Вы тут

Як мінчанін выратаваўся з лагера смерці ў Трасцянцы і іншых вызваліў


Свята Перамогі, гадавіна вызвалення Мінска... Гэтыя дні маюць глыбокі сэнс для жыхаркі сталіцы Ліліі Яўхімаўны Мызнікавай. Усю вайну яна правяла ў Мінску. Перажытае засталося ў памяці назаўсёды.


Лі­лія Яў­хі­маў­на Мыз­ні­ка­ва.

Яна нарадзілася ў Магілёўскай вобласці. Бацька, Яўхім Малахавіч Болдаў, паходзіў з-пад Шклова. Мама Лілі памерла ў 1939 годзе. Дзевяцігадовая дзяўчынка і старэйшы за яе на чатыры гады брат Яўген (Генік, як называла яго сястра) засталіся з бацькам. Ён быў работнікам сувязі. Перад вайной сям'я жыла ў раёне мінскай вуліцы Чкалава.

Дзяўчынка часта хадзіла праз чыгуначны мост на Суражскі рынак з бітонам — па малако. У адну нядзелю, ідучы па мосце, яна ўбачыла заклапочаных людзей, якія згуртаваліся каля рэпрадуктара: голас дыктара перадаваў паведамленне аб пачатку вайны. На наступны дзень пачаліся бамбёжкі. Дзеці схаваліся з суседзямі ў бамбасховішча. Бацька, прыйшоўшы з працы, адправіўся іх шукаць. Праз некалькі дзён, не знайшоўшы дзяцей, падаўся ў кірунку Шклова. Але па дарозе яго затрымалі немцы, арыштавалі і пасадзілі ў турму, дзе ён знясілеў ад голаду. Потым яго перавялі ў Трасцянец.

Лілія Яўхімаўна памятае, як немцы прыехалі ў Мінск на матацыклах. Добра апранутыя і самазадаволеныя, яны сталі хадзіць па кватэрах у пошуках маёмасці. Пакуль дзеці ціха ляжалі, прыкінуўшыся, нібы спяць, захопнікі вынеслі з іх кватэры коўдры і хатнія рэчы.

За чатыры гады вайны Ліля і Яўген нагледзеліся ў сталіцы нямала жахаў. Фашысты вешалі мінчукоў, звязаных з партызанамі, і падпольшчыкаў на бярозах. Шыбеніцы, на якіх прылюдна каралі юнакоў за сувязь з народнымі мсціўцамі, стаялі ў раёне вуліцы Свярдлова і ў іншых месцах. Горка было глядзець, як немцы гналі аслабленых палонных савецкіх салдат праз мост, і тыя падалі на зямлю.

Неўзабаве дзяцей узяў пад апеку брат маці. Есці яны хадзілі ў дзіцячы дом. Калі дзіцячы прытулак пераехаў у Астрашыцкі гарадок, Генік з Ліляй вырашылі адшукаць бацьку. Нехта з суседзяў даведаўся, што Яўхім трапіў у Трасцянец. Дзеці выправіліся да лагера пешкі. Баракі толькі яшчэ будаваліся, таму праход быў вольны. Там і знайшлі бацьку.

Набраўшыся храбрасці, дзевяцігадовая Ліля пайшла ў нямецкую адміністрацыю на плошчы Свабоды і пачала прасіць, каб бацьку выпусцілі з лагера, бо яны засталіся без маці і іх няма каму дагледзець. Дзяжурны афіцэр пасадзіў дзяўчынку на куфар, выслухаў і прасіў пачакаць. На дзіва, праз некаторы час бацьку адпусцілі.

Але Яўхім выйшаў адтуль не адзін. Ён выратаваў з гета сваю калегу па працы. Зінаіда Яфрэмаўна была яўрэйкай, мела сына і дачку, мусіла клапаціцца і аб старой маці. Вырашылі сысціся, разам выхоўваць дзяцей. Яўхім разумеў, што за сувязь з ёй яго і дачку могуць пазбавіць жыцця. Але рызыкнуў. Яны пераехалі ў іншае месца, дзе іх не ведалі. Бабулю, якая мела выразную знешнасць, хавалі за печкай, як толькі чуўся грукат у дзверы. Старая кабета была добрай швачкай, яна шыла спадніцы з каляровай тканіны, а Зінаіда Яфрэмаўна перапраўляла іх у вёску і абменьвала на прадукты. Часам яна сыходзіла на некалькі тыдняў з дому, і родныя моцна хваляваліся за яе жыццё. Брата Лілі, Яўгена, забралі ў Германію разам з Астрашыцкім дзіцячым домам. На шчасце, пасля вайны ён вярнуўся.

3 ліпеня 1944 года Ліля ўбачыла першы самалёт з чырвонымі зоркамі, а неўзабаве — і першы танк. Потым з'явіліся савецкія салдаты. Жыхары высыпалі з хованак, сустракалі і кармілі воінаў-вызваліцеляў. Вакол панавала радасць! Яўхіму Малахавічу ўдалося зберагчы сваю сям'ю ад рук карнікаў. Ён прымаў удзел у аднаўленні і адбудоўванні Мінска. Вакол многія дамы былі замініраваныя. У двары дома Болдавых немцы пакінулі склад бомбаў: мінёрам прыйшлося шмат папрацаваць. Салдаты рухаліся далей на захад, вызваляючы новыя прасторы, а жыхары горада паступова прывыкалі да мірнага жыцця.

Імя Яўхіма Малахавіча Болдава запісана на сцяне праведнікаў у мемарыяле Яд ва-Шэм у Ізраілі. Рызыкуючы сваім жыццём, гэты просты чалавек у вайну выратаваў яўрэяў. Напэўна, за гэта нехта звыш падарыў яму доўгае жыццё.

Эла ОЛІНА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Праведнік свету Яўхім

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.