Вы тут

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Аб праве на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб.


Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб праве на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб».

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Міцкевіч В.В., Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Мароз Л.Ф., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

прадстаўнікі:

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Дземідовіч В.М., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь — Муквіч У.В., намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь;

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь — Мальцаў А.В., начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 сакавіка 2016 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей — Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту грамадзяніна А.М.Барташэвіча, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, аб наяўнасці прававога прабелу ў частцы адсутнасці ў асоб, якія не з'яўляюцца ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей — ПК) плацельшчыкамі падаткаў, збораў (пошлін) (іншымі абавязанымі асобамі), права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб гэтых органаў, якімі закранаюцца іх правы.

У звароце ўказваецца, што А.М.Барташэвіч у перыяд з 24 красавіка па 30 верасня 2013 г. з'яўляўся дырэктарам прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства (далей — прыватнае прадпрыемства), у дачыненні да якога ў цяперашні час узбуджана вядзенне па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), адкрыта конкурснае вядзенне. Падставай для гэтага паслужыла запазычанасць прыватнага прадпрыемства па выплаце падаткаў і збораў.

Згодна з рашэннем інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Фрунзенскім раёне г. Мінска № 2 ад 8 ліпеня 2015 г. (далей — рашэнне ІМПЗ) і актам выязной пазапланавай праверкі ад 8 чэрвеня 2015 г. парушэнні падатковага заканадаўства прыватным прадпрыемствам дапушчаны ў выніку дзеянняў (бяздзейнасці) А.М.Барташэвіча, які ў парушэнне падпункта 1.1 пункта 1 артыкула 22 ПК не забяспечыў у поўным аб'ёме выплату падаткаў і збораў, парушыў правілы вядзення бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці. Аб рашэнні ІМПЗ дадзенаму грамадзяніну стала вядома пасля атрымання пастановы эканамічнага суда г. Мінска ад 10 лістапада 2015 г. аб узбуджэнні вядзення па справе аб прыцягненні яго да субсідыярнай адказнасці па абавязацельствах прыватнага прадпрыемства і азнаямлення з матэрыяламі справы. На рашэнне ІМПЗ грамадзянін падаў скаргу ў суд Фрунзенскага раёна г. Мінска. Пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ад 5 студзеня 2016 г. вядзенне па справе спынена ў сувязі з адсутнасцю ў грамадзяніна ў дадзеным выпадку права на зварот у суд.

Па меркаванні грамадзяніна, адсутнасць права на абскарджанне ў суд рашэння падатковага органа, якім закранаюцца правы і законныя інтарэсы асобы (уласніка маёмасці арганізацыі-даўжніка, заснавальніка (удзельніка), былога кіраўніка арганізацыі-даўжніка), якая прыцягваецца да субсідыярнай адказнасці па абавязацельствах арганізацыі-даўжніка, парушае канстытуцыйнае права гэтай асобы на судовую абарону.

Заслухаўшы суддзю Козыраву Л.Р., выступленні прадстаўнікоў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, ПК, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГК), Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)» (далей — Закон аб банкруцтве) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

1. Канстытуцыяй прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь — найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).

Артыкулам 22 Канстытуцыі вызначана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Частка першая артыкула 60 Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, прадугледжвае абавязак дзяржавы забяспечваць кожнаму бесперашкоднае права на доступ да правасуддзя.

У адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека кожны чалавек для вызначэння яго правоў і абавязкаў мае права на аснове поўнай роўнасці на тое, каб яго справа была разгледжана публічна і з прытрымліваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом (артыкул 10). Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожны мае права пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона (артыкул 14); кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязваецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2).

Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў, што права на судовую абарону адносіцца да асноўных правоў чалавека, якія прызнаюцца і гарантуюцца згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

З аналізу палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вынікае, што дзяржава абавязана ўстанаўліваць належны механізм рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай.

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйным Судом былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія ўказаныя дзяржаўныя органы выклалі сваё меркаванне па справе.

Вярхоўны Суд лічыць, што заканадавец, улічваючы канстытуцыйны абавязак дзяржавы забяспечыць грамадзянам права на доступ да правасуддзя і прававую прыроду падаткаабкладання, даў права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў (дзеянняў або бяздзейнасці іх службовых асоб) выключна суб'ектам падатковых адносін. Вырашэнне пытання пашырэння кола суб'ектаў, якія маюць права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў (дзеянняў або бяздзейнасці іх службовых асоб), адносіцца да выключнай кампетэнцыі заканадаўца.

