Вы тут

Салдаты ляснога фронту


Славуты камбрыг захаваў практычна ўвесь архіў партызанскай брыгады.

Сёлета ў пачатку красавіка споўнілася б 102 гады з дня нараджэння арганізатара партызанскага руху на Віцебшчыне, камандзіра партызанскай брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, ганаровага грамадзяніна горада Віцебска Данілы Фядотавіча Райцава. Славуты камбрыг, будучы ўпэўненым, што гэта спатрэбіцца нашчадкам, захаваў практычна ўвесь архіў сваёй партызанскай брыгады. Пасля смерці Данілы Фядотавіча ў чэрвені 1996 года яго ўдава Вольга Міхайлаўна перадала дакументы ў абласны музей імя М.П. Шмырова. Паводле гэтых дакументаў мы падрыхтавалі да друку ўспаміны партызанскага камандзіра.


Д.Ф. Рай­цаў у 1950-я га­ды.

...Кажуць, каб добра пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з'есці. Я з многімі суражанамі на працягу ўсяго свайго жыцця еў хлеб-соль, дзяліўся думкамі. І цяпер, калі настаў ліхі час, было няцяжка вызначыць тыя «душэўныя маршруты», якія выбіралі мае землякі. Добрае веданне людзей давала падставу беспамылкова вызначыць: адных — у партызаны, другіх — засылаць у варожы стан, трэціх — пакідаць сувязнымі.

Рады лясных салдат няспынна раслі, папаўняліся новымі байцамі. У душах людзей, як у кроплі расы, адлюстроўваліся патрыятычныя адносіны да Радзімы ў час цяжкіх выпрабаванняў.

Тут я крыху парушу ход успамінаў, каб вылучыць, акрэсліць характары асобных народных мсціўцаў, іх шлях да нас.

Іван Гваздзёў. Курынскі камсамолец. Сярод вясковай моладзі вылучаўся сваімі штукарствамі. Многа чытаў аб подзвігах герояў грамадзянскай вайны і першых пяцігодак, дзяліўся прачытаным з равеснікамі. Моцна сябраваў з камсамольцам Міхаілам Сільніцкім. Марыў стаць пагранічнікам і пільна ахоўваць свяшчэнныя рубяжы Радзімы. А пакуль што ён у мяне на прыкмеце: дзяліць яму з намі партызанскую долю.

Калі я ішоў да айчыма Гваздзёва. Яўхіма Фёдаравіча Клімовіча, убачыў расклееныя на вуліцах нямецкія аб'явы: «Хто паведаміць, дзе
хаваецца Райцаў Д.Ф. (гэта значыць я), той атрымае ўзнагароду ў суме 50 тысяч рублёў». Але я не шукаў прытулку ў той хаце, а хацеў як мага хутчэй далучыць да Клімовіча ягонага пасынка. Прынёс некалькі лістовак з паведамленнямі Савецкага інфармбюро, аддаў іх Івану.

— Гебельс і ўся яго прапаганда, — тлумачу, — вылузваюцца са скуры, надрываюцца ў хлусні. Трэба, каб нашы людзі ведалі праўду аб становішчы на франтах, аб гераізме Чырвонай Арміі і ўсяго савецкага народа. Ідзі, Ваня, да людзей, расказвай ім нашу праўду. Гартуй і рыхтуй да партызанскіх баёў моладзь.

Маладыя патрыёты збіралі зброю. Кралі аўтаматы і ў саміх гітлераўцаў, асабліва ў час налётаў нашай авіяцыі. У вёсцы Андронавічы ў дамах, дзе жылі камсамольцы Пётр Зязюлькін і Васіль Салаўянаў, разлегліся нанач нямецкія салдаты. Спалі моцна. Пётр і Васіль, не губляючы часу, забралі зброю, гранаты і патроны, пераапрануліся ў нямецкую форму і пад покрывам ночы прыйшлі ў партызанскі атрад. Потым яны былі добрымі разведчыкамі і мінёрамі.

