Вы тут

Найбольш папулярныя для беларусаў — Егіпет і Балгарыя


Як адрэагаваў турыстычны рынак на сусветныя падзеі? На якія замежныя краіны сёлета нашы турысты больш звяртаюць увагу і ці варта чакаць павелічэння патоку ўязнога і ўнутранага турызму? Якія новыя турыстычныя прадукты можа прапанаваць цяпер наша краіна і якія меры прымаюцца для спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і іншымі дзяржавамі? На гэтыя і іншыя пытанні падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА адказвалі намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл ПАРТНОЙ і начальнік філіяла «Белінтурыст» РУП «Цэнтркурорт» Аляксей СТРЭЛЬЧАНКА.


Турцыя больш не ў фаворы

Міхаіл Партной адзначыў, што, па ацэнцы спецыялістаў, сёлетні ТОП-10 для нашых суайчыннікаў — гэта Егіпет, Балгарыя, Чарнагорыя, Грузія, Іспанія, Турцыя, Крым, Тайланд, Канарскія астравы і Грэцыя. І гэта пры тым, што эксперты міністэрства рэкамендавалі нашым патэнцыйным спажыўцам устрымацца ад паездак у Егіпет. Але, мабыць, крытэрыі «кошт-якасць» адыгрываюць сваю ролю. Тут трэба звярнуць увагу, што ў дзясятцы з'явіліся новыя гульцы ў параўнанні з 2015-м. Гэта Чарнагорыя, Грузія і Канарскія астравы. Раней турэцкі кірунак быў абавязкова ў лідарах (у 2014-м ён займаў першае, а летась — другое месца).

На гэты конт Аляксей Стрэльчанка адзначыў, што ў ТОП-10 расстаноўка сіл мяняецца перш за ўсё за кошт краін традыцыйнага адпачынку — поўначы Афрыкі, рэйтынг якіх у вачах спажыўцоў апусціўся па прычыне тэрарыстычнай небяспекі. Праз гэта пацярпела і Турцыя, якая шмат гадоў была вызначальнай краінай для беларускага рынку. Але прадстаўнік «Цэнтркурорту» ўдакладняе, што беларускі рынак Турцыя не пакідае, і рэйсы туды заяўлены. Іншая справа, што нацыянальны авіяперавозчык, які ажыццяўляе ўсе чартарныя праграмы ў краіне, падышоў больш узважана да колькасці рэйсаў. Значна скарацілася і колькасць заказчыкаў на Турцыю. Спецыялісты «Белінтурыста» адзначаюць, што кансерватыўныя людзі старэйшага пакалення ад 50 гадоў, якія больш давяраюць друкаваным і тэлевізійным СМІ, сапраўды напалоханы падзеямі ў Турцыі і не плануюць там свой адпачынак, нават калі ў папярэднія гады праводзілі водпуск менавіта там. Што тычыцца моладзі, то з ёй не ўсё так адназначна. На першае месца яна ставіць грошы, а рызыка адыходзіць на другі план.

Шанаваць сваё родненькае

Міхаіл Партной запэўніў, што Мінспорту будзе найперш падтрымліваць уязны і ўнутраны турызм. Менавіта гэты напрамак прыносіць краіне валюту.

Намеснік міністра лічыць, што на тэрыторыі нашай краіны хапае ўнікальных мясцін, якія заўсёды зацікавяць замежных турыстаў. У нашай кампактнай краіне з невялікім насельніцтвам ёсць чатыры аб'екты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Для Беларусі гэта няблага. На ўсю Расію ўсяго толькі 27 падобных аб'ектаў.

Акрамя таго, у нашай краіне існуе 5,5 тысячы аб'ектаў, прызнаных культурнай спадчынай Беларусі. Ацэнку ўнутранаму турызму нашай дзяржавы даў кіраўнік Сусветнай турысцкай арганізацыі Талеб Рыфаі, калі летась наведваў Беларусь. Па выніках свайго падарожжа чыноўнік зрабіў аўтарытэтную заяву аб тым, што інфраструктура, якая ў нас ужо ёсць, дазваляе на гэтым сегменце зарабляць нармальныя грошы. Адзінае —- трэба больш заяўляць аб сабе на сусветнай медыяпрасторы.

