Вы тут

Як перамагчы залежнасць ад залежнага і пачаць жыць?


«Я лепш за цябе ведаю, што табе трэба», «Я праз цябе пакутую, табе трэба змяніцца, каб мне стала лягчэй», «Усё раблю як належыць, але... дзе радасць? На што траціцца маё жыццё?». Чым больш у нас думак такога кшталту, тым бліжэй мы да сузалежнасці. Гэта такі стан, калі настрой залежыць ад навакольных людзей больш, чым ад нас саміх, і тады... мы пачынаем тлумачыць іншым, як яны павінны сябе паводзіць. Мы ўгаворваем, прыводзім аргументы або горка рыдаем. Многія з нас думаюць, што блізкія стасункі толькі такімі і бываюць, што гэта лёс. Але гэта не так, гэта цалкам наш выбар!


Сузалежнасць і прывязанасць — не адно і тое ж. Калі псіхолагі кажуць пра сузалежнасць, яны маюць на ўвазе ўзаемнае выкарыстанне, узаемны ўдзел партнёраў у стварэнні хваравітых стасункаў. Прывязанасць можа быць аднабаковай, абмяжоўваць толькі свабоду таго, хто «прывязаўся». І сузалежнасць, і прывязанасць нярэдка ўспрымаюцца як праявы кахання. Але гэта яго сурагаты — яны нараджаюцца якраз там, дзе любові няма. Сузалежнасць нараджае спачатку ўзаемныя негатыўныя перажыванні, пасля ўзаемныя пакуты, пасля ўзаемную хваробу. Каханне дае безліч самых розных перажыванняў, паўнату жыцця, творчасць і здароўе. Каханне — гэта сцвярджэнне свабоды іншага чалавека. А прывязанасць непазбежна абмяжоўвае нашу свабоду,

Сузалежнасць — гэта тое, што адбываецца з людзьмі, якія акаляюць алкаголіка. У гэтай з'явы, як і ў самой залежнасці, ёсць свае законы, агульныя рысы, якія не звязаны з нейкімі індывідуальнымі рысамі носьбіта захворвання. Гэта важна разумець, таму што непрызнанне свайго хваравітага стану таксама лічыцца адной з праяў хваробы.

Паводле слоў урача-псіхатэрапеўта Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталлі ФАЦЕЕВАЙ, звычайныя стэрэатыпы даюць нам падказку, што сузалежны — гэта жанчына, жонка алкаголіка з абмежаваным інтэлектам («толькі дурніца можа жыць з такім»). Уяўленне малюе слабую, забітую асобу, якая не зважае на ўласны выгляд, у яе вачах застыў страх. Бываюць і такія выпадкі, але нячаста.

Для спецыяліста відавочна, што добра апранутая жанчына, кіраўнік вялікай арганізацыі, якая цалкам прысвячае сябе агульнай справе, моцная і жорсткая, проста баіцца ісці дадому і таму топіць сябе ў працы... Калі ж мужчына бярэ на сябе адказнасць за тое, што адбываецца з жонкай, спрабуючы гераічна «вырашыць яе праблему», у яго на твары з'яўляецца выраз байца, які выконвае спецыяльную місію. Але ніхто не даведаецца, наколькі ён нешчаслівы.

У любым выпадку сузалежныя — гэта тыя людзі, якія не могуць сабе дазволіць быць шчаслівымі.

Адмова ад дапамогі ў такіх людзей выражаецца па-рознаму. Многія сузалежныя настойліва цікавяцца ўсім, што можна зрабіць, але не для сябе, а для хворага — яны не прызнаюць такім чынам, што ім самім дапамога патрэбна не менш, чым алкаголіку.

У чым жа заключаецца сузалежнасць?

У хранічным страху — пастаянным яго перажыванні. Сузалежны не можа зразумець ход думак алкаголіка, а таму пастаянна баіцца. Страх — пачуццё прыніжальнае. А таму чалавек пачынае перажываць адчуванні, якія павінны перавысіць страх. Як правіла, гэта адчуванне сваёй гіперзапатрабаванасці. Менавіта гіпер! Бо толькі цяжкія, ненармальныя адчуванні здольны схаваць пад сабой гэты страх. У набор падобных перажыванняў уваходзяць таксама агрэсія, перфекцыянізм, ахвярнасць, тэарэтызаванне, асуджанасць... У гэтага «д'ябла» шмат твараў.

Асоба сузалежнага не менш супярэчлівая, чым асоба алкаголіка. Яны разумеюць, што алкагалізм — хвароба невылечная, але патрабуюць прымусовага лячэння.

Гэта паказальна падчас адмовы ўрача імплантаваць пацыенту капсулу Эспераль. Урач тлумачыць, што хворы не хоча «завязваць». Калі ж на фоне «падшывання» пачаць ужываць алкаголь, то можна апынуцца ў рэанімацыі, стаць інвалідам і нават памерці.

— Дык хай памірае, а стане інвалідам — буду даглядаць, усё роўна мне не жыць...

— Калі так усё дрэнна, можна і разысціся, — падказвае ўрач цывілізаваны шлях.

— Што вы, без мяне ён загіне!

— Але вы ж толькі што хацелі яго пахаваць...

Спрабуючы «падагнаць» сваю логіку пад тое, што адбываецца, сузалежны пачынае шукаць вінаватых. Вінаватымі аказваюцца сябры, праца, час, вытворцы гарэлкі, урад, самі сузалежныя... Да ўсіх гэтых людзей і з'яў нараджаецца нянавісць. Жонкі алкаголікаў ахвотна ўключаюцца ў барацьбу з п'янствам, рэкламай алкаголю, нарколагамі, не здольнымі адвярнуць іх мужа ад выпіўкі... Прызнаць жа, што праблема — унутры саміх сузалежных, аказваецца вышэй іх сіл.

Самае важнае — прызнаць, што праблема ёсць не толькі ў залежнага, а ў мяне, сузалежнага. Толькі тады праблема ператворыцца ў задачу. А да таго сузалежныя дэманструюць надта бурны адчай, прадпрымаюць безліч дзеянняў і пры гэтым паўтараюць: «Не ведаю, што рабіць, я ў разгубленасці». Нават разводы-расстанні будуць неэфектыўнымі, калі не ўбачыць сваю задачу.

Нярэдка, развітаўшыся з адным алкаголікам, чалавек знаходзіць яму на змену другога. Таму што ўсё яшчэ хочацца прынесці сябе некаму ў ахвяру, пераканаць сябе, што гэта нейкі «праклён» і «крыж».

Вырвацца з гэтага кашмару нялёгка, але магчыма. Пачніце вырашаць праблему і жыць. Жыць добра. І гэта не пажаданне, а рэкамендацыя спецыялістаў.
 

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Без мяне ён загіне!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.