Вы тут

Лідзія Ярмошына — пра новыя нюансы ў выбарчай кампаніі


Інстытут члена акружной камісіі з правам дарадчага голасу спросціць работу палітычных партый падчас будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА на ўчарашнім пасяджэнні Цэнтрвыбаркама.


Працаваць з апанентамі

«Думаю, гэта спросціць работу для палітычных партый — значыць у іх будзе не адзін прадстаўнік пры афіцыйнай выбарчай акрузе, а гіпатэтычна іх можа быць і 110, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — Гэта магчыма, калі партыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў па 110 акругах».

На яе думку, такое новаўвядзенне на будучых парламенцкіх выбарах — урок талерантнасці і ўмення працаваць з апанентамі. Перш за ўсё, гэта тычыцца мясцовых улад.

«Мясцовыя выбарчыя органы павінны будуць працаваць з прадстаўнікамі апазіцыйных структур як са сваімі калегамі і вучыцца слухаць іншы пункт гледжання», — заўважыла старшыня Цэнтральнай камісіі.

Яна таксама звярнула ўвагу, што да парламенцкай кампаніі зменены парадак аспрэчвання ўсіх канкрэтных сітуацый, якія ўзнікаюць падчас выбараў. Так, калі раней адмова ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты магла абскарджвацца толькі ў Цэнтральнай камісіі, а далей рашэнне Вярхоўнага суда з'яўлялася канчатковым, то зараз рашэнне акруговай камісіі абскарджваецца ў тэрытарыяльнай камісіі, рашэнне абласной тэрытарыяльнай камісіі — у абласным (мінскім гарадскім) судзе. Пры гэтым рашэнне суда абласнога ўзроўню з'яўляецца канчатковым. Ні ў Цэнтральную камісію, ні ў Вярхоўны суд справа не ідзе.

Нагадаем, на сёлетніх выбарах кандыдат у дэпутаты не зможа стаць даверанай асобай іншага кандыдата, а вылучацца можна будзе толькі па адной акрузе. Адна з найважнейшых навел датычыцца падвядзення вынікаў выбараў — яно спрашчаецца. Раней выбары ў парламент маглі праходзіць у два туры, цяпер жа на іх распаўсюджваецца прынцып адноснай большасці.

Назіральнікаў запросіць МЗС

Падчас размовы з журналістамі старшыня ЦВК адзначыла, што Міністэрствам замежных спраў з нагоды выбараў будуць накіраваны афіцыйныя лісты ў міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца маніторынгам і з'яўляюцца найбольш аўтарытэтнымі ў гэтай галіне.

«Яны будуць самастойна фарміраваць місіі, — заўважыла яна. — Гэта могуць быць місіі АБСЕ, СНД, Савета Еўропы. Еўрапарламент таксама заяўляе пра сваё жаданне. Гэта ўжо, у прынцыпе, структура Еўрапейскага саюза».

Што да Цэнтрвыбаркамаў краін Еўрасаюза, то беларускі ЦВК накіроўвае запрашэнні толькі дзвюм еўрапейскім камісіям — Літвы і Латвіі.

Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ўлічаны часткова

Па словах Лідзіі Ярмошынай, ужо на працягу цяперашняй выбарчай кампаніі наша краіна ўлічыць частку рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі дадзены пасля правядзення ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў.

«Па выніках прэзідэнцкіх выбараў БДІПЧ АБСЕ было дадзена 30 рэкамендацый, 22 з іх патрабуюць унясення змяненняў у выбарчае заканадаўства, — паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі. — Мы не можам зрабіць гэта цяпер, паколькі стартуе новая выбарчая кампанія. Аднак частка прапаноў будзе рэалізавана ў выглядзе паляпшэння правапрымяняльнай практыкі».

На ўчарашнім пасяджэнні зацвярджаліся метадычныя рэкамендацыі для ўчастковых выбарчых камісій. У прыватнасці, у дакуменце змяшчаецца норма аб тым, што назіральнікі могуць прысутнічаць пры падліку галасоў, вызначана месца іх знаходжання каля стала для падліку галасоў, іх правы і абавязкі. «Паляпшэнне сітуацыі з доступам назіральнікаў да працэдуры падліку галасоў — гэта і ёсць паляпшэнне правапрымяняльнай практыкі, якое мы можам зрабіць у рамках рэкамендацый БДІПЧ», — сказала Лідзія Ярмошына.

Акрамя таго, будзе павышана празрыстасць пры разглядзе выбарчых спрэчак. Гэта азначае, што ўсе рашэнні выбарчых камісій, прынятыя ў сувязі са скаргамі, павінны публікавацца ў інтэрнэце — размяшчацца на сайце. Яшчэ адна абавязковая ўмова — павышэнне галоснасці, дыскусійных пасяджэнняў выканаўчых органаў пры зацвярджэнні складу выбарчых камісій.

«Тыя навелы, якія ўвайшлі ў метадычныя тлумачэнні, гэта, перш за ўсё, рэкамендацыі міжнародных выбарчых экспертаў», — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама. Яна таксама падкрэсліла, што ўказанне ЦВК з'яўляецца абавязковым да выканання камісіямі на месцах.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Урокі талерантнасці

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.