Генеральная пракуратура адзначае, што ў дзеючым заканадаўстве адсутнічае прававое рэгуляванне рэалізацыі правоў юрыдычных і фізічных асоб, якія не з'яўляюцца плацельшчыкамі, на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб у выпадку парушэння гэтымі рашэннямі, дзеяннямі (бяздзейнасцю) правоў юрыдычных і фізічных асоб, і мяркуе, што дадзены прабел магчыма ўстараніць шляхам унясення змяненняў у артыкул 85 ПК.

Міністэрства па падатках і зборах указвае, што ў адпаведнасці з артыкуламі 1, 4 ПК удзельнікамі адносін, рэгулюемых дадзеным Кодэксам і іншымі актамі падатковага заканадаўства, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджання рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, з'яўляюцца арганізацыі і фізічныя асобы, якія прызнаюцца ў адпаведнасці з ПК плацельшчыкамі. Адносіны, што датычацца правядзення праверкі і яе вынікаў у сувязі з выяўленымі ў правяраемага плацельшчыка парушэннямі заканадаўства, маюць месца паміж падатковым органам і плацельшчыкам. Міністэрства па падатках і зборах не бачыць у ПК прабелу прававога рэгулявання рэалізацыі права грамадзян, якія не з'яўляюцца плацельшчыкамі, на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб.

Міністэрства юстыцыі адзначае, што пытанне аб неабходнасці карэкціроўкі заканадаўства ў частцы змянення замацаваных падыходаў і надзялення любой асобы правам на абскарджанне рашэння падатковых органаў не адносіцца да кампетэнцыі гэтага Міністэрства, а павінна быць разгледжана ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўную палітыку ў дадзенай галіне, у першую чаргу Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам па падатках і зборах.

3. Канстытуцыяй устаноўлена, што грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй (частка другая артыкула 2); грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (артыкул 56).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадавец, грунтуючыся на ўказаных канстытуцыйных нормах, а таксама палажэннях пункта 2 часткі першай артыкула 97, пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі, мае права па сваім меркаванні ажыццяўляць прававое рэгуляванне адносін у сферы падаткаабкладання, у тым ліку па ўстанаўленні парадку абскарджання рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб.

У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Канстытуцыя дае заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, гэта значыць магчымасць меркавання, «прастора выбару» ў рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін, вызначэнні асаблівасцей прававога рэгулявання, устанаўленні, змяненні і абмежаванні суб'ектыўных правоў, умоў і механізмаў іх рэалізацыі. Аднак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў заканадавец дзейнічае ў межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, пры гэтым ён павінен улічваць неабходнасць падтрымання балансу і суразмернасці канстытуцыйна абараняемых каштоўнасцей, мэт і інтарэсаў, якія знаходзяцца ў адзінстве, і не дапускаць падмены адной каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

Згодна з ПК падатковыя органы і іх службовыя асобы абавязаны ажыццяўляць кантроль за выкананнем падатковага заканадаўства, правільным падлікам, поўнай і своечасовай выплатай падаткаў, збораў (пошлін), пені, а таксама за правільнасцю спагнання, своечасовасцю і паўнатой пераліку ў бюджэт падаткаў, збораў (пошлін) (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 82).

Падатковы кантроль ажыццяўляецца ў тым ліку пры дапамозе праверак (пункт 1 артыкула 64 ПК). Парадак арганізацыі і правядзення праверак устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «О совершенствовании контрольной (надзорной) деятельности в Республике Беларусь», якім зацверджана Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення праверак (далей — Палажэнне).

Па выніках праверкі, у ходзе якой выяўлены парушэнні актаў заканадаўства, састаўляецца акт праверкі, на падставе якога кіраўніком (яго намеснікам) падатковага органа ў межах яго кампетэнцыі выносіцца рашэнне па акце праверкі (артыкул 78 ПК, частка першая пункта 59 і частка першая пункта 73 Палажэння).

