Вы тут

Дубкi на памяць


У першым чэрвеньскiм нумары «Звязды», а дакладней у дадатку «Мясцовае самакiраванне», прачытаў публiкацыю пра старасту з вёскi Хатынiчы Ганцавiцкага раёна Андрэя Ярашэвiча. Парадаваўся за яго актыўнасць i за добрыя словы пра аднавяскоўца Аляксандра Канановiча, з якiм мне таксама пашчасцiла пазнаёмiцца. На жаль, чалавека, якога многiя лiчылi i незвычайным, i дзiваком, няма ўжо сярод нас. Затое засталiся ўспамiны. Няхай чытачы па iх мяркуюць, кiм ён быў. Мiж iншым, калi нават i дзiваком, то ў народзе кажуць, што на iх свет трымаецца. Асабiста я лiчу, што ён быў не зусiм звычайным чалавекам, доказам чаму яго ўчынкi.


З Аляксандрам Канановiчам я пазнаёмiўся ў сярэдзiне 90-х гадоў. Незнаёмы дзядок з гучным крыкам лiтаральна ўварваўся ў мой рэдакцыйны кабiнет. Крычаў пра бюракратаў, пра непавагу да людзей пажылога ўзросту, пра тое, што ён дойдзе да самога Прэзiдэнта, але справядлiвасцi даб'ецца. Сваiм крыкам ён мяне моцна здзiвiў: да гэтага нiхто з такiм лямантам у кабiнет не ўрываўся. Карацей кажучы, давялося выслухаць незнаёмца. Наведвальнiк выклаў на стол слухавы апарат: «Паўдня бадзяюся па Брэсце, нiхто не можа адрамантаваць». I тут я зразумеў, чаму гэты дзядок у вясковым адзеннi так гучна гаварыў — недачувае.

Высветлiлася, што Аляксандр Канановiч прыехаў з вёскi Хатынiчы Ганцавiцкага раёна. Па журналiсцкiх справах мне даводзiлася бываць у гэтай вёсцы, ведаю, дзе знаходзiцца. Выходзiць, да Брэста iнвалiд дабiраўся за сотнi кiламетраў! Такому чалавеку трэба было дапамагчы, i я ўзяўся за тэлефон. Праблему з рамонтам слухавога апарата ўдалося вырашыць хутка i без асаблiвага напружання. Пазванiў у абласное ўпраўленне аховы здароўя, i там падказалi адрас майстэрнi. Свайго крыклiвага суразмоўцу я накiраваў па ўказаным адрасе, спадзеючыся, што чалавеку дапамогуць i такiя далёкiя паездкi яму больш не спатрэбяцца.

Ды вельмi памылiўся. Не прайшло i двух тыдняў, як Аляксандр Iванавiч зноў стаяў на парозе майго кабiнета. Праўда, на гэты раз ужо не крычаў — наадварот, прыязна паведамiў: «Я тут чатыры дубкi прывёз, трэба пасадзiць».

— Якiя дубкi?

— У падзяку за тое, што дапамаглi слухавы апарат адрамантаваць. Папрасiў у Хатынiцкiм ляснiцтве саджанцы. Хай растуць каля будынка «Зари».

Калi пра гэта даведаўся тагачасны галоўны рэдактар газеты Пётр Суцько, то адразу загадаў сфатаграфаць Аляксандра Канановiча падчас пасадкi i напiсаць заметку пра гэты неардынарны ўчынак. Сапраўды, далёка не кожны адважыўся б везцi ў цягнiку цi аўтобусе больш чым за 300 кiламетраў трохметровыя дубкi: i самому размясцiцца неяк трэба, i пасажырам не перашкаджаць. А ён прывёз.

Дрэўцы мы пасадзiлi на самым бачным месцы, побач з дарожкай, што вядзе да парога «Зари». На жаль, пашанцавала не ўсiм саджанцам: два блiжэйшыя да Кобрынскага моста праз дзень-другi нехта ўкраў. Мне стала сорамна за суайчыннiкаў, таму не хацелася сустракацца яшчэ раз з Канановiчам i ўсё яму тлумачыць. Але ён быццам здагадаўся аб крадзяжы — праз тыдзень завiтаў у госцi. Якiя апраўданнi я мог знайсцi, каб супакоiць чалавека? Глядзеў на яго i думаў: «Ну вось зараз будзе крыку». А ён, даведаўшыся, куды падзелiся дубкi, з усмешкай сказаў: «Усё ж такi ёсць Бог на свеце!».

— Вы пра што? — здзiвiўся я.

— Хочаце — верце, хочаце — не. У Хатынiцкiм ляснiцтве я ўзяў дазвол на тое, што выкапаю ў лесе два дубкi, але... яшчэ два прыхапiў без дазволу, бо вельмi прыгожыя яны былi. Вось iх i ўкралi. Значыць, ёсць Бог на свеце...

У наступную сустрэчу Аляксандр Канановiч прывёз мне тры кнiгi «Памяць» Ганцавiцкага раёна. Я здзiвiўся: «Навошта мне тры?»

— Каму-небудзь падорыш, — адказаў суразмоўца i дадаў: — Я сто кнiжак купiў. Зайшоў у магазiн, а там iмi занятая цэлая палiца. Дарагаватыя, нiхто не бярэ. Ды хiба гэтай кнiжцы варта пылiцца? Яна павiнна быць у кожнай хаце. Падумаўшы над гэтым, я вырашыў прадаць бычка i купiць сто кнiжак «Памяць». Параздаваў iх па школах, бiблiятэках, добрым людзям. Вось i вам прывёз. Успамiнайце Саньку Канановiча!..

Менавiта згадка хатынiцкага старасты Андрэя Ярашэвiча пра сто кнiжак зноў прымусiла мяне ўспомнiць тыя сустрэчы з незвычайным палешуком. Адну кнiжку «Памяць» Ганцавiцкага раёна пакiнуў сабе, дзве абмяняў на iншыя раёны, калегам па працы яны таксама спатрэбяцца. А што датычыць двух дубкоў, што растуць побач з парогам «Зари», то ў дыяметры яны цяпер сантыметраў 15 — 20, выцягнулiся на метраў дзесяць у вышыню. Цяпер iх нiхто не ўкрадзе, як i памяць пра цудоўнага чалавека — Аляксандра Канановiча з вёскi Хатынiчы.

Адам ТАБОЛIЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.