Вы тут

Як дзве нашы Вікторыі заваёўваюць пляжы свету


На чэмпіянаце Еўропы (U-20), які завяршыўся нядаўна ў Турцыі, беларускі дуэт — Вікторыя Сакрэтава і Вікторыя Шалаеўская — заваявалі першыя для беларускага жаночага пляжнага валейбола ўзнагароды. Гэта стала добрай нагодай пазнаёміцца з летнім відам спорту бліжэй. Трэнер нашых дзяўчат Сяргей Данілаў расказаў пра шлях да доўгачаканых медалёў, спецыфіку пляжнага валейбола і пра тое, калі беларускія пляжнікі заявяць пра сябе на Алімпіядзе.


Мы ў эліце маладзёжнага пляжнага валейбола

Пляжны валейбол, або, як яго яшчэ называюць, "біч-волей", з простай забавы паступова перарос у алімпійскі від спорту і ў 1996 годзе дэбютаваў у Атланце. Поспех на Алімпіядзе перасягнуў усе чаканні — турнір па пляжным валейболе стаў адным з самых наведвальных і дэбютант з першай спробы заваяваў тытул аднаго з самых папулярных алімпійскіх відаў спорту.

У Беларусі ён пачаў развівацца з пачатку 90-х, і гэта насіла толькі аматарскі характар. Прафесійныя каманды з'явіліся ўжо бліжэй да двухтысячных, тады пляжны валейбол Беларусі прадстаўлялі толькі мужчыны.

— Да 2011 года жаночага пляжнага валейбола ў нас не было ўвогуле, — гаварыць Сяргей Віктаравіч, трэнер "бронзавага" дуэта. — Штуршок быў дадзены мінулым кіраўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Бо гэта алімпійскі від спорту, на Гульні можна заяўляць 4 каманды ад краіны (па дзве мужчынскія і дзве жаночыя), а гэта 4 патэнцыйныя медалі. Напрыклад, амерыканкі на мінулай Алімпіядзе выйгралі "золата" і "серабро", паклаўшы ў скарбонку сваёй краіны адразу дзве ўзнагароды ў адным відзе спорту.

Было вырашана зрабіць упор на маладых гульцоў. З трох пар трэнер адабраў дзвюх дзяўчын, дзвюх Вікторый — Сакрэтаву і Шалаеўскую.

— Яны прыйшлі з класічнага валейбола, але на той момант былі вельмі маладзенькімі, "сыры" матэрыял, з якога яшчэ можна было нешта ляпіць, — распавядае настаўнік.

Каб трапляць на самыя прэстыжныя турніры па пляжным валейболе, а гэта Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і Еўропы, трэба на працягу сезона набіраць рэйтынгавыя ачкі. Пачатковы шлях для нашага дуэта быў вельмі цяжкім, бо калі яны прыязджалі на адборачныя турніры з нулявым рэйтынгам, траплялі на моцныя каманды і доўгі час проста не маглі пераадолець кваліфікацыю.

— У 2014 годзе ў нас быў першы прарыў — 7-е месца з 32-х камандаў на чэмпіянаце Еўропы (U-18). Гэта было першым званочкам, што дзяўчаты цікавыя і перспектыўныя.

Сяргей Віктаравіч са сваімі падапечнымі.

Яшчэ праз год Сакрэтава і Шалаеўская сталі 4-мі на кантыненце, прадставілі Беларусь на Еўрапейскіх гульнях у Баку і ў 2016-м ужо з добрым багажом спартыўных ведаў і вопыту заваявалі бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Еўропы.

— У нас была вельмі моцная група — Расія, Італія, Беларусь і Данія. Тры каманды з квартэта апынуліся ў першай чацвёрцы кантынентальнага чэмпіянату. Вельмі цяжкай была першая гульня плэй-оф з Турцыяй. Я і сёння не магу зразумець, як мы яе выцягнулі. Спякота — 40 градусаў у цені, турчанкі больш прывыклі да такога надвор'я, таму адчувалі сябе лепш за нашых і далі беларускам сапраўдны бой. Але ў нашай каманды байцоўскі характар, у дзяўчат моцны стрыжань унутры, велізарная сіла волі, — дзеліцца Сяргей Віктаравіч.

У паўфінале беларускі дуэт трапіў на леташніх чэмпіёнак Еўропы — зборную Галандыі — і ва ўпартай барацьбе прайграў саперніцам, заняўшы трэцяе месца на турніры.

