Вы тут

Не «прачэсваць» вадаёмы круглы год, а купіць квоту на пэўны час


Дзяржаўная інспекцыя аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прапануе забараніць выкарыстанне падчас веснавога нерасту прамысловых прыладаў лоўлі на тых вадаёмах, якія перададзены ў арэнду для рыбаводства.


У гэты перыяд абмежаванні тычацца як рыбаловаў-аматараў (у фондзе запасу і вадаёмах, арандаваных для арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства), так і прамысловай лоўлі. У той жа час водныя аб'екты, перададзеныя ў арэнду для рыбаводства, пад дзеянне Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства не трапляюць, і, такім чынам, нераставая забарона на іх не распаўсюджваецца. Пры гэтым такіх вадаёмаў па ўсёй краіне налічваецца больш за 500.

Карыстаючыся адсутнасцю забароны, арандатары рыбаводных аб'ектаў у перыяд нерасту актыўна выкарыстоўваюць прамысловыя прылады лоўлі — сеткі і невады, што выклікае справядлівую негатыўную рэакцыю грамадзян. Тым больш што сваю рыбагаспадарчую дзейнасць арандатары, як правіла, вядуць на аснове абарыгенных відаў рыбы. Такія дзеянні да таго ж супярэчаць рыбаводным нормам, паводле якіх абловы сажалак павінны праводзіцца ў канцы вегетацыйнага перыяду, гэта значыць, у кастрычніку-лістападзе.

У сувязі з гэтым Дзяржінспекцыя прапанавала Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (якому прадастаўлена гэта права) устанавіць забарону на выкарыстанне ў перыяд веснавога нерасту прамысловых прыладаў лоўлі на тых вадаёмах, якія перададзены ў арэнду для рыбаводства.

Апроч таго, Дзяржінспекцыя выступае за паступовы пераход ад перадачы вадаёмаў у арэнду для промыслу да рэалізацыі квот на вылаў рыбы, якія будуць мець абмежаванні па часе. Прамысловыя брыгады не павінны круглы год «прачэсваць» вадаёмы сваімі сеткамі. Купіўшы квоту, яны абавязаны будуць вылавіць дазволеную колькасць рыбы за вызначаны тэрмін (напрыклад, за тры восеньскія месяцы). Увесь астатні час вадаёмы будуць у распараджэнні рыбаловаў-аматараў.

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.