Вы тут

Каб мы былі здаровымі


Адна з найбуйнейшых шматпрофільных устаноў аховы здароўя, якая аказвае кваліфікаваную медыцынскую дапамогу не толькі беларусам, але і замежнікам, 10-я гарадская клінічная бальніца Мінска, занесена на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2011-2015 гады і 2015 год.


Сур'ёзныя бюджэтныя грошы былі затрачаны ў папярэднія гады на рэканструкцыю, рамонт, замену абсталявання, няспынную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у гэтай установе. Цягам года тут цяпер выконваецца каля 20 тысяч хірургічных аперацый, каля 80 тысяч чалавек атрымліваюць меддапамогу амбулаторна і звыш 36 тысяч — у стацыянары. Да паслуг пацыентаў самыя шырокія і даступныя магчымасці па дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі, а трыццаць гадоў таму на Убарэвіча, 73 адкрыліся два наркалагічныя аддзяленні.

— На базе бальніцы функцыянуе пяць спецыялізаваных рэспубліканскіх цэнтраў — афтальмалагічны, хірургічнай панкрэаталогіі, алергалогіі і прафпаталогіі, таракальнай хірургіі, гастраэнтэралогіі, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Алена САНКОВІЧ. — Тут размяшчаюцца яшчэ чатыры гарадскія цэнтры — дыябетычнай ступні, гастрадуадэнальных крывацёкаў, таракальнай хірургіі і традыцыйнай усходняй медыцыны. Адзінае ў краіне гнойнае таракальнае аддзяленне ратуе жыццё пацыентам з ускладненнямі пасля некаторых аператыўных умяшанняў. Для таго, каб выконваць падобныя аперацыі, неабходна мець адпаведныя кадры і самае сучаснае абсталяванне. У нас гэта ёсць.

Клініка асвоіла звыш 20 відаў высокатэхналагічных методык дыягностыкі і лячэння. На платнай аснове любы ахвотны можа абследавацца «ад і да». Вам трэба прайсці эндаскапічнае абследаванне? Не бойцеся і не цягніце! Эндаскапічнае абсталяванне ў «дзясятцы» — адно з найлепшых у краіне. Да таго ж тут працуюць галоўныя пазаштатныя гастраэнтэролаг і эндаскапіст Міністэрства аховы здароўя.

Развіццё сучаснай хірургіі дазваляе выконваць аперацыі, якія яшчэ не так даўно здаваліся фантастыкай. Калі раней, каб вылечыць пацыента ад цяжкага захворвання, трэба было выдаліць увесь орган, то сёння можна максімальна захаваць і орган, і якасць жыцця. Калі ў сасудах сэрца выяўляецца паталогія, то ў межах аднаго ўмяшання ставіцца ўжо некалькі стэнтаў.

Задача падобных бальніц — узяць на сябе асноўную нагрузку, звязаную з лячэннем самых распаўсюджаных паталогій. Аортакаранарнага шунціравання тут не выконваюць (для гэтага ёсць РНПЦ «Кардыялогія»), аднак пацыенту з інфарктам міякарда робяць каранараграфію (для гэтага ёсць спецыяльны апарат — ангіёграф), падчас якой аднаўляецца парушаны крываток. Праз некалькі тыдняў пасля лячэння можна ўжо вяртацца да працы. Галоўнае — не забыцца пасля выпіскі выконваць рэкамендацыі ўрача і весці здаровы лад жыцця.

Ёсць і самае неабходнае для рэабілітацыі — вельмі актуальная тэма ў сучаснай медыцыне. Правесці аперацыю, як той казаў, палова справы. Аднавіць страчаныя функцыі, вярнуць пацыента да працы і звыклага жыцця — вось задача, якую вырашае сучасная медыцына.

З 2011 года ў 10-й быў адкрыты аперацыйны блок для фемтасекунднага эксімернага лазера, і ўпершыню ў сістэме дзяржаўнай аховы здароўя Беларусі пачалося выкананне карэкцыі зроку па методыцы LASІC. Пасля рэарганізацыі амбулаторных афтальмалагічных аддзяленняў, атрымання новага дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання былі асвоены самыя сучасныя методыкі лячэння захворванняў вачэй, у тым ліку перасадка рагавіцы.