Хто дыктуе "моду" і куды рухацца нам

Лідзіруючыя пазіцыі ў сучасным жаночым пляжным валейболе за бразільскімі і амерыканскімі дзяўчатамі. Сяргей Віктаравіч адзначае, што гэта абумоўлена сукупнасцю некалькіх фактараў.

Што тычыцца перспектыў нашых маладых спартсменак, то і трэнер, і спартыўнае кіраўніцтва ўпэўнены, што яшчэ больш гучныя перамогі беларусак не за гарамі. Адбор на Алімпійскія гульні пачынаецца за два гады, і нашы дзяўчаты гатовыя змагацца.

— Цяпер перад маімі падапечнымі стаяць канкрэтныя задачы — трапіць на Алімпіяду-2020. Яны гэта разумеюць, і я бачу ў іх велізарнае жаданне. На Гульнях выступаюць 24 каманды, з гэтых дзяўчат сёння няма нікога, маладзейшага за 25 гадоў. Пляжны валейбол — вельмі цяжкі від спорту, ён патрабуе не толькі сур'ёзнай фізічнай падрыхтоўкі, але і пэўных маральна-валявых якасцяў. Маладыя павінны набірацца вопыту, таму да наступнай Алімпіяды Вікторыі якраз павінны падысці падрыхтаванымі, — ліча настаўнік.

"Пляжнікі — не "класікі"!

Самым галоўным адрозненнем пляжнага валейбола ад класічнага з'яўляецца тое, што на пяску гуляюць два на два, хоць памер пляцоўкі меншы ўсяго на метр (у класічным — 9х9 м, а ў пляжным — 8х8 м). Яшчэ ў пляжным валейболе немагчымыя замены.

— Калі ў "класіцы" ў аднаго спартсмена гульня не пайшла, заўсёды ёсць магчымасць замяніць яго на іншага, а тут правяраецца моц духу. Ты павінен сабрацца, хутка знайсці сваю гульню і заставацца на корце ў любой сітуацыі. У "класіцы" трэнер можа ўзяць перапынак, каб штосьці падказаць сваім падапечным, прывесці ў пачуцці; пляжнікі ж самі выкараскваюцца са складаных сітуацый. Акрамя таго, у нас зусім іншая дынаміка, у гульні пляжнікаў больш хітрасці, тактыкі, у класіцы ўсё ж такі вынік больш залежыць ад хуткасці, — расказвае спецыяліст.

Усе гульні праходзяць пад адкрытым небам, але асаблівых абмежаванняў, як ні дзіўна, практычна няма. Спякота ў 37-40 градусаў зусім не з'яўляецца падставай для адмены або спынення гульні.

— Бываюць сітуацыі, калі ад спёкі гульцы ў прамым сэнсе губляюць прасторавую арыентацыю, блытаюць, у якім баку сетка. Але не толькі ў сонцапёк гуляць складана, надвор'е ж можа мяняцца ўмомант, асабліва каля мора. Напрыклад, калі ідзе праліўны дождж, таксама валейбалістам няпроста, практычна немагчыма выканаць падачу. Гульня спыняецца, — толькі калі б'юць маланкі.

Сяргей Віктаравіч адзначае, што міжнародная федэрацыя сочыць і ўхваляе тое, якімі тэмпамі развіваецца пляжны валейбол у Беларусі. У 2013 годзе ўпершыню краіне даверылі правядзенне буйнога міжнароднага турніру ў гэтым відзе спорту — маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-18). Спецыяльна для яго ў Маладзечне быў пабудаваны цудоўны стадыён для пляжных відаў спорту. Спаборніцтвы выклікалі вялікую цікавасць гледачоў, падчас турніру былі запоўнены не толькі трыбуны, але і ўся прастора каля стадыёна.

— Гэта даступны від спорту, не патрабуе асаблівых фінансавых укладанняў ад бацькоў, таму смела можна весці туды дзяцей. Зараз мы "б'ёмся" над тым, каб у дзіцяча-юнацкіх школах з'яўляліся аддзяленні менавіта пляжнага валейбола, але пакуль такіх няма. Таму, калі дзіця хоча гуляць, спачатку яму трэба прыйсці ў класіку, асвоіць асновы валейбола і потым ужо пераходзіць на пясок, — гаворыць спецыяліст.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Мяч пад сонцам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.