У адпаведнасці з артыкулам 85 ПК кожны плацельшчык (іншая абавязаная асоба) мае права абскардзіць рашэнні падатковых органаў, дзеянні (бяздзейнасць) іх службовых асоб, калі ён лічыць, што такія рашэнні або дзеянні (бяздзейнасць) прыняты або ўчынены з парушэннем норм, устаноўленых падатковым або іншым заканадаўствам, або парушаюць яго правы.

Часткай першай пункта 1 артыкула 86 ПК прадугледжана, што рашэнні падатковых органаў, дзеянні (бяздзейнасць) іх службовых асоб могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы падатковы орган або вышэйстаячай службовай асобе, якой службовыя асобы, дзеянні (бяздзейнасць) якіх абскарджваюцца, непасрэдна падначалены, і (або) у суд. Згодна з часткай другой дадзенага пункта падача скаргі ў вышэйстаячы падатковы орган або вышэйстаячай службовай асобе не выключае права на падачу скаргі ў суд; абскарджанне рашэння падатковага органа, дзеянняў (бяздзейнасці) яго службовых асоб у судовым парадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам; пры гэтым скарга на рашэнне падатковага органа, дзеянні (бяздзейнасць) яго службовых асоб можа быць пададзена ў эканамічны суд на працягу года з дня яго вынясення (іх учынення).

Аналагічныя па змесце правілы, якія датычацца правоў правяраемага суб'екта на абскарджанне рашэнняў кантралюючых (наглядных) органаў па акце праверкі, дзеянняў (бяздзейнасці) правяраючых, устаноўлены ў частках першай — трэцяй пункта 78 Палажэння.

Са зместу аналізуемых норм заканадаўчых актаў вынікае, што права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў належыць плацельшчыкам (іншым абавязаным асобам).

Згодна з пунктам 1 артыкула 13 ПК плацельшчыкамі прызнаюцца арганізацыі і фізічныя асобы, на якіх у адпаведнасці з дадзеным Кодэксам, мытным заканадаўствам Мытнага саюза, Законам Рэспублікі Беларусь «О таможенном регулировании в Республике Беларусь» і (або) актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ускладзены абавязак выплачваць падаткі, зборы (пошліны).

Пунктам 2 артыкула 37 ПК прадугледжана, што выкананне падатковага абавязацельства ажыццяўляецца непасрэдна плацельшчыкам, за выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з дадзеным Кодэксам, мытным заканадаўствам Мытнага саюза, Законам Рэспублікі Беларусь «О таможенном регулировании в Республике Беларусь» і (або) актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або рашэннямі мясцовых Саветаў дэпутатаў (у дачыненні да мясцовых падаткаў і збораў) выкананне яго падатковага абавязацельства ўскладаецца на іншую абавязаную асобу або іншай асобе надаецца права заплаціць падаткі, зборы (пошліны) за плацельшчыка.

Па сэнсе артыкула 23 ПК да іншых абавязаных асоб адносяцца падатковыя агенты. Так, згодна з указаным артыкулам ПК падатковым агентам прызнаецца юрыдычная або фізічная асоба, простае таварыства, даверны кіраўнік, замежная арганізацыя, якая ажыццяўляе дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, адкрытыя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, якія з'яўляюцца крыніцай выплаты даходаў плацельшчыку і (або) на якія ў сілу дадзенага Кодэкса і іншых актаў падатковага заканадаўства ўскладаюцца абавязкі па падліку, вылічэнні ў плацельшчыка і пераліку ў бюджэт падаткаў, збораў (пошлін) (пункт 1); падатковы агент мае тыя ж правы, што і плацельшчык, калі іншае не вызначана дадзеным Кодэксам (пункт 2).

Пры гэтым згодна з пунктам 1 артыкула 24 ПК плацельшчык можа ўдзельнічаць у адносінах, якія рэгулююцца падатковым заканадаўствам, праз свайго законнага або ўпаўнаважанага прадстаўніка, калі іншае не прадугледжана ПК. Законнымі прадстаўнікамі плацельшчыка-арганізацыі прызнаюцца асобы, упаўнаважаныя прадстаўляць указаную арганізацыю на падставе актаў заканадаўства або ўстаноўчых дакументаў гэтай арганізацыі (пункт 1 артыкула 25 ПК). У сілу пункта 2 артыкула 27 ПК упаўнаважаны прадстаўнік плацельшчыка-арганізацыі ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на падставе даверанасці, якая выдаецца ў парадку, устаноўленым актамі заканадаўства. Пунктам 4 артыкула 24 ПК вызначана, што правілы, прадугледжаныя артыкуламі 24—27 ПК, распаўсюджваюцца і на падатковых агентаў.

