Вы тут

Валанцёр Дзмітрый Мельнікаў: паездка ў дзіцячы дом — не сэлфі-гурток


Кожны, хто жыве ў дзіцячым доме, мае патрэбу ва ўвазе і клопаце. Аднак не ўсе ахвотныя дапамагчы іх выхаванцам ведаюць, як гэта зрабіць. Чаго не скажаш пра Дзмітрыя Мельнікава, які ў 2014 годзе стварыў дабрачынны рух «Дзеля іх усмешак». Мы пагутарылі з ім пра планы на будучыню і пра тое, што найперш патрэбна выхаванцам дзіцячых дамоў.


— Дзмітрый, як вы сталі валанцёрам?

— Проста стаў дапамагаць, паехаў у Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе жывуць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У паездку трапіў выпадкова. Мая сяброўка арганізоўвала для іх фестываль, была вялікая, насычаная праграма. Вырашыў паспрабаваць, узяў з сабой нейкія сшыткі і паехаў, не ведаючы, шчыра кажучы, што я там буду рабіць. Спачатку не разумеў, як наладжваць стасункі з дзецьмі, але іх шчырасць, адкрытасць — тое, чаго нам не хапае ў паўсядзённым жыцці, — дапамаглі знайсці агульную мову. Потым у сеціве знайшоў некамерцыйную арганізацыю «Лячэбная магія» і кожныя выхадныя пачаў наведваць дзіцячыя дамы.

— А як з'явілася ідэя стварыць рух «Дзеля іх усмешак»?

— Да гэтага мы з сяброўкай займаліся дапамогай дзіцячаму прытулку ў Лагойску і арганізоўвалі паездкі ў тамтэйшы раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Праз некаторы час у мяне з'явілася ідэя стварыць уласны праект, захацелася дапамагаць дзіцячым дамам, якія знаходзяцца ў глыбінцы, выхаванцы якіх асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы. Прыдумалі назву, сталі запрашаць ахвотных. З імі мы звычайна знаёмімся праз інтэрнэт, дзеля чаго я пішу пост у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Максімальна ў мерапрыемствах прымалі ўдзел 30 чалавек, мінімальна — 11.

— У чым заключаецца ваша дапамога?

— Спачатку мы займаліся «задорваннем»: для кожнага дзіцяці збіралі пакет з падарункамі. Але, калі прыязджалі наступны раз да гэтых жа хлопчыкаў і дзяўчынак, пачалі заўважаць, што ім была патрэбная ўжо не столькі наша ўвага... З часам усё змянілася, мы сталі прывозіць толькі патрэбныя рэчы: цацкі, прыналежнасці для вучобы, развіццёвыя гульні. Цяпер працуем у культурна-развіццёвым і забаўляльным напрамках: арганізоўваем майстар-класы, выступленні клоўнаў, праводзім спартыўныя гульні. Але на першым месцы — увага. Вельмі шмат выхаванцаў дзіцячых дамоў трапляюць у турму, потым самі ствараюць праблемныя сем'і. Я лічу, што калі пра дзіця клапоцяцца, калі з ім правільна працуюць педагогі, то такіх сітуацый узнікаць не павінна.

Неяк мы былі ў Маўчадскай школе-інтэрнаце Баранавіцкага раёна, якая знаходзіцца ў вёсцы. Калі прыехалі, то адразу адчулі, які там высокі ўзровень работы з дзецьмі. Выхаванцы дасягаюць добрых спартыўных і інтэлектуальных вынікаў. Летась я арганізаваў для іх майстар-клас па гімнастыцы, і дзеці ўразілі мяне сваімі здольнасцямі. Упэўнены, што яны не прападуць, таму што разумеюць: каб дамагчыся чагосьці, трэба працаваць над сабой.

Я магу зразумець, чаму ў некаторых дзіцячых дамах сітуацыя горшая. Выхаванцаў шмат, а персаналу мала, і за ўсімі не ўсачыць.

Дзеці часам абсалютна не гатовыя да самастойнага жыцця. Бывае, што хлопец ці дзяўчына на парозе выпуску не разумеюць элементарных рэчаў, напрыклад як плаціць за кватэру.

Калі мы ў адзін з прытулкаў прывезлі бармена, выхаванцы нават не ведалі, што ёсць такая прафесія. Таму лічу вельмі важным знаёміць іх з прадстаўнікамі розных спецыяльнасцяў, каб дзеці маглі больш даведацца пра розныя сферы дзейнасці чалавека.

— Што вам яшчэ найбольш запомнілася падчас такіх сустрэч?

— Трэба адзначыць, што існуе сумная заканамернасць: калі дзіця апынулася ў прытулку адзін раз, яно там будзе і другі раз, і трэці. Мяне вельмі моцна ўразіла дзяўчынка, якую з установы вярнулі назад — у праблемную сям'ю. Але ёй так хацелася ў прытулак, што яна вырашыла... падпаліць кватэру.

Першы час я не ведаў, як сябе паводзіць, калі маленькія дзеці называлі мяне татам, калі кідаліся на шыю. Неяк займаўся з дзіцем у рэабілітацыйным цэнтры, куды мама прывезла яго на абследаванне. Я праводзіў з ім шмат часу. Калі хлопчык ад'язджаў, падарыў яму наш агульны фотаздымак. Мама дзіцяці потым расказала, што ён глядзеў на фота і гаварыў: «Вось тата». Гэта быў вельмі няёмкі момант.

— Хто можа прапанаваць дапамогу руху?

— Я чакаю кожнага. Галоўнае, каб людзі не забывалі, што паездкі ў дзіцячыя дамы — гэта не вячоркі і не сэлфі-гурток. На жаль, бывалі выпадкі, калі я назіраў, што людзі больш фатаграфуюцца, чым займаюцца з дзецьмі. У нашых паездках такія не патрэбныя.

Мне шмат разоў прапаноўвалі з руху «Дзеля іх усмешак» зрабіць дабрачынны фонд. Але гэта ўжо іншая дзейнасць. Я проста хачу ездзіць у прытулкі, дапамагаць іх выхаванцам, чаму-небудзь вучыць дзяцей і самому чамусьці вучыцца ў іх.

Дар'я Цауня, Марыя Дарашкевіч, студэнткі ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Паездка ў дзіцячы дом — не сэлфі-гурток

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.