Наш партызанскі пароль прывёў у лес не адну групу юных мсціўцаў. Тыя, што прыходзілі са зброяй у руках, папаўнялі атрад і накіроўваліся на баявыя заданні, а шлях астатніх ляжаў за лінію фронту, у рады Чырвонай Арміі.

Сам Іван Гваздзёў потым стане ў адзін рад з самымі кемлівымі і адважнымі. Будзе пасланы ў Маскву, сустрэнецца з першым сакратаром ЦК ВЛКСМ М.А. Міхайлавым, раскажа карэспандэнтам савецкага друку і радыё аб подзвігах беларускіх партызанаў, паступіць у спецшколу. Начальнік яе пастараецца, каб юныя мсціўцы як мага хутчэй авалодалі падрыўной справай і вярнуліся ў тыл ворага. І паляцяць пад адхон эшалоны з жывой сілай і ваеннай тэхнікай праціўніка.

Вольга Сонава. Камсамолка з вёскі Стырыкі. Да вайны хадзіла ў школу; як і яе сяброўкі, марыла аб тых невядомых шляхах, якія ад суседняга шклозавода вялі ў гарады, дзе былі інстытуты, студыі, спартыўныя залы. А цяпер усе гэтыя шляхі-дарогі пераблытала вайна, і выйсце з вогненнага лабірынту Вольга бачыла толькі ў разгроме фашызму. Калі наш атрад прыбыў у Стырыкі, камсамолка адразу ж завітала да мяне і заявіла:

— Прыміце мяне ў атрад. Хачу помсціць лютаму ворагу. Дзеля роднай Бацькаўшчыны не пашкадую нічога, нават жыцця.

— Добраахвотнік — не нявольнік, кожнаму вядома. Прымем у атрад, — адказваю Сонавай. — Толькі якую прыдумаць табе спецыяльнасць?

— Я прыдумала ўжо! — узрадавалася Вольга станоўчаму рашэнню. — Я ж скончыла курсы медыцынскіх сясцёр... І практыку прайшла...

— Нам такія патрэбны ўжо сёння...

— І фашыстаў буду біць нароўні з вамі, — рашуча дадала камсамолка.

Яна пойдзе з намі цярністымі дарогамі. Яе не спалохаюць доўгія і далёкія пераходы. Будзе смелай і мужнай у баях з ворагам. Калі хто з нашых натыкнецца на варожую міну, будзе паранены, яму акажа дапамогу «партызанская сястрычка». Потым яна стане знатнай «сумяшчальніцай»: адначасова і медыцынскай сястрой, і аўтаматчыцай, і падносчыцай двухпудовых порцый толу да чыгуначнага палатна, і разведчыцай. І гэта цудоўнае маладое жыццё абарвецца ў высокім чароце разам з абозам раненых партызанаў, з якім па-зверску расправіліся фашысцкія карнікі...

Су­стрэ­ча пар­ты­зан­скіх ка­ман­дзі­раў у ле­се  Шух­вас­цян­скай да­чы (1942). Трэ­ці зле­ва — Д.Ф. Рай­цаў.

Федзя Клімовіч. Зусім юны курынскі піянер... Як казаў паэт, ён «больш не падрос ды ад бацькавых калёс...»

А той Федзя, ростам мне па пояс, стаіць па ўсёй вайсковай выпраўцы, чаканіць:

— За кроў, за слёзы, за пажары я ім, фашысцкім гадзінам, горлы перагрызу!

Можна падумаць, што гэты хлапчук не Федзя — вясковы, басаногі, — а казачны
Вярнігара.

— Я, дзядзька Даніла, падрыхтаваўся стаць сапраўдным партызанам, — працягваў піянер ужо з «вольнай нагі» і глядзеў мне ў твар сваімі вачыма-васількамі. — Няхай камсамольцы пацвердзяць: я зброю, патроны, гранаты збіраў, ужо шмат фашыстам нашкодзіў. Ці ж не партызан я?