Такім чынам, з аналізу прыведзеных норм ПК і Палажэння вынікае, што ўласнікі маёмасці арганізацыі, заснавальнікі (удзельнікі), кіраўнікі, у тым ліку былыя, і іншыя асобы, чые правы і законныя інтарэсы могуць быць парушаны рашэннем падатковага органа, дзеяннямі (бяздзейнасцю) іх службовых асоб, не маюць права абскардзіць такое рашэнне, дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб падатковага органа ад свайго імя ў сваіх інтарэсах.

4. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (частка другая артыкула 2); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Замацаванае Канстытуцыяй права кожнага на судовую абарону выступае гарантыяй рэалізацыі ўсіх іншых канстытуцыйных правоў і свабод і носіць універсальны характар.

У шэрагу раней прынятых рашэнняў Канстытуцыйны Суд указваў, што важнейшымі састаўляючымі прынцыпу вяршэнства права з'яўляюцца недапушчэнне самавольства з боку дзяржаўных органаў, іх службовых асоб, абарона правоў плацельшчыкаў; калі падатковыя органы і іх службовыя асобы пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў дапусцілі парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадзяне маюць права рэалізаваць замацаваныя ў Канстытуцыі правы на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40) і на судовую абарону (артыкул 60) шляхам падачы адпаведнай скаргі па правілах артыкулаў 86, 87 ПК (рашэнні ад 11 кастрычніка 2010 г. № Р-494/2010, ад 26 снежня 2011 г. № Р-662/2011, ад 16 кастрычніка 2012 г. № Р-761/2012); прадугледжанае ў частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі палажэнне з'яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў і свабод грамадзян ад любых дзеянняў і рашэнняў, якія іх парушаюць; права на судовую абарону адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны (рашэнні ад 2 красавіка 2000 г. № Р-111/2001, ад 5 красавіка 2007 г. №Р-199/2007, ад 19 снежня 2011 г. № Р-655/2011, ад 5 ліпеня 2012 г. № Р-739/2012 і інш.).

4.1. Часткай другой пункта 3 артыкула 52 ГК прадугледжана, што калі эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва) юрыдычнай асобы выклікана ўласнікам яго маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі) або іншымі асобамі, у тым ліку кіраўніком юрыдычнай асобы, якія маюць права даваць абавязковыя для гэтай юрыдычнай асобы ўказанні або маюць магчымасць іншым чынам вызначаць яго дзеянні, то на такіх асоб пры недастатковасці маёмасці юрыдычнай асобы ўскладаецца субсідыярная адказнасць па яго абавязацельствах. Аналагічная норма змяшчаецца ў частцы другой артыкула 11 Закона аб банкруцтве.

У сілу часткі сёмай артыкула 11 Закона аб банкруцтве субсідыярная адказнасць ускладаецца і ў выпадках спынення права ўласнасці на маёмасць даўжніка, выбыцця са складу ўдзельнікаў (заснавальнікаў) даўжніка, спынення працоўных адносін з даўжніком, а таксама спынення права даваць абавязковыя для даўжніка ўказанні або іншым чынам вызначаць яго дзеянні на працягу ўстаноўленага дадзеным Законам тэрміну.

У адпаведнасці з Законам аб банкруцтве кіраўнік з моманту яго назначэння абавязаны падаваць іскі аб прыцягненні да субсідыярнай адказнасці кіраўніка даўжніка — юрыдычнай асобы і (або) іншых вінаватых у эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) даўжніка асоб (абзац васямнаццаты часткі першай артыкула 77).

З матэрыялаў справы вынікае, што з іскавай заявай у эканамічны суд г. Мінска аб прыцягненні грамадзяніна (былога дырэктара арганізацыі-даўжніка) да субсідыярнай адказнасці звярнуўся антыкрызісны кіраўнік, які прадставіў у якасці доказу віны гэтага грамадзяніна рашэнне і акт праверкі падатковага органа — ІМПЗ.

У сваю чаргу, грамадзянін, не згодны з вывадамі падатковага органа, абскардзіў рашэнне ІМПЗ у суд Фрунзенскага раёна г. Мінска, які вядзенне па грамадзянскай справе спыніў з прычыны адсутнасці ў заяўніка права абскардзіць дзеянні падатковых органаў.

