Вы тут

Беларусь і Эквадор робяць крокі насустрач


Учора нашу краіну ўпершыню за гісторыю двухбаковага супрацоўніцтва наведала парламенцкая дэлегацыя гэтай рэспублікі. Падчас афіцыйнага візіту замежныя парламентарыі правялі перамовы са спікерамі абедзвюх палат беларускага парламента, напрыканцы чаго былі падпісаны пагадненні аб далейшай працы паміж Нацыянальным сходам Беларусі і Лацінаамерыканскім парламентам (ПАРЛАЦІНА), а таксама беларускім і эквадорскім парламентамі.


Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў, адзначыў, што Беларусь зможа прыняць актыўны ўдзел у мадэрнізацыі эканомікі, якая цяпер праводзіцца ў Эквадоры. «Напрыклад, мы маглі б пастаўляць кар'ерную тэхніку», — прапанаваў ён і дадаў, што перспектыўнымі кірункамі могуць стаць продаж беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і ўдзел ва ўзвядзенні лініі электраперадач. Пры гэтым узаемны таваразварот у 77 мільёнаў долараў у мінулым годзе відавочна можна павялічыць — магчымасцяў для гэтага дастаткова.

На думку старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла МЯСНІКОВІЧА, парламенцкае вымярэнне ўзаемаадносін дазваляе весці паўнавартасны дыялог паміж нашымі дзяржавамі. Ён станоўча ацаніў яго ўзровень: «Мы дамовіліся, як прасоўваць тыя праекты, якія ёсць сёння. Асабліва ў вобласці нафтараспрацоўкі, выкарыстання нетраў і актывізацыі пытанняў, звязаных з супрацоўніцтвам у сферы аграпрамысловага комплексу». Сенатар падкрэсліў, што на гэты момант важна скончыць працу па падпісаных раней пагадненнях і прыступіць да заключэння новых, з якіх асноўныя — аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, абароне інвестыцый і ўзаемным прызнанні дыпломаў ВНУ.

Эквадорская дэлегацыя ганарыцца фактам візіту ў Беларусь, запэўніла старшыня Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Эквадор Габрыэла Рывадэнейра Бурбана. «Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ажыццяўляецца на аснове прынцыпаў павагі свабоды, правоў чалавека, суверэнітэту. Хацелася б зазначыць той факт, што размова ідзе пра народы Лацінскай Амерыкі, якія на працягу працяглага часу знаходзіліся на задворках гісторыі. Сёння вельмі важна, што наша супрацоўніцтва адбываецца на раўнапраўным узроўні для захавання мультыпалярнасці свету», — лічыць эквадорскі парламентарый.

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.