— Вядома, партызан, — было маё слова ў адказ. — Пойдзеш у разведку?

— Гатовы на любое заданне!

І Федзя Клімовіч здзівіць сваімі бясстрашнымі подзвігамі самых бывалых. Ён будзе ўдзельнічаць у кожнай аперацыі, вызначыцца адвагай, кемлівасцю і вынослівасцю, занясе на свой рахунак многа гераічнага і адправіць на той свет не адзін тузін акупантаў. З аднавяскоўцам камсамольцам Іванам Гваздзёвым ён сотні разоў сходзіць у разведку, даставіць «языкоў», разам з ім двойчы па нашым заданні перасячэ лінію фронту і прынясе важныя звесткі ў Беларускі штаб партызанскага руху. І калі ў няроўным баі ён будзе схоплены фашыстамі, якія ў час катаванняў выражуць на яго целе пяцікутную зорку, нічога не скажа карнікам да апошняга імгнення жыцця.

Пятро Скупаў. «Паліцай»... Ходзіць па Курыне з павязкай на рукаве, схіліўшы галаву, быццам той бусел, што шукае жабу. Я яго ведаў да вайны як някепскага хлопца. Што ў яго на душы цяпер? Трэба ратаваць... Наш жа ён! Магчыма, шукае бліжэйшыя подступы да нас... Вырашаю: пайду на сувязь з ім сам.

Восенню сорак першага, як звычайна, завітаў да Яўхіма Клімовіча. Мы з ім доўга гутарылі, чыталі савецкія лістоўкі і газету. Калі на зямлю апусціўся густы змрок, я паклікаў Івана Гваздзёва, даю заданне:

— Пакліч Пятра Скупава. Скажы яму: дзядзька Яўхім запрашае. І ні слова пра тое, што тут Райцаў.

Пачуўшы за акном крокі, я стаіўся ў суседнім пакоі. У мяне быў надзейны пісталет. А тым часам гаспадар з госцем пачалі гаворку. Я выбраў зручны момант і нечакана далучыўся да іх.

— А ты, Пеця, мяне не бойся, — кажу Скупаву. — Ведаю, які ты паліцай, хоць і ўсе іхнія даспехі носіш... Здагадваюся, якое ліха цябе загнала ў воўчае логава.

Я не памыліўся: Скупаў усім сэрцам з намі. Пасля нашай з ім гутаркі ён раз-пораз паўтараў:

— Я вораг нашаму агульнаму ворагу — фашыстам. Верце мне. Хоць зараз гатовы пайсці да вас разам з жонкай Варай. І біць, біць, біць гадзін!

— Зараз не трэба, — тлумачу яму. — Заставайся ў паліцыі і служы нам, партызанам. Работы будзеш мець навалам. А калі выдыхнешся, запросім у атрад.

Пятро Скупаў і яго жонка — медыцынская сястра Варвара Сокалава — пойдуць аднымі партызанскімі сцежкамі-дарожкамі. Увесь іх баявы шлях будзе ўсеяны незлічонымі подзвігамі ў імя Радзімы. У адным з жорсткіх баёў, апынуўшыся адзін на адзін з вялікай зграяй фашыстаў, яны біліся да апошняга патрона, а ў самы крытычны момант, каб не трапіць у рукі ворага жывымі, узарвалі сябе апошняй гранатай...

* * *

Людзі, якія ішлі да нас, не былі падобныя адно на аднаго. (Мусіць, калі б сабраць усе мільярды чалавек нашай планеты, то ў кожным з іх прыкмеціш сваё, непаўторнае.) Аднак тых, хто накіроўваўся да нас, у партызаны, пры ўсім такім непадабенстве аб'ядноўвала адна рыса — патрыятызм. І ўсіх іх пад канец «партызанкі» было 2500.

Падрыхтавала Таццяна КУЗЬМІЧ

г. Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.