Вы тут

Як засцерагчыся ад гепатыту?


Элементарныя правілы гігіены і вакцынацыя павінны засцерагчы ад самых распаўсюджаных відаў гепатыту — А, В і С.


«Падхапіць» вірусныя гепатыты В і С даволі проста — яны перадаюцца праз невялікую колькасць крыві, і гэта не абавязкова ін'екцыйнае ўжыванне наркотыкаў і сексуальныя кантакты. Чысціць зубы чужой шчоткай, расчэсваць валасы чужой расчоскай дакладна не варта: уладальнік гэтых прылад і сам можа не ведаць, што з'яўляецца носьбітам захворвання. Наогул, чым больш рызыкоўныя паводзіны вы практыкуеце, тым большая верагоднасць заразіцца. Ужыванне любых наркотыкаў (не абавязкова ін'екцыйных), злоўжыванне алкаголем — усё, што дапамагае нам страчваць кантроль, прыводзіць да рызыкоўных паводзінаў (тут і бойкі, і выпадковыя палавыя сувязі). Што датычыцца гепатыту А, то ён трапляе ў арганізм з забруджанай вадой або прадуктамі, што магчыма, у першую чаргу, у трэціх краінах з нізкім узроўнем жыцця, медыцыны і санэпіднагляду. А таму заўсёды будзьце ўважлівымі да свайго рацыёну, асабліва падчас замежных вандровак.

Супраць гепатытаў А і В у нашай краіне праводзіцца вакцынацыя немаўлят, што забяспечвае ім у далейшым стапрацэнтную абарону. Аднак гепатыт С застаецца для вучоных сур'ёзнай праблемай — ён надта зменлівы, каб вынайсці такую абарону. Ратуюць толькі эфектыўныя схемы лячэння. Праўда, гепатыт В, калі ўжо трапляе ў арганізм, то застаецца там на ўсё жыццё — лячэнне толькі дапамагае зрабіць так, каб ён не аказваў шкоднага ўздзеяння на здароўе.

Вірусныя гепатыты В і С вельмі часта могуць працякаць бессімптомна, і толькі падчас абследаванняў можна выявіць антыгены, якія сведчаць за тое, што некалі арганізм з імі пазнаёміўся. У краіне выяўлена каля 40 тысяч пацыентаў з віруснымі хранічнымі гепатытамі В і С. Сусветная арганізацыя аховы здароўя сцвярджае, што толькі 5 працэнтаў інфіцыраваных ведаюць пра свой дыягназ. Аднак нашы спецыялісты сцвярджаюць, што дзякуючы скрынінгу груп рызыкі сітуацыя нашмат у Беларусі лепшая. 17 катэгорый грамадзян, напрыклад цяжарныя, усе, хто пражывае з такімі хворымі, хто знаходзіцца на гемадыялізе і г.д., абавязкова абследуюцца на вірусныя гепатыты.

А ўсё таму, што вострая форма захворвання даволі хутка пераходзіць у хранічную, а гэта паступова можа значна пашкодзіць печань, абумовіць развіццё цырозу і раку. Праўда, у пэўнай частцы вострых выпадкаў гепатыту С назіраецца самавылечванне. Ды і калі выявіць захворванне ў вострай форме, сучасныя схемы лячэння даюць добры эфект. «У краіне зарэгістраваны шэраг прэпаратаў, якія дазваляюць пазбавіцца ад самага распаўсюджанага сярод вірусаў гепатыту — С, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Святаслаў ВЕЛЬГІН. — Першую ін'екцыю пацыент атрымлівае ў стацыянары, дзе даследуюцца пабочныя рэакцыі, а далей прызначаецца курс лячэння працягласцю ад паўгода да года. У свеце ўжо прымяняюцца новыя прэпараты з меншымі пабочнымі эфектамі і большай эфектыўнасцю. Некаторыя з іх ёсць і ў нашай аптэчнай сетцы. Акрамя таго, зарэгістраваны і пачнуць да канца года выпускацца яшчэ два прэпараты супраць гепатытаў В і С».


Гэта важна

  • Любая працэдура, звязаная з пашкоджаннем скуры — пірсінг, тату, лячэнне зубоў, стрыжка ў цырульні, — з'яўляюцца патэнцыйнай пагрозай. Аднак рызыка становіцца мінімальнай, калі ўсё гэта рабіць у афіцыйных установах, дзе працуюць спецыялісты з адпаведнай адукацыяй, праводзіцца адпаведны санітарны нагляд, робіцца ўсё неабходнае для прафілактыкі заражэння (аднаразовыя пальчаткі, аднаразовы інструментарый, гігіена рук, прыборка). Па сутнасці, кожны павінен паводзіць сябе з улікам патэнцыйнай небяспекі, а сам інфіцыраваны — памятаць аб адказнасці за наўмыснае заражэнне.
  • З асцярожнасцю трэба паводзіць сябе не толькі ў азіяцкіх краінах, але нават у еўрапейскіх. Праблема гепатытаў будзе захоўваць сваю актуальнасць там, дзе шырока ўжываюць любыя наркарэчывы і дзе распаўсюджаны аднаполыя шлюбы.
  • Леташняе апытанне захварэлых паказала, што 20 працэнтаў маглі, на іх думку, заразіцца праз палавы кантакт; 11 працэнтаў звязваюць магчымасць інфіцыравання вірусным гепатытам з ін'екцыйным ужываннем наркотыкаў; 9 працэнтаў — з пэўнымі маніпуляцыямі кшталту наведвання цырульні; 2,5 працэнта — з выпадковым пашкоджаннем скуры (кантактна-бытавы шлях).

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Гепатыт не дрэмле, але і мы не спім

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.