Іспанія таннейшай не стане

Чаканні нізкіх цэн па традыцыйных выязных напрамках не заўсёды апраўданыя, лічыць Аляксей Стрэльчанка.

Сёлета ў сувязі з неспакойнай сітуацыяй у Еўропе і ў свеце прафесіяналы чакалі памяншэнне турпатокаў і думалі, што хатэльеры (уласнікі гатэляў) знізяць цэны. Аднак па Іспаніі, якая і ў нас вельмі папулярная і куды ёсць не толькі авіяцыйныя рэйсы, але і аўтобусныя праграмы, цяпер назіраецца рост цэн на гатэлі. Чаму?

Таму што пасля турэцкага напрамку і Егіпта для расійскіх турыстаў найбольш прывабнай з'яўляецца менавіта Іспанія. Сюды попыт расіян павялічыўся, а таму ўжо і няма падставы хатэльерам зніжаць кошты.

Замест Крыма — Краснадарскі край

Аляксей Стрэльчанка паведамляе, што для іх кампаніі досыць новым і запатрабаваным кірункам сталі курорты Краснадарскага краю. Такога попыту на курорты Краснадара ў Беларусі раней не назіралася ніколі. І гэта не выпадковасць. Людзі шукаюць нейкую замену Крыму. У ранейшых маштабах ён выпаў з актыўных продажаў, таму што няма прамой перавозкі. Акрамя таго, у параўнанні з Крымам краснадарскія курорты павінны быць сапраўды таннымі. Аднак даступнасць гэтых курортаў цяпер пад вялікім пытаннем.

Справа ў тым, што тураператары Расіі актыўна пераарыентуюць унутраны рынак на ўласныя курорты. У выніку назіраецца каласальны рост наведвальнасці менавіта Краснадарскага края. Напрыклад, узяць вядомы санаторый «Белая Русь» у Туапсэ. Калі летась у красавіку пуцёўкі на летні сезон былі ў продажы, то сёння прапанова там ужо адсутнічае. Таму чакаць тэндэнцыі зніжэння коштаў па гэтым кірунку бессэнсоўна. Кампаніі сур'ёзна разглядаюць курорты Краснадарскага края ў якасці папулярнага кірунку.

Рэзервовы фонд пры форс-мажоры

Пры падрыхтоўцы новага закона «Аб турызме» не адзін раз уздымалася тэма стварэння фонду дапамогі турыстам у экстранных сітуацыях. На гэты конт Міхаіл Партной паведаміў, што прапануецца ўвесці фінансавыя гарантыі і стварыць на базе грамадскага аб'яднання кампенсацыйны фонд.

Грошы будуць збірацца, напэўна, з кожнай пуцёўкі, дапусцім па 50 цэнтаў, а потым пералічвацца ў фонд. Гэта істотна не паўплывае на цану пуцёўкі. Пэўная частка сродкаў фонду дасць магчымасць кампенсаваць форс-мажорныя абставіны. Справа ў тым, што пры банкруцтве турфірмы пацярпелыя людзі могуць гадамі чакаць вяртання сваіх грошай. А са стварэннем фонду чалавек будзе гарантавана абаронены. Цяпер неабходна, каб такую прапанову падтрымалі дэпутаты.

Чакаем вяртання расіян

Для большасці айчынных санаторыяў і дамоў адпачынку Расія з'яўляецца стратэгічным партнёрам. Міністэрства правяло вельмі актыўную маркетынгавую палітыку па асноўных багатых расійскіх рэгіёнах: Масква, Піцер, Новасібірск, Казань і інш. Напярэдадні новага сезона запланаваны сустрэчы ў Мінску з кіраўніком «Растурызму» Алегам Сафонавым. Ён прывозіць з сабой асноўных тураператараў, якія працуюць на выезд. Міхаіл Партной спадзяецца, што зніжэнне патоку расійскіх турыстаў будзе кампенсавана. «Я за тое, каб мы бралі аб'ёмамі, каб нашы санаторыі і гасцініцы былі запоўненыя, і мы на гэтым зараблялі. А не так, як на сённяшні дзень: і гасцініцы недастаткова запоўненыя, і санаторыі. Але пакуль існуе попыт на нашы прапановы, цана змяншацца не будзе. Хутчэй за ўсё, па пэўных параметрах і ў пэўных санаторыях, дзе добрыя продажы, яна можа сёлета нават павялічыцца», — удакладніў намеснік міністра.

