Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Вікторыя Азаранка выйграла чарговы турнір у кар'еры і вярнулася ў топ-10 найлепшых тэнісістак планеты, беларускія біятланісты завяршылі выступленне на Кубку свету, і нарэшце сталі вядомыя фіналісты чэмпіянату краіны па хакеі. Пра самыя актуальныя навіны спорту — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Вікторыя Азаранка другі раз за сваю кар'еру стала пераможніцай турніру катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Індыян-Уэлсе (прызавы фонд — $6 млн). У фінальным паядынку, які працягваўся паўтары гадзіны, беларуска сустрэлася з першай ракеткай свету амерыканкай Серэнай Уільямс. Вікторыя паказала выдатную гульню і перамагла ў двух сэтах — 6:4, 6:4. Адзначым, што ў 20 папярэдніх матчах Азаранка толькі тройчы перамагала грозную амерыканку.

Прэзiдэнт Беларусi, прэзiдэнт Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта Аляксандр Лукашэнка павiншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусi па тэнiсе Вiкторыю Азаранку з перамогай на турнiры BNP Paribas Ореn.

«Уся краiна, мiльёны тваiх прыхiльнiкаў i аматараў тэнiса з замiраннем сэрца сачылi за цяжкiм i эмацыйным фiналам у Iндыян-Уэлсе памiж дзвюма наймацнейшымi тэнiсiсткамi планеты», — гаворыцца ў вiншаваннi. Кiраўнiк дзяржавы падзякаваў Вiкторыi Азаранцы за тое, што яна выстаяла ў гэтым супрацьстаяннi, праявiўшы найлепшыя якасцi беларускага народа.

У сацыяльных сетках з такім поспехам сваю суайчынніцу павіншавала не менш знакамітая беларуская спартсменка Дар'я Домрачава.

— Мае віншаванні Вікторыі! 6:4 — выдатная работа! Цудоўная гульня! — напісала Дар'я на сваёй старонцы.

Перамога на кортах Індыян-Уэлса дазволіла Вікторыі вярнуцца ў топ-10 сусветнага рэйтынгу, цяпер 26-гадовая беларуска займае 8-ы радок, лідарства па-ранейшаму ўтрымлівае Серэна Уільямс. Нагадаем, у гэтым сезоне Азаранка таксама выйграла спаборніцтвы ў аўстралійскім Брысбене, а ўсяго ў яе паслужным спісе 19 перамог на прафесійных турнірах пад эгідай ВТА.

2. Завяршыўся розыгрыш Кубка свету па біятлоне, апошні этап прайшоў у расійскім Ханты-Мансійску. У нядзелю з-за ўмоў надвор'я былі адменены дзве заключныя гонкі — жаночы і мужчынскі мас-старты.

Уладальнікам Вялікага хрустальнага глобуса ў мужчын стаў француз Мартэн Фуркад, у жанчын — Габрыэла Саўкалава з Чэхіі. Найлепшы вынік на Кубку свету ў зборнай Беларусі ў Надзеі Скардзіны — 19 месца ў агульным заліку.

Тым часам, куды лепшыя месцы заваёўваюць юніёры. Маладая беларуска Дар'я Блашко выйграла агульны залік юніёрскага Кубка ІБУ, Дар'я перамагла і ў заліку спрынтарскіх гонак. Прадстаўнік мужчынскай часткі юніёрскай каманды Віктар Крыўко стаў двухразовым чэмпіёнам Еўропы. На кантынентальным першынстве ў Паклюцы беларус услед за індывідуальнай гонкай выйграў і спрынт.

3. Няўдачы на міжнародных турнірах пацярпелі гандбалісты адразу двух вядучых клубаў краіны. Мінскі СКА спатыкнуўся ў паядынку групавога этапу розыгрышу Кубка ЕГФ, армейцы саступілі швейцарскаму «Вінтэртуру» з лікам 24:32. Гэта значна скараціла шанцы мінчан на выхад у плэй-оф, каб заняць другое месца ў групе і атрымаць магчымасць пропуску ў чвэрцьфінал, падапечным Спартака Мірановіча ў заключным матчы 27 сакавіка трэба абыграць французскі «Сен-Рафаэль».

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў у хатнім матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў польскаму «Віве» з Кельцаў — 28:32. Паядынак у адказ пройдзе 26 сакавіка ў Польшчы.

— Каб праходзіць у чвэрцьфінал, нам трэба шмат працаваць. Пастараемся палепшыць нашу гульню і ў абароне, і ў нападзенні. Мне здаецца, што будзе вельмі цяжка. І павінен адбыцца цуд, каб мы абыгралі на выездзе «Віве» ў пяць мячоў, — адзначыў галоўны трэнер БГК Сяргей Бябешка.

4. Салігорскі «Шахцёр» і мінскае «Юнацтва» выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе. Сталічныя хакеісты ў паўфінале аказаліся мацнейшымі за сапернікаў з Гродна, а хакеісты «Шахцёра» на шляху да фіналу абыгралі «Гомель».

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Перамога, якую мы так чакалі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.