчых работ на полі плугі моцна заглыбіліся і парвалі тэлефонны кабель. Апошні знаходзіцца на балансе мясцовай гаспадаркі. Пакуль шукалі месца парыву — а ён атрымаўся вялікім, недзе пад сто метраў, — вырашалі іншыя пытанні (кабель аплаціла гаспадарка, работы праводзіў раённы вузел электрасувязі), вось і прайшоў час, — распавёў Аляксандр Вячаслававіч. — Што тычыцца часовай праблемы з разлікамі па банкаўскай картцы, дык трэба памятаць — такія збоі, на жаль, раз-пораз бываюць і з іншых прычын.

Зрэшты, як дадаў далей суразмоўца, непасрэдна да іх нашы заяўнікі не звярталіся. Калі б хто з насельнікаў Кавальцоў меў патрэбу, у раённым вузле электрасувязі маглі б выдаць ахвотным у часовае карыстанне бесправадныя тэлефоны.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.