У сваю чаргу, Аляксей Стрэльчанка паведамляе, што, паводле вынікаў першага квартала прадпрыемства «Цэнтркурорт», адзначаецца паляпшэнне сітуацыі ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Вяртанне расіян на свой унутраны рынак закранула нас са станоўчага боку. Цяпер назіраецца рост цікавасці да нашай краіны, павелічэнне попыту — і па санаторыях, і па экскурсійных праграмах.

Без абмежаванняў

Не сакрэт, што адной з важных прычын, якія стрымліваюць уязны турызм у Беларусь, з'яўляюцца візавыя абмежаванні (высокі кошт, складаная працэдура атрымання, немагчымасць аформіць для турыстаў шматразовыя візы праз турыстычныя кампаніі). Нядаўна Мінспорту і турызму чарговы раз выступіла з прапановай спрасціць візавы рэжым для грамадзян спрыяльных у міграцыйным плане дзяржаў. Раней абмяркоўвалася магчымасць дазволіць турыстам уезд без візы на тры дні, прапаноўвалася таксама зрабіць візы бясплатнымі для гасцей турыстычных мерапрыемстваў. Ці магчыма ў гэтым напрамку чакаць прарыву ўжо сёлета?

Міхаіл Партной лічыць, што гэту тэму неабходна развіваць, аднак усё рухаецца не так хутка, як хацелася б. «Мы ўвялі бязвізавы рэжым з Турцыяй, потым з Ізраілем, спрасцілі візавы рэжым з Кітаем, адмянілі візу для наведвання Белавежскай пушчы тэрмінам да трох дзён. Як толькі гэта здарылася, колькасць наведвальнікаў у Белавежскай пушчы павялічылася ў паўтара раза. Сёння мы займаемся палёгкай або спрашчэннем візавых працэдур для бяспечных у міграцыйным плане краін разам з усімі зацікаўленымі органамі — міністэрствамі замежных спраў, эканомікі, фінансаў. У мяне ёсць вялікая надзея, што ў найбліжэйшы час такое рашэнне будзе прынята. Еўрапейцы адвыклі ад віз, і для іх праблемна праходзіць гэтую нашу адміністрацыйную працэдуру».

Адзіны турыстычны партал — ужо сёлета

Спадар Партной упэўнены, што такі турыстычны партал краіне неабходны, але гэтая праца не хуткая. Напрыклад, Грузія два гады займалася прасоўваннем сваёй праграмы і ўклала на рэалізацыю даволі вялікія сродкі. Наша краіна тут рухаецца па некалькіх напрамках. Нацыянальнае агенцтва па турызме нарошчвае інфармацыйны складнік. А што тычыцца продажу прадукту ў рэжыме анлайн, гэтым займаюцца туркампаніі, у тым ліку «Цэнтркурорт». Нацыянальны турыстычны рэсурс адзінага інтэрнэт-партала будзе мець назву Ветліва.bу. Па яго стварэнні ўжо праведзена пэўная праца, «Цэнтркурорт» мае досвед у гэтым кірунку яшчэ з чэмпіянату свету па хакеі. Да канца года міністэрства плануе запусціць гэты прадукт.

Зніжкі ніхто не адменіць

Апошнім часам ішлі размовы пра тое, што туркампаніі могуць увогуле адмовіцца ад сезонных зніжак. На гэты конт Міхаіл Партной паведаміў, што сапраўды некаторыя беларускія турфірмы абвясцілі, што з 11 сакавіка больш не будуць даваць неабгрунтаваных зніжак турыстам, але гэтага не адбылося таму, што рынак дыктуе свае ўмовы — ёсць попыт і ёсць прапанова, ёсць рыначныя адносіны. Але таксама ёсць і пэўныя рэчы, якія прыводзяць, напрыклад, да такіх падзей, як з «Аўрора Тур», якая складала дагаворы і дзейнічала па шэрых схемах. Да такіх зніжак трэба падыходзіць вельмі асцярожна, таму што людзі могуць пацярпець. Што тычыцца ранняга браніравання і гарачых тураў, то яны існавалі і будуць існаваць.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ляцім да мора?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.