У пастанове суда ўказана, што згодна з артыкулам 85 ПК права абскардзіць рашэнні падатковых органаў, дзеянні (бяздзейнасць) іх службовых асоб мае плацельшчык (іншая абавязаная асоба). Прымаючы да ўвагі, што прыватнае прадпрыемства знаходзіцца ў працэдуры банкруцтва, суд спаслаўся на артыкул 86 Закона аб банкруцтве, якім прадугледжана, што з дня вынясення эканамічным судом пастановы аб адкрыцці конкурснага вядзення да антыкрызіснага кіраўніка пераходзяць паўнамоцтвы кіраўніка і іншых органаў кіравання даўжніка — юрыдычнай асобы, а таксама ўласніка маёмасці даўжніка — унітарнага прадпрыемства. У сувязі з гэтым пры наяўнасці пярэчанняў па рашэнні аб даналічэнні сум падаткаў (збораў) з боку кіраўніка даўжніка, на якога ў адпаведнасці з Законам аб банкруцтве можа быць ускладзена субсідыярная адказнасць па абавязацельствах даўжніка, адпаведнае хадайніцтва можа быць пададзена ім антыкрызіснаму кіраўніку для падачы апошнім скаргі ў парадку, устаноўленым артыкулам 86 ПК, паколькі, зыходзячы з палажэнняў артыкула 86 Закона аб банкруцтве, права абскарджання рашэнняў даўжніка можа быць рэалізавана ад імя даўжніка антыкрызісным кіраўніком.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў разглядаемай сітуацыі існуе канфлікт інтарэсаў. З аднаго боку, антыкрызісны кіраўнік абавязаны падаваць іскі аб прыцягненні да субсідыярнай адказнасці кіраўніка арганізацыі-даўжніка (артыкул 77 Закона аб банкруцтве), у тым ліку былога, а з другога — з улікам палажэнняў артыкула 86 Закона аб банкруцтве яму прапануецца абараняць інтарэсы такога кіраўніка ў парадку, устаноўленым артыкулам 86 ПК.

4.2. Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыцягненне асоб, якія выклікалі эканамічную неплацежаздольнасць (банкруцтва) арганізацыі, да субсідыярнай адказнасці ў большасці выпадкаў звязана з парушэннем арганізацыяй-даўжніком падатковага заканадаўства, выяўленым у выніку падатковай праверкі.

Згодна з пунктам 60 Палажэння ў акце праверкі падатковага органа павінны быць указаны, у прыватнасці, апісанне факта парушэння заканадаўства, месца і час яго ўчынення, акты заканадаўства, патрабаванні якіх парушаны, і (або) прадугледжаная заканадаўчымі актамі адказнасць за такое парушэнне; памер прычыненай шкоды (пры яе наяўнасці) і іншыя вынікі выяўленых парушэнняў; пасады, прозвішчы і ініцыялы асоб, дзеянні (бяздзейнасць) якіх пацягнулі парушэнні правяраемым суб'ектам заканадаўства.

На падставе акта праверкі, за выключэннем акта праверкі, у якім фіксуецца толькі факт учыненага адміністрацыйнага правапарушэння і не праводзяцца даналічэнне падаткаў, збораў (пошлін) і (або) налічэнне пені, на працягу 30 рабочых дзён з дня яго ўручэння (накіравання) плацельшчыку (іншай абавязанай асобе) або яго прадстаўніку, а ў выпадку падачы пярэчанняў — з дня ўручэння (накіравання) плацельшчыку (іншай абавязанай асобе) або яго прадстаўніку заключэння па гэтых пярэчаннях кіраўніком (яго намеснікам) падатковага органа ў межах яго кампетэнцыі выносіцца рашэнне па акце праверкі і (або) патрабаванне (прадпісанне) аб устараненні парушэнняў, устаноўленых у ходзе правядзення праверкі (пункт 8 артыкула 78 ПК).

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што асоба, указаная ў акце праверкі падатковага органа як асоба, якая дапусціла сваімі дзеяннямі (бяздзейнасцю) парушэнне падатковага заканадаўства, але спыніла працоўныя адносіны з арганізацыяй-даўжніком, у адпаведнасці з устаноўленым у ПК парадкам абскарджання рашэння падатковага органа права на абскарджанне такога рашэння ў цяперашні час не мае.

