Вы тут

Якую прадукцыю вырабляюць на прадпрыемствах у турмах і калоніях


Калі яшчэ ёсць той чалавек, які лічыць, што за кратамі асуджаныя проста сядзяць і нічога не робяць, ён глыбока памыляецца. У нашай крымінальна-выпраўленчай сістэме працуе 14 унітарных прадпрыемстваў, 3 філіялы і 10 пазабюджэтных майстэрняў.


— Працуем даволі нядрэнна, — кажа Сяргей Дарошка, начальнік дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі. — Мы не маем стратных прадпрыемстваў. Большасць спрацавалі з прыбыткам, які склаў 4,69 мільёна рублёў. Асноўныя нашы напрамкі — дрэва- і металаапрацоўка, швейная вытворчасць. Штогод наша прадукцыя экспануецца на буйных рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Сваю прадукцыю пастаўляем у Францыю, Германію, Вялікабрытанію, Расію, Егіпет, Літву, Украіну і ў іншыя краіны.

Літаральна за шэсць месяцаў на прадпрыемствах дэпартамента выканання пакаранняў засвоілі вытворчасць звыш 260 відаў новай прадукцыі. Асартымент даволі вялікі. У ім знайшлося месца глушыцелям, вёдрам, мылу, вілам, паліўным брыкетам, уніформе, мэблі, будкам для сабак, дзіцячым пляцоўкам і нават макароне. Дзеля вытворчасці больш якаснай прадукцыі на шэрагу прадпрыемствах адбылася мадэрнізацыя. А неўзабаве на адным з прадпрыемстваў (хутчэй за ўсё ў Гродзенскай вобласці) пачнуць займацца грубай апрацоўкай бурштыну з далейшай перадачай заказчыку. Пад гэту справу плануюць стварыць 150 новых працоўных месцаў. У планах — апрацоўка 1,5 тоны акамянелай смалы за год.

Сяргей Дарошка адзначае, што галоўная мэта дзейнасці прадпрыемстваў крымінальна-выпраўленчай сістэмы — занятасць зняволеных. Лічба тых, хто працуе на прадпрыемствах, дасягае амаль ста працэнтаў. Сярэдні заробак асуджанага складае 500 рублёў у месяц (51 рубель ён атрымлівае на рукі, а астатнія ідуць на ўтрыманне і пагашэнне прычыненай шкоды). Працай заняты амаль кожны. Выключэнне складаюць толькі хворыя.

— Калі нехта думае, што калонія перавыхоўвае чалавека, гэта не так, — лічыць начальнік дэпартамента. — Мы ставім перад сабой задачу карэкціраваць паводзіны чалавека, яго паступовае ўваходжанне ў соцыум. У выпраўленчым працэсе мы запусцілі так званыя сацыяльныя ліфты, якія дазваляюць чалавеку з месцаў пазбаўлення волі пакрысе вяртацца ў грамадства.

Знаходзячыся ў калоніі ці ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, чалавек можа атрымаць прафесію. Для зняволеных дзейнічаюць філіялы прафесійна-тэхнічных вучэльняў. Цягам мінулага навучальнага года адукацыю атрымалі 2774 чалавекі па 33 рабочых спецыяльнасцях. Непасрэдна на прадпрыемствах прафесійнае навучанне індывідуальна-брыгадным спосабам прайшлі 1620 чалавек. А вось у гомельскай жаночай калоніі №4 зняволеныя ў выглядзе эксперымента могуць дыстанцыйна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях менеджмент, эканоміка, бухгалтарскі ўлік, псіхалогія. Усё гэта стала магчымым дзякуючы міжнароднай праграме «Адукацыя адчыняе дзверы», які рэалізуецца гомельскім абласным грамадскім аб'яднаннем «Сацыяльныя праекты». Сяргей Дарошка кажа, што гэты вопыт будзе пераняты і ў другіх выпраўленчых установах.

На гэты момант за кратамі знаходзяцца 780 інвалідаў, і дэпартамент выканання пакаранняў плануе больш увагі ўдзяляць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Неўзабаве кожны следчы ізалятар мусіць быць абсталяваны камерамі для людзей з фізічнымі асаблівасцямі. Пад дзеянне праграмы безбар'ернага асяроддзя падпадуць і іншыя ўстановы крымінальна-выпраўленчай сістэмы.

Сяргей Дарошка таксама адзначыў не толькі зніжэнне колькасці зняволеных (за апошнія дваццаць гадоў яна скарацілася з 65 тысяч да 20), але і хворых на сухоты. Дасягнуць гэтага атрымалася дзякуючы медыцынскаму абследаванню ўсіх зняволеных.

Якаў ЖУРБІН

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ад офіснай мэблі да макароны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.