Вы тут

«Харошкі» — яны і ў пустыні «Харошкі»!


...Традыцыя: у войска нас праводзілі ўсёй акругай, клуб набіўся бітком. І было там, здаецца, усё: і шчырыя пажаданні, і вясёлыя конкурсы з армейскага быту, і адмысловы канцэрт, і дзівосныя, дарагія падарункі. Кожны з нас, прызыўнікоў, атрымаў тады па невялічкім шаўковым мяшэчку са жменькай роднай зямлі. Апроч таго, нашы дзяўчаты па прапанове класнай кіраўніцы Вольгі Іванаўны вышылі ўсім прыгожыя сурвэткі з сардэчным надпісам: «Помні аднакласніц. Вясна, 1988 год».


Акурат тады, вясной 1988-га, і пачалася мая армейская служба.

Праходзіла яна ў далёкім Туркестане. Там на першым ранішнім аглядзе, які праводзіў старшына роты, я з хваляваннем дастаў асабістыя рэчы, сярод якіх былі тая вышытая сурвэтка і жменька роднай зямлі. За тое, што трымаю іх, нашу пры сабе, чакаў вымовы, а выйшла ўсё наадварот. Старшы прапаршчык Ягнёнкаў — высокі, статны, з алтайскіх казакоў — моцна паціснуў мне руку, сказаў: «Насі гэта годна!..»

Такім чынам падарункі маіх аднакласніц два гады грэлі маё салдацкае сэрца.

У памяці да скону і яшчэ адна знакавая падзея, якая дадала мне гонару за маю Беларусь, маіх землякоў.

...Свабодных месцаў у Доме афіцэраў тады не было. Ад моцнай спёкі (пад +50!) не ратавалі нават тоўстыя мураваныя сцены.

А на сцэне тым часам пачыналася дзейства: да нас завіталі «Харошкі» — сюды, лічы, у самае сэрца пустыні Каракум!

Напярэдадні хлопцы-саслужыўцы розных нацыянальнасцяў з цікавасцю распытвалі нас, беларусаў, хто ж такія гэтыя «Харошкі»? А што мы маглі адказаць, калі і самі бачылі іх хіба па тэлевізары. Таму і выкручваліся як хто мог: тлумачылі, што гэта танцавальны ансамбль, што выступае ён у фальклорным жанры, што само слова «Харошкі» азначае, што гэта гурт вельмі харошых, вясёлых людзей...

Тое, што яны, гэтыя харошыя і вясёлыя людзі, рабілі на сцэне ў паўнюткай і, што там казаць, вельмі душнай зале Дома афіцэраў, захапляла ўсіх з першых акордаў, з першых танцавальных крокаў і трымала ўжо да самага канца выступлення! Гарэзлівая полька, жартаўлівы кракавяк, «Лявоніха» — усё гэта было такім родным і блізкім!.. Прычым, як згледзеў, не толькі для мяне — для ўсіх маіх таварышаў. Хлопцы не маглі стрымаць сваіх пачуццяў: кожны нумар прымаўся на «ўра!», гэта значыць, на «біс»! «Вось гэта беларусы. Вось гэта харошкі!» — узбекі, казахі, туркмены ўзрушана пляскалі нас (?!) па плячах, моцна ціснулі рукі, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад выступлення нашых землякоў. Цудоўная харэаграфія, прыгожыя касцюмы, самабытная нацыянальная музыка, гумар і найвялікшы ўзровень майстэрства!

Гучнымі апладысментамі, ад якіх, здаецца, магла абрынуцца столь, мы яшчэ доўга трымалі артыстаў на сцэне. І яна тады падалася мне сапраўдным астраўком, аазісам роднай беларускай зямлі сярод спякотнай далёкай пустыні.

...Праляцелі гады, але ж кожны раз, калі выступаюць «Харошкі», я з душэўнай цеплынёй успамінаю той канцэрт у туркменскім горадзе Чарджоу, які пакарыў сэрцы маіх армейскіх таварышаў амаль з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза. А таму праз любімую «Звязду» хачу шчыра павіншаваць мастацкага кіраўніка «Харошак» Валянціну Іванаўну Гаявую з яе прыгожым юбілеем і сказаць, што ваша праца сапраўды нясе людзям радасць!

Генадзь Мішчук,

в. Вотчына, Маларыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.