Зыходзячы з таго, што рашэннем падатковага органа аб даналічэнні сум падаткаў (збораў) па абавязацельствах арганізацыі-даўжніка могуць закранацца правы і законныя інтарэсы не толькі плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін), але і іншых асоб (уласніка маёмасці арганізацыі-даўжніка, заснавальніка (удзельніка), кіраўніка арганізацыі-даўжніка, у тым ліку былых), якія ў сілу заканадаўства Рэспублікі Беларусь падлягаюць прыцягненню да субсідыярнай адказнасці, Канстытуцыйны Суд лічыць, што гэтыя асобы ў мэтах своечасовай і эфектыўнай абароны іх правоў і законных інтарэсаў гэтак жа, як і плацельшчыкі (іншыя абавязаныя асобы), павінны мець права на абскарджанне рашэння падатковага органа, дзеянняў (бяздзейнасці) яго службовых асоб.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дзяржава абавязана забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40 Канстытуцыі) і доступ да правасуддзя кожнай асобе (артыкул 60 Канстытуцыі), чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннямі падатковых органаў, дзеяннямі (бяздзейнасцю) іх службовых асоб.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць уніфікацыі падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з падатковым заканадаўствам Расійскай Федэрацыі з мэтай устанаўлення сходных механізмаў прававога рэгулявання ў падатковай сферы ў рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Так, згодна з Падатковым кодэксам Расійскай Федэрацыі кожная асоба мае права абскардзіць акты падатковых органаў ненарматыўнага характару, дзеянні або бяздзейнасць іх службовых асоб, калі, па меркаванні гэтай асобы, такія акты, дзеянні або бяздзейнасць парушаюць яго правы (частка першая артыкула 137); акты падатковых органаў ненарматыўнага характару, дзеянні або бяздзейнасць іх службовых асоб могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы падатковы орган і (або) у суд у парадку, прадугледжаным дадзеным Кодэксам і адпаведным працэсуальным заканадаўствам Расійскай Федэрацыі (частка першая пункта 1 артыкула 138).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у іншых асоб, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннем падатковага органа, у адрозненне ад асоб, вызначаных у артыкуле 85 ПК, права на абскарджанне такога рашэння абмяжоўвае іх права на судовую абарону, не забяспечвае справядлівасць судовага рашэння, у сувязі з чым не захоўваецца баланс публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў. Нарматыўна-прававая рэгламентацыя, пры якой магчымасць ініцыіравання ацэнкі судом законнасці актаў падатковых органаў залежыць ад меркавання іншых асоб, не забяспечвае вяршэнства норм Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму права на судовую абарону, не дазваляе ўсім зацікаўленым асобам належным чынам абараняць свае правы і законныя інтарэсы, не садзейнічае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.

Такім чынам, дзеючае ў цяперашні час прававое рэгуляванне абскарджання рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб не можа быць прызнана дастатковым для забеспячэння поўнай і эфектыўнай судовай абароны правоў і свабод як неабходнага элемента канстытуцыйна-прававога рэжыму, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права і прававой дзяржавы. Зніжэнне ўзроўню гарантый судовай абароны асоб, правы і законныя інтарэсы якіх, па іх меркаванні, парушаюцца рашэннямі падатковых органаў, у параўнанні з асобамі, права якіх на аспрэчванне такіх рашэнняў вызначана ў заканадаўчым парадку, нельга прызнаць справядлівым і суразмерным канстытуцыйна абараняемым інтарэсам.

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, згодна з якімі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7), дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, а дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59), лічыць неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб у частцы адсутнасці такога права ў іншых асоб, якія не з'яўляюцца плацельшчыкамі (іншымі абавязанымі асобамі), чые правы і законныя інтарэсы могуць быць закрануты рашэннямі падатковых органаў, дзеяннямі (бяздзейнасцю) іх службовых асоб.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЎ:

1. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону прызнаць неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб шляхам унясення ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненняў і дапаўненняў, якія прадугледжваюць права кожнай асобы на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, калі, па меркаванні асобы, такія рашэнні, дзеянні або бяздзейнасць парушаюць яе правы і законныя інтарэсы.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч

26 красавіка 2016 г.

г. Мінск

№ Р-1030/2016

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...