Вы тут

Арганізатары паўмарафону чакаюць ад спаборніцтваў ажыятажу


Леташнія забегі выклікалі сапраўдны рэзананс. Па падліках міліцыі, на дыстанцыі беглі 19 тысяч як зарэгістраваных удзельнікаў, так і тых энтузіястаў, якія проста далучыліся да бегуноў. Сёлетні старт чакаецца з няменшай цікавасцю. Што казаць, калі свой удзел у ім ужо пацвердзілі некалькі беларускіх топ-чыноўнікаў!..


Шчыра кажучы, вельмі цікава назіраць, як сямімільнымі крокамі ў нашай краіне развіваецца бегавая культура. Аматары штодня бегаюць на стадыёнах, у парках, па сцежках здароўя. І Мінскі паўмарафон для такіх актыўных грамадзян — сапраўднае спартыўнае свята.

— Пасля завяршэння леташняга паўмарафону людзі не хацелі разыходзіцца, — узгадвае Вадзім Дзевятоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, падчас адмысловай прэс-канферэнцыі. — Яны без шашлыка кантактавалі паміж сабой, фатаграфаваліся з медалямі і знаходзілі гэтае баўленне часу цікавым. А што пасля рабілася ў сацыяльных сетках!

Калі верыць статыстыцы, у забегах ўдзельнічалі прадстаўнікі 172 населеных пунктаў Беларусі і 38 краін свету. Лічбы, безумоўна, уражваюць. А як будзе гэтым разам?

— Мінулы паўмарафон учыніў сапраўдны фурор сярод студэнтаў, школьнікаў, — кажа Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі Беларусі. — Водгаласы чуваць і да сёння. Студэнты рыхтуюцца да ўдзелу і ў сёлетнім, запрашаюць сваіх сяброў з-за мяжы. Кінуты кліч і рэктарскаму корпусу. Трэба, каб яны прабеглі не для прыгажосці, а каб прадэманстравалі ўсім — рэктары ў нас вядуць нармальны, здаровы лад жыцця. Таму ў гэтым годзе мы чакаем убачыць сярод удзельнікаў цэлыя каманды студэнтаў, школьнікаў...

— Паўмарафон пройдзе чацвёртага верасня. Пачнецца ў 11:00 каля Палаца спорту. Упэўнены, мерапрыемства будзе запатрабаваным, — лічыць Вадзім Дзевятоўскі. — Удзельнікі-іншаземцы змогуць атрымаць бясплатную візу. Плануем, іх будзе больш, чым летась. З улікам ажыятажу, які чакаем, разлічваем на ўдзел 20 тысяч чалавек.

Арганізатары будуць запрашаць для ўдзелу і вядомых бегуноў. А тварам паўмарафону мусіць стаць Вольга Мазуронак, дзейная пераможца гэтых спаборніцтваў. Вольга цяпер рыхтуецца да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. І, магчыма, забег у Мінску стане для яе першым пасля Гульняў. Акрамя таго, ужо рыхтуецца так званая «дрым-цім», якую складуць вядомыя ў краіне асобы.

Дарэчы, зарэгістравацца для ўдзелу можна на сайце. Старт падачы заявак распачаты 20 чэрвеня. Для школьнікаў, пенсіянераў прабежка пяцікіламетровай дыстанцыі будзе бясплатнай. Астатнім за ўдзел у «пяцёрцы» трэба будзе заплаціць.

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Разлічваем на дваццаць тысяч удзельнікаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.