Якія віды паслуг можна атрымаць у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання і хто мае права на іх атрыманне? Куды звяртацца ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі? На якія формы сацыяльнага абслугоўвання варта звярнуць увагу пенсіянерам? На гэтыя і іншыя вашы пытанні адказала падчас «прамой лініі», што адбылася ўчора ў рэдакцыі «Звязды», галоўны спецыяліст аддзела адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Талалаева.
За адну хвіліну да назначанага часу раздаецца тэлефонны званок.
— Добры дзень! Гэта Быхавец Людміла Аркадзьеўна вас турбуе, са Смаргоні. Скажыце, калі ласка, раней адзінокім пенсіянерам аказвалі дапамогу ў рамонце — па замене сантэхнікі, электраправодкі і г.д. Тады дзейнічала сацыяльная праграма на 2011—2016 гады. А ці будзе прадугледжана такая дапамога ў наступнай сацыяльнай праграме?
— Так, у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады прадугледжана правядзенне рамонту жылых памяшканняў, якія належаць інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў і іншым катэгорыям грамадзян на ўмовах, якія вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
— Дзякуй за адказ! У мяне ёсць яшчэ пытанне: у нас летась у сацыяльным цэнтры знялі платныя паслугі. Раней многія пенсіянеры імі карысталіся: ім касілі траву, рамантавалі платы, прывозілі дровы... Чаму гэтыя паслугі знялі? Попыт на іх вялікі...
— Такія паслугі не ўваходзяць у пералік гарантаваных дзяржавай паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, іх прадастаўленне адносіцца да пазабюджэтнай дзейнасці тэрытарыяльных цэнтраў. Тут рашэнне прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Таму ўсе пытанні па аказанні гэтых паслуг вы павінны вырашаць на месцы. Вам трэба звярнуцца альбо ў свой райвыканкам, альбо наўпрост у Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, каб яны ўдакладнілі гэтую сітуацыю.
— І яшчэ такі момант: я зусім адзінокая, маю двухпакаёвую кватэру. Пасля смерці мне няма каму яе адпісваць. Ці будзе пастанова Савета Міністраў аб пажыццёвым утрыманні за кватэру, якое дзейнічае цяпер у Мінску, распаўсюджана на краіну?
— Работа над праектам адпаведнай пастановы вядзецца, і ў ім прадугледжваецца распаўсюджванне сацыяльных паслуг на падставе рэнтавых адносін на ўсю краіну.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Што за таемнымі дзвярыма?