З адкрыццём у 2014-м гастраэнтэралагічнага кансультатыўна-дыягнастычнага кабінета і атрыманнем новага дыягнастычнага, эндаскапічнага, ультрагукавога абсталявання клініка стала цэнтрам па дыягностыцы і лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, у тым ліку рэдкіх захворванняў абмену рэчываў, пачала ўдзельнічаць у шэрагу міжнародных клінічных выпрабаванняў.

У лютым мінулага года пасля капітальнага рамонту, поўнага перааснашчэння пачалі працаваць аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, хірургічны аперацыйны блок. Цяпер клініка мае самы сучасны аперацыйны блок, што дазваляе выконваць увесь спектр хірургічных і афтальмалагічных аперацый у няспынным рэжыме. Два аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі маюць найноўшае абсталяванне, якое адпавядае патрабаванням па лячэнні пацыентаў усіх профіляў.

На базе бальніцы вядуць навуковую і вучэбную дзейнасць 9 кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі: 1-я кафедра хірургічных хвароб, 1-я кафедра ўнутраных хвароб медуніверсітэта, афтальмалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі, рэфлексатэрапіі, эндакрыналогіі, неадкладнай хірургіі, гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі, цыкла алергалогіі і прафпаталогіі кафедры герыятрыі БелМАПА, клінічнай лабараторыі прафпаталогіі і алергалогіі РНПЦ гігіены. Цесная ўзаемасувязь практычнай работы і навуковай дзейнасці спрыяе пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі ўрачоў, дазваляе медыцынскім спецыялістам атрымаць добрую практычную і тэарэтычную падрыхтоўку, эфектыўна ўкараняць новыя медыцынскія тэхналогіі, метады дыягностыкі і лячэння.

10-я клініка разлічана на 1080 тэрапеўтычных і хірургічных ложкаў. 20 аддзяленяў з 39 маюць ложкавы фонд, астатнія 6 — амбулаторныя. Працуюць 278 урачоў і 568 медсясцёр. Сярод работнікаў — восем кандыдатаў медыцынскіх навук, дзевяць выдатнікаў аховы здароўя. 90 працэнтаў урачоў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі.

У бальніцы арганізаваны 8 VІP-палат і 8 палат павышанага камфорту. Сёлета плануецца арганізаваць яшчэ 2 VІP-палаты. Праводзіцца работа па рэдызайне сайта, дзе размешчаны 3D-тур па медыцынскай установе. Аб экспартных магчымасцях можна даведацца на партале Belіnfo.by.

Лічбы і факты

* Беларусь уваходзіць у лік 50 лепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў кваліфікаваным медперсаналам. Усе роды адбываюцца ў нас ва ўмовах стацыянараў. Паказчыкі дзіцячай і мацярынскай смяротнасці — на ўзроўні развітых краін.

* Колькасць кардыяхірургічных умяшанняў у краіне летась дасягнула 17 тысяч. Праведзена 5 858 аперацый эндапратэзавання тазасцегнавых і 1 249 каленных суставаў.

* Летась было выканана 35 аперацый па трансплантацыі сэрца, 69 — печані, 324 — нырк і. Па колькасці трансплантацый на 1 млн жыхароў краіна заняла 1-е месца сярод краін СНД. Паспяхова выконваюцца перасадкі ствалавых клетак і тканак — рагавіцы, скуры, касцявой тканкі.

* Фактычна зведзена да мінімуму колькасць грамадзян, якія накіроўваюцца на лячэнне за мяжу, а беларускія медыкі аказваюць свае паслугі замежным грамадзянам, якія прыязджаюць на лячэнне ў нашу краіну.

* Знакавай падзеяй летась стала адкрыццё малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу і цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Абсталяванне ПЭТ-цэнтра дазваляе праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных, неўралагічных і кардыялагічных захворванняў, прызначаць дакладную схему лячэння, выбіраючы для кожнага пацыента лекі, якія найбольш яму падыходзяць.

* У сістэме аховы здароўя працуюць каля 40 тысяч урачоў, з якіх больш за 70 працэнтаў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі. Колькасць сярэдняга медперсаналу — амаль 114 тысяч чалавек.

P.S. Шчыра віншуем з надыходзячым прафесійным святам — Днём медыцынскага работніка — усіх, хто мае да яго дачыненне! Зычым тым, хто дапамагае захоўваць здароўе сваім пацыентам, таксама заставацца здаровымі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.