Вы тут

Моладзь з асаблівасцямі развіцця будзе атрымліваць навыкі пекара


Пачынаючы з гэтага лета ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» у Астрашыцкім Гарадку пад Мінскам моладзь з асаблівасцямі развіцця будзе атрымліваць навыкі пекара.


Зусім нядаўна, у чэрвені, у «Растку» з'явілася прафесіянальная пякарня. Яна складаецца з вучэбнага класа і вытворчага цэха, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для вырабу хлеба, булачак, пірожных і піцы, закупленае пасольствам Польшчы ў рамках рэалізацыі сумеснага сацыяльнага праекта з Мінгарвыканкамам.

— Гэты праект дазволіць маладым людзям з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе патрэбнымі і цікавымі, — кажа Уладзімір МАРУДЗІН, дырэктар псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў №1, у рамках якога функцыянуе Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток». — І мы спадзяёмся, што комплексы, псіхалагічныя праблемы, выкліканыя інваліднасцю, акажуцца хоць на час забытымі, а можа, нават і пераадоленымі. А атрыманы вопыт узаемадзеяння з іншымі людзьмі дазволіць маладым інвалідам больш упэўнена ўвайсці ў свет, што пакуль яшчэ не заўсёды гатовы прыняць людзей, якія не такія, як усе. Мы ўжо цалкам забяспечваем сябе хлебабулачнай прадукцыяй і маглі б рэалізаваць яе і ў рознічнай сетцы. Да таго ж ужо пралічылі: гэтыя булачкі нам абыходзяцца ў два разы танней, чым калі б мы куплялі іх на хлебазаводзе. І па смаку, і па якасці яны не саступаюць тым, што выпякаліся дарослымі прафесіяналамі. Да таго ж, усё вельмі свежае.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка ўпэўнены, што ў перспектыве трэба абавязкова выходзіць на пастаўкі прадукцыі ў краму ці па дамоўленасці рабіць яе на заказ. «Тады будзе не проста рэабілітацыя маладых людзей з інваліднасцю, але і аддача ад працы, зарплата для гэтых маладых людзей, — лічыць намеснік старшыні Мінгарвыканкама. — Трэба думаць пра запатрабаванасць іх працы ў рэальным жыцці, рэальнай эканоміцы. Калі гэта атрымаецца, гэта будзе сур'ёзны прарыў».

ДАРЭЧЫ

За першую змену ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» у Астрашыцкім Гарадку пройдуць аздараўленне 120 дзяцей-інвалідаў, за лета — 400-500 чалавек. Пры гэтым для кожнага дзіцяці распрацоўваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пах свежых булачак з асаблівай міні-пякарні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.